Top.Mail.Ru

Рабатычны комплекс для аперацый запусцілі ў МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі

Рабатычны комплекс для аперацый пачаў працаваць у Мінскім навукова-практычным цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, паведаміў журналістам дырэктар цэнтра, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Алег Румо, паведамляе БелТА.


Паводле яго слоў, запуск такога комплексу — падзея ўнікальная. Гэта вынік вялікага сур’ёзнага шляху, які прайшоў цэнтр і ўся айчынная ахова здароўя, айчынная хірургія на шляху ўкаранення сучасных рабатычных комплексаў у шырокую клінічную практыку.

Абсталяванне, пастаўленае кітайскімі партнёрамі, з’яўляецца адным з самых сучасных у свеце. Такія хірургічныя комплексы даюць магчымасць праводзіць дыстанцыйна аператыўныя ўмяшанні, кансультаванне, што вельмі важна ў плане лічбавізацыі і канцэпцыі развіцця медыцынскай дапамогі насельніцтву Беларусі, згодна з якой кожны жыхар краіны незалежна ад месца пражывання павінен атрымліваць сучаснае хірургічнае лячэнне.

Першая аперацыя з выкарыстаннем рабатычнага комплексу праведзена пацыентцы з захворваннем жоўцевага пузыра і печані. «Наш цэнтр спецыялізуецца на лячэнні такіх пацыентаў, — сказаў Алег Румо. — З наступнага тыдня будуць выкананы першыя аператыўныя ўмяшанні ў новым уралагічным аддзяленні, якое мы адкрылі, каб максімальна выкарыстоўваць магчымасці рабатычнага комплексу». Паводле слоў дырэктара цэнтра, абсталяванне даказала найвышэйшую эфектыўнасць у галіне анкаўралогіі, пры правядзенні аперацый на прастаце і інш.

На базе МНПЦ арганізуецца навучальны цэнтр, які будзе праводзіць падрыхтоўку спецыялістаў па рабатычнай хірургіі. «Гэта магутны стымул для развіцця не толькі хірургіі, але і для прафесійнага росту нашых маладых спецыялістаў, якія за кароткі перыяд часу асвояць гэтыя рабатычныя комплексы, за якімі будучыня», — адзначыў Алег Румо.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю