Пункты росту Ельскага раёна
На фоне глабальных пытанняў праблемы раённага маштабу могуць здацца камусьці местачковымі і дробнымі. Аднак хоць адміністрацыйная карта Беларусі і нагадвае коўдру са шматлікіх раёнаў-лапікаў, у любым куточку краіны павінна быць камфортна, утульна і сытна. Сёння на тры пытанні «Звязды» адказвае намеснік старшыні Ельскага райвыканкама Святлана БУГАЕНКА.
— Святлана Мікалаеўна, на Ельшчыне апошнім часам рэалізаваны важныя вытворчыя праекты. Ці апраўдалі яны сябе?
— Як заўжды падкрэслівае наш Прэзідэнт, у кожнага раёна, незалежна ад памеру і зыходных магчымасцяў, ёсць патэнцыял, свае пункты росту. Але, каб іх знайсці, неабходна спачатку вызначыць, якія ёсць праблемы і як іх вырашыць.
Значны імпульс развіццю сельгасвытворчасці ў раёне далі жывёлагадоўчыя аб’екты сельскагаспадарчага філіяла ААТ «Мазырсоль». Падобнага прэцэдэнту, калі стратнае сельгаспрадпрыемства з поўным комплексам маёмасці было рэалізавана за адну базавую велічыню, у краіне раней не было. Як вынік, у цэлым за студзень — жнівень 2025 года фактычны тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі ў раёне склаў 120,8 %. За гэты перыяд выраблена прадукцыі жывёлагадоўлі 112,1 % ад узроўню мінулага года. Расце вытворчасць і раслінаводчай прадукцыі. На жывёлагадоўчых аб’ектах філіяла ААТ «Мазырсоль» — малочнатаварных комплексах «Новае Высокае», «Кочышчы», «Жукі», у якіх у цэлым утрымліваецца больш за 3600 галоў буйной рагатай жывёлы, — працягваецца маштабная мадэрнізацыя.
У прыгранічных тэрыторый заўсёды была свая спецыфіка. Наш раён не выключэнне. Раней многія ездзілі па пакупкі, у тым ліку па прадукты, ва Украіну. Аднак пасля падзей 2022 года, калі суседняя краіна закрыла для нас граніцу, паўстала пытанне: як задавальняць паўсядзённыя патрэбы нашых жыхароў? Пачалі працаваць з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, заахвочвалі да работы ў раёне гандлёвыя сеткі. І плённы вынік не заставіў сябе чакаць. Ужо праз год у раёне пачаў расці рознічны тавараабарот.
Яшчэ адзін знакавы праект — адраджэнне вытворчасці на былой базе леспрамгаса. Амаль 70 % тэрыторыі раёна — лясы, якія яшчэ і актыўна аднаўляюцца, таму расійскі інвестар вырашыў тут адкрыць сваю вытворчасць. І сёння адкрыта новае лесаперапрацоўчае прадпрыемства, якое за гэты час з малога вырасла ў сярэдняе — на ім працуюць амаль 50 чалавек, што вельмі важна для такога невялікага райцэнтра, як наш. Дарэчы, прадпрыемства ўдзельнічае ў праграме «Адзін раён — адзін праект». Адкрылі лінію паглыбленай перапрацоўкі драўніны, рыхтуюцца адкрыць сушыльны цэх і дадатковы ўчастак перапрацоўкі драўняных адходаў.
— У Праграму развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025–2030 гады ўвайшоў і Ельскі. На што звернута ўвага ў гэтым кірунку?
— Адзін з перспектыўных праектаў — захаванне і далейшае ўмацаванне вытворчасці на базе былога Ельскага кансервавага камбіната. У мінулыя гады прадпрыемства, на жаль, было стратным, але, нягледзячы ні на што, захавала свой вытворчы патэнцыял. На яго базе створаны цэх кансервацыі прадукцыі прадпрыемства «Эксперыментальная база «Крынічная». Важна, што захаваны прафесійныя кадры. Забяспечваецца шырокі асартымент прадукцыі ў шкляной тары, працуе фірменная крама. Плануецца дааснасціць вытворчасць лініямі ахаладжэння і замарозкі прадукцыі, каб забяспечыць занятасць участка круглы год.
Новы этап развіцця перажывае і Ельская мэблевая фабрыка. Сёння гэта філіял Мазырскага дрэваапрацоўчага камбіната канцэрна «Беллеспаперпрам». Удалося захаваць вытворчы патэнцыял. І прадукцыя — крэслы, сталы, садовая мэбля — застаецца пазнавальным брэндам Ельшчыны.
Вядома, для невялікіх раёнаў закрыццё па тых ці іншых прычынах прадпрыемстваў ці ўстановы — складанае пытанне. Першачарговая задача — прыкласці ўсе намаганні, каб не згубіць патэнцыял, захаваць спецыялістаў. У гэтым плане для нас знакавым стала адкрыццё на базе былой дапаможнай школы для дзяцей з асаблівасцямі развіцця дома-інтэрната для асоб пажылога ўзросту.
— У Ельскага раёна, які знаходзіцца блізка ад буйнога прамысловага цэнтра, заўважны сістэмны падыход да жыллёвага будаўніцтва. Якія тут тактыка і стратэгія?
— Для замацавання спецыялістаў у раёне крытычна важна мець арэнднае жыллё. Спачатку ў яго перапрафіліравалі адрамантаваны існуючы другасны жылфонд. Потым перайшлі да праектавання і будаўніцтва новых дамоў. Ужо ўзведзены два дамы, у якіх 42 кватэры — арэндныя. На гэты год запланавана ўзвядзенне новага саракакватэрнага дома, дзе арэнднае жыллё складзе 36 кватэр. І такое будаўніцтва будзе працягвацца.
Увогуле, сёння для нас галоўны паказчык развіцця — тое, што ў раёне людзям ёсць дзе працаваць, камфортна жыць і планаваць будучыню.
Наталля КАПРЫЛЕНКА