ІV Адкрыты рэспубліканскі конкурс харэаграфічнага мастацтва «Час танцаваць» ізноў збярэ 5 красавіка 2025 года аматараў і прафесіяналаў для чарговай дэманстрацыі іх здольнасцяў і талентаў. Напярэдадні старту адборачнага этапу арганізатары маштабнага праекта распавялі журналістам, чым будзе адметны ён сёлета і на што варта арыентавацца пры падачы заяўкі.
Арганізатарам гэтага сацыяльна значнага праекта з 2022 года з’яўляецца Дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі культурна-асветніцкі цэнтр» Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта. Конкурс прызначаны для папулярызацыі харэаграфічнага мастацтва ў Рэспубліцы Беларусь, далучэння людзей розных узростаў да багатай культурнай спадчыны нашай краіны і захавання пераемнасці танцавальных традыцый сярод маладога пакалення.
Як адзначыў дырэктар Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра Аляксандр СІДАРЭНКА, сярод мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў сценах установы, праект «Час танцаваць» па-свойму адметны:
— Конкурс «Час танцаваць» займае асобнае месца, яго можна вылучыць сярод усіх іншых праектаў, паколькі большасць з іх праводзіцца для гледачоў, а тут — для ўдзельнікаў творчых харэаграфічных калектываў, — адзначыў Аляксандр Сідарэнка. — Сам па сабе конкурс дазваляе вызначыць самых лепшых сярод найлепшых, дае магчымасць удзельнікам падзяліцца назапашаным вопытам, расказаць пра сябе і даведацца нешта новае. Праведзена ўжо вялікая падрыхтоўчая работа, перапрацавана палажэнне конкурсу. Узрост удзельнікаў таксама крыху зменены, і цяпер самая меншая ўзроставая катэгорыя — ад 4 гадоў. Хочацца адзначыць тое, што кожны год узровень удзельнікаў расце, журы ўсё складаней выбіраць пераможцаў.
Чакаецца, што сёлета пра свой талент заявяць больш за 1000 удзельнікаў з розных рэгіёнаў краіны. І за званне найлепшых танцораў будуць змагацца ў пяці намінацыях: «Класічны танец», «Эстрадны танец», «Бальны танец», «Сучасны танец» і «Народны танец». Прэтэндэнтамі могуць быць салісты і танцавальныя калектывы з Беларусі і іншых краін, прычым як дарослыя, так і дзеці ў сваіх узроставых катэгорыях. Так, напрыклад, ужо падаў заяўку на ўдзел харэаграфічны ансамбль «Сюрпрыз» з Барнаула. Ужо вядома, што адзін з нумароў калектыву прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі. «Танец неба», прысвечаны лётчыцам 46-га Гвардзейскага авіяцыйнага палка, займае асаблівае месца ў творчасці калектыву. Ён дарагі яго выканаўцам не толькі з-за шэрагу высокіх узнагарод, але і таму што распавядае пра сапраўдных дзяўчат-гераінь. Вывучыўшы гісторыю, у калектыве даведаліся, што сярод лётчыц палка былі і беларускі... Ва ўсіх астатніх магчымасць заявіць пра сябе ёсць да 13 сакавіка 2025 года.
А майстэрства канкурсантаў ацэніць прафесійнае журы, у склад якога ўвойдуць аўтарытэтныя дзеячы культуры і мастацтва, арганізатары і партнёры праекта. Старшынёй экспертнай супольнасці будзе заслужаны дзеяч мастацтва Рэспублікі Беларусь, прафесар кафедры харэаграфіі БДУКМ Святлана Гуткоўская.
- Лаўрэаты конкурса І, ІІ і ІІІ ступеняў, а таксама пераможцы ў намінацыях будуць узнагароджаны дыпломамі і кубкамі. А ўладальніка Гран-пры чакае грашовы прыз у памеры 200 базавых велічынь.
— Як я неаднойчы казала, вельмі важна, што гэты конкурс мае адкрыты фармат. У ім могуць не толькі ўдзельнічаць усе ахвотныя, але ён не мае першага ўступнага ўзносу, а ацэнкі пасля кожнага выступлення аб’яўляюцца артыстам, — адзначыла старшыня журы конкурсу, прафесар кафедры харэаграфіі БДУКМ Святлана ГУТКОЎСКАЯ. — Яшчэ праект мае вялікую адукацыйную пляцоўку. Восенню праводзяцца майстар-класы для кіраўнікоў харэаграфічных калектываў. Сам праект «Час танцаваць» з кожным годам удасканальваецца і развіваецца. Аднак важна, што склад журы застаецца амаль што нязменным з году ў год. І гэта дазваляе ім убачыць тэндэнцыі харэаграфічнага мастацтва і даць ім сваю экспертную ацэнку.