Top.Mail.Ru

Пытанні рэгіянальнага ўзаемадзеяння маладзёжных парламентаў абмеркавалі ў Мінску

Сустрэча ў фармаце пасяджэння рабочай групы прайшла ўпершыню. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі актуальныя пытанні, якія датычацца маладзёжнай палітыкі, развіцця ініцыятыў і праектаў, накіраваных на падтрымку маладых людзей у розных сферах жыцця. Старшыні маладзёжных саветаў і парламентаў падзяліліся гісторыяй развіцця свайго органа, расказалі аб яго структуры, складзе, аб асноўных мерапрыемствах і ініцыятывах, якія рэалізуюцца ў тым ці іншым рэгіёне.


Маладыя актывісты з усёй краіны шукалі шляхі пашырэння актуальных кірункаў работы, паведамляюць «Мінск-навіны». Раней іх супрацоўніцтва насіла хутчэй кропкавы характар. Практыка паказала неабходнасць больш цеснага дыялогу, таму на сустрэчы абмяркоўвалі механізмы рэалізацыі сумесных праектаў. Самым маштабным з іх стане прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

— Такое мерапрыемства дапаможа яшчэ больш шчыльна і эфектыўна працаваць з маладзёжнымі саветамі ўсіх рэгіёнаў нашай краіны, трымаць руку на пульсе актуальных пытанняў у маладзёжным асяроддзі і, кансалідаваўшыся, выпрацоўваць тыя ці іншыя прапановы. Мы дамовіліся з маладымі парламентарыямі працягваць нашу работу і аб’яднаць намаганні па зборы прапаноў сярод членаў маладзёжных саветаў рознага ўзроўню, накіраваных на ўдасканаленне заканадаўства ў сферы маладзёжнай палітыкі, — сказала старшыня Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Аліна Рацькова.

— Быў зроблены важны крок для развіцця маладзёжнага парламентарызму ў Беларусі. Думаю, распрацоўка дакладнага механізма ўзаемадзеяння паміж усімі рэгіёнамі краіны па пытанні работы маладых парламентарыяў дапаможа выбудаваць сістэму нашай дзейнасці. Калі мы і далей будзем працаваць у такім фармаце, то зможам бачыць праблематыку ў рэгіёнах, а значыць, зможам сумесна вырашаць усе праблемы, якія існуюць у маладзёжным асяроддзі, — выказала меркаванне старшыня Маладзёжнага парламента пры Брэсцкім абласным Савеце дэпутатаў Лізавета Басалай.

Рабочая група стане пастаяннай пляцоўкай для абмеркавання пытанняў рэгіянальнага развіцця маладзёжных парламентаў. Плануецца, што ўдзельнікі будуць збірацца раз на тры месяцы.

Загаловак у газеце: Патрэбен больш цесны дыялог

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю