Top.Mail.Ru

Пытанне ўтрымання ў горадзе сяброў чалавека хвалюе не толькі іх гаспадароў

Жарсці на тэму сабак не сціхаюць у сацыяльных сетках, прычым да іх далучаюцца не толькі гаспадары жывёл, але і тыя, хто іх не трымае. Калі першых абурае неабходнасць рэгістраваць гадаванца і плаціць падатак, то другія скардзяцца, што гарады ператварыліся ў сабачыя туалеты і ўжо трэба для сабачнікаў уводзіць падатак за шкоду навакольнаму асяроддзю. Часам і некаторыя сабачнікі адзначаюць, што грэбуюць хадзіць тымі сцежкамі, па якіх ужо прайшліся іх несумленныя «калегі».


Абавязковая рэгістрацыя — гэта якраз і ёсць той першы крок да адказнага падыходу да ўтрымання жывёл, а таксама да ўмення чуць суседзяў. Напрыклад — пенсіянераў, якім будзе прыемна адпачыць ва ўтульных дворыках, мам, якім не хочацца аддзіраць сабачыя «сюрпрызы» ад дзіцячых чаравічкаў, бо не толькі сабакі, але і малыя любяць пабегаць па траве, школьнікаў, якія, замест таго каб назіраць, як вясной ажывае прырода, вымушаны выпрацоўваць прывычку ўсюды глядзець пад ногі, моладзь, якая зможа не баяцца прысесці на траву ў парку. Не дзіва, што ў TіkTok некаторыя людзі пішуць, што не хочуць, каб з іх падаткаў будаваліся пляцоўкі для выгулу, што самі гатовы «здаць» гаспадароў непрапісаных сабак, патрабуюць вялікіх штрафаў за парушэнне правілаў. Дарэчы, сёння гаспадара, які не прыбраў за сабачкам, могуць пакараць штрафам да 15 базавых велічынь.


Акрамя таго, рэгістрацыя і падатак прымусяць людзей задумацца і пра пытанне кантралявання колькасці гадаванцаў, сачыць, каб не было непажаданага прыплоду, што таксама прапісана законам. Некаторыя гараджане спадзяюцца, што шматкватэрныя дамы перастануць ператварацца ў гадавальнікі, дзе «і ўначы, і днём то там забрэша, то там завые», а гаспадары «хоць крыху думаць пачнуць», перш чым завесці новага гадаванца.


Асобныя дамы і кавалеры з сабачкамі заключаюць, што раз з іх будуць браць падатак, дык ужо і прыбіраць не трэба — за ўсё заплачана. Вы сур’ёзна? Гэта як патрабаваць за 4 рублі (прыкладна столькі складае падатак) на месяц знайсці чалавека, які будзе персанальна прыбіраць за вашым сабакам, дзяжурыць цэлымі днямі каля пад’ездаў і чакаць, калі вы з гадаванцам выберацеся на праменад! А калі дворнікаў прымусяць прыбіраць кожны сабачы «сюрпрыз», ці захочуць людзі наогул ісці ў гэту прафесію?

Нават будаўніцтва новых пляцовак для выгулу жывёл пытанне чыстых двароў не вырашае. Напэўна, многім даводзілася бачыць, як з пад’ездаў вылятаюць сабакі, часам выносячы за сабой гаспадароў, і месцяцца на найбліжэйшым газоне...


Некаторыя ўладальнікі сабак не бачаць нічога страшнага ў новаўвядзеннях. Такі падатак у нас быў і раней, проста не ўсім хацелася «засвечваць» сваю жывёліну. І гаспадары, якія з самага пачатку трымаюць сабаку па правілах, тлумачаць, што няма асаблівай праблемы ў тым, каб зарэгістраваць гадаванцаў (тым больш што працэдура бясплатная). Нават недарэчным падаецца, чаму так раздуваецца пытанне аб падатку на сабак, калі сёння многія гаспадары не шкадуюць грошай на цацкі і гардэроб гадаванцаў.

«Падатак на сабак у Германіі з ХІХ стагоддзя, у Аўстрыі, Швейцарыі, палове штатаў — таксама. Беларусь не першаадкрывальніца, а проста далучылася да сусветнай практыкі ўтрымання жывёл», — нагадваюць некаторыя каментатары ў TіkTok. Але няма чаго згадваць, што ў Еўропе на падатак будуецца сабачая інфраструктура, ставяцца ўрны з бясплатнымі біяразлагальнымі пакецікамі. Самі каментатары заўважаюць, што там такая сістэма выбудоўвался гадамі, ды і падаткі за мяжой значна большыя за тыя 4 беларускія рублі на месяц, на якія прырасце жыроўка ў гаспадароў сабак. Няма чаго патрабаваць урны і пляцоўкі для выгулу жывёл, калі добрай долі гадаванцаў як быццам бы не існуе. Калі стануць вядомы рэальныя лічбы, тады можна будзе падняць і ўсе гэтыя пытанні.

А ці можна паўплываць на суседзяў-сабачнікаў, якія не прыбіраюць за жывёламі, у тым ліку ў жылых памяшканнях і ў месцах агульнага карыстання? Спецыяліст па рабоце з насельніцтвам камунальнага ўнітарнага прадпрыемства ЖКГ № 1 Маскоўскага раёна Дар’я Северына заўважыла, што, безумоўна, гэта датычыцца санітарнага ўтрымання жылля, і нагадала, што па правілах у адным жылым памяшканні не павінна ўтрымлівацца больш дзвюх жывёл. Яна таксама папярэдзіла: пытанні рэгістрацыі сабак і адказнага стаўлення да іх утрымання ў горадзе бяруцца пад асаблівы кантроль. Гаспадары сабак не павінны парушаць правы іншых грамадзян, якія хочуць чысціні.

Згодна з Законам «Аб адказным абыходжанні з жывёламі» вызначаны правы і абавязкі гаспадароў. Там прапісана, што яны абавязаны «неадкладна забяспечваць уборку прадуктаў жыццядзейнасці жывёлы (за выключэннем сабакі-павадыра). Сёння ў многіх месцах стаяць відэакамеры і можна адсачыць парушальнікаў.

У сталіцы распачаўся традыцыйны марафон чысціні і добраўпадакавання: прыбіраецца смецце, вядзецца азеляненне, рамантуюцца пад’езды і дзіцячыя пляцоўкі. Не забудуцца і пра рамонт сабачых пляцовак, а таксама актыўна будзе распаўсюджвацца інфармацыя, звязаная з «выхаваннем» гаспадароў Рэксаў і Пушкоў — у горадзе плануецца размясціць больш за 400 памятак аб неабходнасці прыборкі за гадаванцамі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю