Беларусы заваявалі 11 медалёў на міжнародным турніры па вольнай барацьбе імя Іона Карняну і Ладыслау Шымона ў Бухарэсце, паведамляе БелТА.
У заключны дзень спаборніцтваў нашы барцы заваявалі тры залатыя, два сярэбраныя і два бронзавыя медалі. Перамогі атрымалі Магамедхан Магамедханаў (да 65 кг), Дзмітрый Лукашук (да 79 кг) і Ілья Хамцоў (да 92 кг), у фінальных паядынках беларусы адолелі прадстаўнікоў Грузіі.
Другія месцы ў сваіх вагавых катэгорыях занялі Мікіта Дзмітрыеў (да 74 кг) і Герберт Акапян (да 61 кг), трэцімі сталі Георгій Каліеў (да 74 кг) і Аляксандр Вярбіцкі (да 79 кг).
Агульны вынік беларускай каманды ў Бухарэсце склаў 11 узнагарод (5-3-3). Раней залатыя медалі выйгралі Уладзіслаў Казлоў (да 97 кг) і Павел Дзятлаў (да 125 кг). Спаборніцтвы сталі этапам падрыхтоўкі да маладзёжнага чэмпіянату свету ў ЗША і дарослага ЧС у Казахстане, якія пройдуць у кастрычніку.