У Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь абмеркавалі актуальныя праблемы сацыяльнай палітыкі і ідэалогіі
У аўторак, 27 студзеня, у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прайшла V Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы сацыяльнай палітыкі і ідэалогіі». У цэнтры ўвагі прадстаўнікоў дзяржорганаў, устаноў адукацыі, культуры, навукі, СМІ і палітычных партый — арганізацыйна-кіраўніцкія аспекты выканання Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы», стратэгічныя кірункі развіцця грамадства і дзяржавы па выніках рашэнняў УНС, асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльнай дзяржавы ў сучасных умовах і не толькі. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ПЯРЦОЎ адзначыў, што пытанні для абмеркавання падчас канферэнцыі — тыя асноўныя кірункі, па якіх Акадэмія кіравання выступае распрацоўшчыкам метадычных рэкамендацый і планаў. Гаворка ідзе і аб рабоце з моладдзю, і аб гістарычнай палітыцы, аб сацыяльнай сферы і многіх іншых пытаннях, па якіх разам з ВНУ наладжана ўзаемадзеянне, каб стварыць тэарэтычную базу для яе наступнай рэалізацыі ў рэгіёнах, у галінах і ў цэлым у дзяржаве. Акрамя таго, па словах Уладзіміра Пярцова, прапановы і рэкамендацыі, агучаныя падчас канферэнцыі, стануць добрай падмогай у рабоце ідэалагічнай вертыкалі, грамадскіх лідараў і экспертаў.
«Дырэктыва Прэзідэнта Беларусі № 12 — асноватворны дакумент аб правядзенні ідэалагічнай работы, дзе замацаваны адзіныя падыходы да яе рэалізацыі. Гэтыя падыходы павінны быць нацэлены на фарміраванне сістэмы ідэй і каштоўнасцяў, якія спрыяюць павышэнню ўзроўню нацыянальнай самасвядомасці і ўмацавання грамадзянскай згоды. Дакумент — Дырэктыва № 12 — стаў першым акцэнтаваным крокам на шляху фарміравання нацыянальнай ідэі. Да яе фарміравання мы падступаліся неаднаразова. Прыйшоў час грунтоўна ўзяцца за работу і замацаваць трывалы нацыянальны ідэалагічны базіс для будучых пакаленняў», — адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Ён таксама дадаў, што ў бягучы момант Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 12 праходзіць абкатку ў практычнай частцы. «Там у асноўным акцэнты накіраваны на практычныя падыходы, удасканаленне работы, адказнасць. Ідзе перастраенне ў тым ліку ў частцы стратэгічных камунікацый, метадаў рэалізацыі ідэалагічнай работы, якія мы прывыклі рэалізоўваць праз сродкі масавай інфармацыі, праз камунікацыю твар у твар на дыялогавых пляцоўках, круглых сталах, розных сустрэчах, праз іншыя падыходы, праз сродкі масавай камунікацыі, сацыяльныя сеткі. Праз тыя падыходы, якія мы лічылі не самымі папулярнымі, але эфектыўнымі, яны натыўна дзейнічаюць на нашу аўдыторыю праз разнастайныя творы, кнігі, апавяданні, фільмы, іншыя мастацкія формы. Цяпер тыя падыходы і канцэптуальныя дырэктыўныя моманты, якія адлюстраваны ў дакуменце, рэалізоўваюцца. Так, няпроста. Мы бачым яшчэ работу па-старому, якая, на жаль, на працягу многіх гадоў вялася, асабліва ў рэгіёнах. Неяк пераасэнсаваць, перабудавацца дастаткова цяжка, але ў нас няма іншых шанцаў, паколькі час няпросты. Менавіта ад выніку работы, ад гэтай барацьбы, як мы кажам, за розумы і сэрцы людзей залежыць поспех нашай незалежнай, суверэннай і квітнеючай дзяржавы», — падкрэсліў Уладзімір Пярцоў.
Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Дзяніс ДУК адзначыў, што канферэнцыя праходзіць пасля знакавай падзеі — Усебеларускага народнага сходу. «У нашай краіне сацыяльная палітыка і ідэалогія — адзінае цэлае, — сказаў кіраўнік ВНУ. — Паколькі мы ствараем сацыяльную дзяржаву, то наша ідэалогія — падмурак, на якім будуецца наш беларускі дом. Ад яго ўстойлівасці залежыць усё: у першую чаргу эканоміка, а эканоміка — гэта аснова міру і працвітання на нашай зямлі».
Адным з выклікаў, з якім сутыкаецца сучаснае грамадства, з’яўляецца інфармацыйная бяспека, аб якой таксама ішла гаворка падчас канферэнцыі. У сувязі з выклікамі на інфармацыйным фронце стратэгічнай задачай для нашай краіны з’яўляецца павышэнне інфармацыйнай культуры, лічбавай адукаванасці і інфагігіены. У гэтым кірунку ўжо выбудавана работа, але самазаспакойвацца не варта, звярнулі ўвагу падчас сустрэчы.
Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван ЭЙСМАНТ адзначыў, што за апошнія гады зроблены велізарны крок у пабудове ідэалагічнай работы ў нашай краіне. «Падчас прыёму (прыём ад імя Прэзідэнта Беларусі на стары Новы год. — „Зв.“) кіраўнік дзяржавы адзначаў, што СМІ знаходзяцца на перадавой. Такая рэальнасць. Можна толькі ўявіць размах тых сіл, якія варожа настроены ў адносінах да нашай краіны. Тыя сродкі, якія ўкладзены, каб перафарматаваць людзей. Інфармацыйная работа — справа не толькі сродкаў масавай інфармацыі. Паколькі ўжо ў нас фронт — на фронце павінны працаваць усе. Гэта датычыцца палітычных партый, грамадскіх прадпрыемстваў, ВНУ і кожнага канкрэтнага чалавека на тэлебачанні, у друкаваных СМІ, на асабістых старонках. Такім чынам мы ствараем рухальную масу, абменьваемся думкамі, а гэта і ёсць фарміраванне нашай ідэалогіі».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА