Top.Mail.Ru

Пясняр зямлі беларускай. Да 85-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна

Сёння спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння выдатнага кампазітара, выканаўцы, аранжыроўшчыка, мастацкага кіраўніка вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры», народнага артыста БССР і СССР Уладзіміра Мулявіна.


Нарадзіўся Уладзімір Георгіевіч далёка ад Беларусі — на Урале, у Свярдлоўску (цяпер Екацярынбург) 12 студзеня 1941 года. Яго бацька, Георгій Арсенцьевіч, быў рабочым на заводзе «Уралмаш», маці, Акуліна Сяргееўна, — швачкай. Пасля заканчэння школы Мулявін паступіў у Свярдлоўскае музычнае вучылішча. Аднак праз некаторы час яго адлічылі з-за захаплення джазам. І хоць Уладзіміра потым аднавілі, ён пакінуў вучылішча па ўласным жаданні.

У 1963 годзе Уладзімір Георгіевіч пераехаў у Мінск, дзе быў залічаны ў штат Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Потым былі армія і ансамбль Беларускай ваеннай акругі.


Уладзімір Мулявін заўсёды цікавіўся народнай музыкай. Беларускія народныя песні пакінулі глыбокі след у яго душы з першага знаёмства з імі. У 1968 годзе музыкант зрабіў пачатковыя крокі да стварэння ансамбля: унутры эстраднага рэвю «Лявоніха» быў арганізаваны ансамбль «Лявоны». Для яго Мулявін пачаў пісаць уласныя песні і перапрацоўваць беларускі фальклор. Аднак з назвай «Лявоны» група праіснавала нядоўга. Калі калектыў рыхтаваўся да IV Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады ў 1970 годзе, было прынята рашэнне перайменаваць яго ў «Песняры».

Пасля гэтага конкурсу ансамбль, падзяліўшы другое месца са спеваком Львом Лешчанкам і грузінскім ансамблем «Дыэла» (першае не прысуджалася), набыў шырокую вядомасць. Поспех быў уражальным, «Песняры» пакарылі сэрцы мільёнаў па ўсім былым Савецкім Саюзе. Іх песні адразу сталі вядомымі і любімымі. Па прызнанні самога Уладзіміра Мулявіна, як толькі яны сталі «Песнярамі», іх жыццё значна змянілася, асабліва шмат далі групе паездкі ў глыбінку, дзе захаваўся беларускі фальклор у першапачатковым выглядзе. Менавіта Уладзімір Мулявін з «Песнярамі» выклікаў ва ўсёй краіны цікавасць да народных беларускіх песень.

Мулявін праявіў сябе і як майстар аранжыроўкі. Ён ствараў арыгінальныя вакальна-інструментальныя інтэрпрэтацыі песень, дзе ўнікальным чынам выкарыстоўваў тэмбры галасоў і музычную электроніку, захоўваючы пры гэтым нацыянальны каларыт гучання. Такія беларускія народныя песні, як «Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «Рэчанька», «Ой, рана на Йвана», «А ў полі вярба», «Каліна» і іншыя, атрымалі новае жыццё ў ансамблі. Яны прыцягваюць сваёй выразнай меладычнасцю і разнастайнасцю эмацыянальных перажыванняў.

Уладзімір Мулявін быў не толькі таленавітым арганізатарам, менеджарам, аранжыроўшчыкам і выканаўцам, але і не менш выдатным кампазітарам. У рэпертуары калектыву прадстаўлена нямала лірычных песень на вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Петруся Броўкі і іншых беларускіх паэтаў. Уладзімір Мулявін даў доўгае і шчаслівае жыццё песням «Александрына», «Завушніцы» і многім іншым.


Для Уладзіміра Георгіевіча была характэрна схільнасць да тэатралізаванай пастаноўкі сваіх твораў. Першай значнай работай на гэтым шляху была опера-прытча «Песня пра долю» па матывах паэмы Янкі Купалы «Адвечная песня». Творчасць паэта для Мулявіна мела вырашальнае значэнне. Ён часта супастаўляў свае думкі і адчуванні з паэзіяй беларускага класіка.

Да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы «Песняры» прапанавалі гледачам праграму «Я не паэта». Уладзімір Мулявін не пакінуў без увагі і купалаву паэму «Курган». Паводле яе была створана рок-опера «Гусляр». Да 25-годдзя «Песняроў» была напісана праграма «Голас душы», якая ўпершыню прагучала на віцебскім фестывалі «Славянскі базар — 1994». Яе кульмінацыйным нумарам стала песня «Малітва» кампазітара Алега Молчана на словы Янкі Купалы, якую выканаў сам Мулявін.

На працягу ўсяго творчага шляху майстар шукаў новыя формы, фарбы, рытмы і жанры, увасабляючы свае задумы і праекты. Уладзімір Георгіевіч Мулявін прысвяціў сябе беларускай песні і зрабіў яе папулярнай ва ўсім свеце. Разам з «Песнярамі» ён пабываў у многіх краінах, дзе мастацтва выдатнага кампазітара і выканаўцы прымалі з захапленнем. Але самымі жаданымі і ўдзячнымі слухачамі для Мулявіна заўсёды былі беларусы.


У маі 2002 года Уладзімір Георгіевіч трапіў у страшную аўтамабільную аварыю, а 26 студзеня 2003 года на 63-м годзе жыцця музыкант памёр. Пахаваны ён у Мінску на Усходніх могілках.

Заслугі Уладзіміра Мулявіна высока ацэнены ў Беларусі і за яе межамі. Ён узнагароджаны медалём і ордэнам Францыска Скарыны, стаў лаўрэатам многіх міжнародных і ўсесаюзных музычных конкурсаў. У 1979 годзе яму было прысвоена ганаровае званне народнага артыста БССР, а ў 1991 годзе — народнага артыста СССР.

У 2001 годзе ў Маскве на Алеі Зорак была закладзена зорка нашага знакамітага суайчынніка. У Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка на доме па вуліцы Л.Бяды, 13, у якім жыў Мулявін. У 2017 годзе ў Мінску, на бульвары імя артыста, за будынкам Беларускай дзяржаўнай філармоніі, быў адкрыты помнік музыканту. Таксама помнік Уладзіміру Мулявіну ёсць і ў родным горадзе Екацярынбургу. У Беларусі створаны Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя У.Г. Мулявіна. Пра Уладзіміра Георгіевіча і ансамбль «Песняры» знята некалькі дакументальных фільмаў, а таксама серыял «За паўгадзіны да вясны».

Імя Уладзіміра Мулявіна і Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» ўвекавечана ў ліпені 2010 года ў Віцебску на алеі лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення».

Штогод у дзень нараджэння песняра на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі праходзіць канцэрт у яго гонар. Да 85-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна падрыхтавана канцэртная праграма, якая збярэ ў Вялікай канцэртнай зале філармоніі прыхільнікаў творчасці вядомага музыканта.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю