Што ў Беларусі робяць для таго, каб рабатызацыя больш актыўна выкарыстоўвалася ў вытворчасці, расказалі прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, Банка развіцця і Міністэрства эканомікі ў эфіры АНТ.
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік адзначыў, што пры ўкараненні робатаў у вытворчасць упор неабходна рабіць на эфектыўнасць. «Недзе сапраўды патрэбны класічныя робаты з маніпулятарамі, недзе дастаткова аўтаматызаваць тэхналагічны працэс і дааснасціць канвеерную стужку. Дзесьці з мінімальнымі пераробкамі серыйны ўзор тэхнікі, што прадугледжвае кіраванне чалавекам, трэба ператварыць у беспілотны комплекс. Гэта дасць магчымасць скараціць час распрацоўкі і істотна зменшыць кошт», — падкрэсліў ён.
Пры гэтым у Беларусі распрацавана шырокая крэдытная прадуктовая лінейка для набыцця такіх «памочнікаў». Узяць у Банку развіцця для мадэрнізацыі сваёй вытворчасці можна да 100 млн бел. руб. «Аднак у асобных выпадках нават могуць прэтэндаваць да 200 млн бел. руб. Стаўка ў такім прадукце — ужо 6-7 працэнтаў гадавых на тэрмін 6 гадоў, далей рыначная стаўка на тэрмін да 15 гадоў. Я нават так скажу: тут сума можа быць нават не абмежавана», — расказаў намеснік начальніка ўпраўлення кліенцкага менеджменту Банка развіцця Валянцін Малін.
Першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец расказаў, што для ўкаранення робатаў або для стварэння саміх вытворчасцей робатаў у нашай краіне выкарыстоўваецца заканадаўчае стымуляванне і прадастаўленне прэферэнцый. «Такі праект нарматыўнага прававога акта намі падрыхтаваны. Ён цяпер знаходзіцца ўжо на завяршальнай стадыі ўзгаднення. Мы там прадугледжваем у першую чаргу льготы па падаткаабкладанні на прыбытак, ільготы па падатку на дабаўленую вартасць і шэраг новаўвядзенняў у рамках Парка высокіх тэхналогій», — звярнуў увагу ён.