Top.Mail.Ru

Пяткевіч аб уступнай кампаніі: Важна забяспечыць бескантактавы механізм адбору абітурыентаў

Вельмі важна, каб быў забяспечаны бескантактавы механізм адбору абітурыентаў і была забяспечана справядлівасць. Аб гэтым заявіла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч падчас наведвання Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, паведамляе БелТА.


Наталля Пяткевіч адзначыла, што кіраўнік дзяржавы ўдзяляе вялікую ўвагу ўступнай кампаніі, і самае галоўнае, што павінна быць забяспечана ў краіне, — справядлівасць. Паводле яе слоў, сёлета дзяржаўная камісія пачала працаваць па-новаму — з больш ранніх стадый, а менавіта з правядзення ўніверсітэцкіх алімпіяд. «Гэта дае магчымасць ахапіць увесь перыяд падрыхтоўкі да ўступнай кампаніі, таму што пераможцы гэтых алімпіяд з’яўляюцца той катэгорыяй абітурыентаў, якая залічваецца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы без уступных іспытаў, таму трэба забяспечыць справядлівасць, празрыстасць і сумленнасць ужо на гэтых этапах», — сказала намеснік прэм’ер-міністра.


Яна праінфармавала, што аналіз правядзення ўніверсітэцкіх алімпіяд выявіў пэўныя недапрацоўкі. «Некаторыя рэктары не зусім сур’ёзна падышлі да гэтага пытання, імкнучыся нешта зрабіць у рамках сваіх ВНУ. Аднак паступленне па выніках алімпіяд — гэта льгота, і пераможцы павінны быць лепшыя за астатніх абітурыентаў. Мы паглядзелі, што пераможцамі становяцца хлопцы і дзяўчаты з 50 баламі, гэта значыць, што больш падрыхтаваны абітурыент не зможа стаць студэнтам. Гэта несправядліва. Таму камісія ў гэтай частцы скарэктавала падыходы да вызначэння прэтэндэнтаў на льготныя месцы, улічваючы, што кожнае такое месца выключае магчымасць паступлення па агульным конкурсе», — канстатавала Наталля Пяткевіч.

У РІКВ прайшло штогадовае мерапрыемства напярэдадні выпускных іспытаў і ўступнай кампаніі — выбарка экзаменацыйных матэрыялаў. У ім прыняў удзел таксама першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч. Па кожным з 14 прадметаў было прадэманстравана стварэнне тэставых матэрыялаў.


«Вельмі важна, каб быў забяспечаны бескантактавы механізм адбору абітурыентаў і была забяспечана справядлівасць, — падкрэсліла Наталля Пяткевіч. — Тут усе працэсы, звязаныя з фарміраваннем заданняў, іх паступленнем і размеркаваннем, механізаваны. Важна, каб на ўсіх стадыях не было магчымасцяў для таго, каб нехта змог паступіць не зусім заслужана. Тыя доўгія гады, цягам якіх кіраўнік дзяржавы кантралюе гэты працэс, прынеслі сур’ёзныя вынікі. Сёння мы можам з упэўненасцю сказаць, што справядлівасць ва ўступнай кампаніі забяспечана». 

Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Дзмітрый Міронаў адзначыў, што ўсе заданні, якія выносяцца на цэнтралізаваны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне, поўнасцю адпавядаюць школьнай праграме.

«Папярэдне міністрам адукацыі зацвярджаюцца адпаведныя спецыфікацыі па прадметах, на падставе якіх мы ўжо распрацоўваем адпаведныя заданні, тэставы матэрыял», — дадаў ён.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю