Паводле слоў першага намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзіміра Пярцова, за мінулы перыяд, асабліва пасля ўступлення ў сілу Дырэктывы № 12, вельмі ўважліва аналізаваліся падыходы да арганізацыі ідэалагічнай работы, якія прымяняюцца ў рэгіёнах.

«Ідэалагічная вертыкаль не павінна працаваць па накатанай, — падкрэсліў ён. — Намі распрацаваны крытэрыі ацэнкі, пэўныя рэперныя кропкі, так званыя ключавыя паказчыкі эфектыўнасці, якія мы будзем абкатваць да канца года ў эксперыментальным рэжыме. А з наступнага года яны стануць пастаяннымі паказчыкамі, па якіх будзем ацэньваць работу ідэалагічнай вертыкалі».
Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта заклікаў удзельнікаў нарады не самазаспакойвацца.
«Ёсць жаданне працаваць ужо па накатаных рэйках, чаго рабіць нельга. Ідэолаг павінен заставацца і генератарам, і правадніком сэнсаў, і педагогам, і лектарам выдатным, ён павінен умець спалучаць у сабе ўсе гэтыя якасці, — адзначыў ён. — Акрамя таго, ідэолаг павінен умець працаваць у сацыяльных сетках і месенджарах, разумеючы іх алгарытмы, павінен умець згуртаваць вакол сябе ідэалагічны актыў аднадумцаў — не толькі членаў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, але і ўсіх, хто мае шчырыя пачуцці любові да нашай краіны. А яшчэ тых, хто хоча быць карысным, тых, хто хоча ўдзельнічаць у грамадска-палітычных, у культурна-масавых мерапрыемствах. Усе гэтыя людзі павінны цягнуцца да ідэолага на прадпрыемстве ў канкрэтным раёне, вобласці».
Крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці работы ідэалагічнай вертыкалі маюць на ўвазе вымярэнне аўдыторных паказчыкаў, рэальны кантакт з унікальнымі ўдзельнікамі сустрэч, якасную працу лектараў і недапушчальнасць фармальных справаздач.
Неабходна замерыць эфектыўнасць такіх сустрэч, падкрэсліў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. «Аўдыторыі розныя, але і лектары ёсць розныя. Чалавек можа быць прафесіяналам, але слабым прамоўцам. На жаль, такія сустрэчы не прыводзяць да пазітыўных вынікаў, нават наадварот», — заўважыў Уладзімір Пярцоў.

У размове з журналістамі Уладзімір Пярцоў адзначыў, што крытэрыяў ацэнкі эфектыўнасці ідэалагічнай работы дастаткова шмат, таму што сфер уздзеяння шмат. Датычна сродкаў масавай інфармацыі, у прыватнасці, ён звярнуў увагу на існуючыя інструменты аб’ектыўнага кантролю, рэйтынгавыя паказчыкі.
«Мы набліжаемся да вымярэння інтэрнэт-аўдыторыі, унікальных карыстальнікаў сацыяльных сетак і месенджараў, што таксама важна. Паколькі людзі ў асноўным там чэрпаюць інфармацыю. Гэтыя сродкі масавай камунікацыі ў многім уздзейнічаюць на светапогляд людзей», — адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Па-ранейшаму будуць прымяняцца сацыяльныя апытанні, сацыяльныя даследаванні — як твар у твар, так і тэлефонныя абзвоны, сродкі электроннага кантролю, якія паказваюць лічбавую праўду, дадаў Уладзімір Пярцоў. «Усё гэта мы будзем выкарыстоўваць, акумуляваць у рамках рэгіёна або галіны і даводзіць да асоб, адказных за ідэалагічную работу», — сказаў ён.

Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта таксама звярнуў увагу, што ідэалагічная работа, згодна з Дырэктывай № 12, распаўсюджваецца на ўсіх суб’ектаў гаспадарання незалежна ад формы ўласнасці. Такая норма ўпершыню ўключана ў дырэктыўны дакумент праграмнага дзеяння. Ідэалагічным работнікам, грамадскім аб’яднанням, палітычным партыям дадзена магчымасць уваходзіць і ў гэтыя калектывы.
Паводле слоў Уладзіміра Пярцова, прадстаўнікі прыватнага сектара таксама павінны далучацца да ідэалагічнай работы. Маладыя людзі, хто ў асноўным чэрпае веды са сродкаў масавай камунікацыі, — атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю, сустракацца з лектарамі — яркімі, здольнымі пераканаць, адказаць на вострыя, часта правакацыйныя пытанні. Яны павінны мець магчымасць удзельнічаць у грамадскім жыцці.
«Там павінны быць створаны як мінімум прафсаюзныя арганізацыі або ячэйкі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Гэта нашы грамадзяне, і яны не павінны быць абмежаваны ў гэтых правах», — падкрэсліў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
«Многае змянілася. Сродкі камунікацыі змяніліся, людзі сталі крыху іншымі, і час змяніўся. Таму будзем адаптавацца, будзем мяняцца і будзем ацэньваць тое, як нашы змены рэальна ўплываюць, рэальна ўздзейнічаюць на нашых людзей», — сказаў ён.
Фарміраванне індыкатараў ацэнкі эфектыўнасці ідэалагічнай работы дасць магчымасць аб’ектыўна і комплексна ацэньваць вынікі дзейнасці ў гэтай сферы, адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення інфармацыйнай палітыкі і грамадскага развіцця Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ліпніцкі. Што дазволіць, на падставе выяўленых тэндэнцый, прыняць меры па яе далейшым ўдасканаленні.

Першы індыкатар уключае работу з насельніцтвам, другі — рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, трэці — грамадзянскія і патрыятычныя ўстаноўкі мэтавых груп. Кожны індыкатар ацэнкі складаецца з некалькіх крытэрыяў.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД