Лідары меркаванняў, медыйныя эксперты ў рамках асветніцкага праекта з назвай «Пульс краіны: факты, трэнды, сэнсы» працягваюць праводзіць сустрэчы з грамадскасцю, працоўнымі калектывамі, бізнес-супольнасцю ў рэгіёнах.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, палітолаг Вадзім Гігін абмеркаваў надзённыя пытанні з жыхарамі Барысава ў Палацы культуры імя Горкага.
У зале прысутнічалі грамадзяне рознага ўзросту: ад навучэнцаў каледжаў да работнікаў прадпрыемстваў горада, таму і пытанні закраналі самыя розныя тэмы, піша БелТА.
Павел Крывадубскі, шэф-повар аднаго з рэстаранаў горада, задаў пытанне аб працаўладкаванні мігрантаў і маладых спецыялістаў. Малады чалавек звярнуў увагу на сітуацыі, калі замежным работнікам даецца поўны сацыяльны пакет, аднак яны звальняюцца ўжо праз некалькі тыдняў пасля працаўладкавання.
Вадзім Гігін растлумачыў, што з замежнымі грамадзянамі не першы раз адбываецца такая сітуацыя. «Іх не задавальняе наша працоўнае заканадаўства. Але не таму, што іх інтарэсы не абаронены, а наадварот, занадта абаронены. Што яны хочуць? Працаваць без выхадных у дзве змены, каб зарабіць максімальную колькасць грошай, на здзельнай, як правіла, аплаце. Адправіць гэтыя грошы на Радзіму. У нас жа 8-гадзінны працоўны дзень, водпуск, два выхадныя. Калі ён два выхадныя не бярэ, прыйдзе праверка і скажа: „Чаму ён без выхадных у вас працуе?“ — растлумачыў спікер. — Сутнасць у тым, што ў нас пытанні сацыяльнай абароны працы стаяць на высокім узроўні».

Пасля мерапрыемства Павел Крывадубскі прызнаўся: «Гэты фармат увогуле вельмі класны і эмацыянальны. Я атрымаў адказ на сваё пытанне ў поўным аб’ёме. Разумею, што мяне пачулі», — падзяліўся ён.
Барысаўчанін Сяргей Бурдыка, уладальнік аграсядзібы, дзе займаюцца патрыятычнай дзейнасцю, узняў тэму патрыятычнага выхавання моладзі. Вадзім Гігін падзякаваў за правядзенне такой работы і адзначыў важнасць таго, што ў такія працэсы залучаны і прыватны бізнес. Наконт моладзі такая заклапочанасць будзе заўсёды, лічыць палітолаг. «Мы павінны разумець, што ніколі не даб’ёмся стапрацэнтнага выніку. Заўсёды чалавек усё роўна будзе арыентавацца на нейкія свае абывацельскія моманты. Не будзе ён з раніцы да вечара хадзіць і думаць, як увекавечыць памяць, як быць вартым памяці вялікіх герояў. Мы б так хацелі, але так не будзе. Таму самае галоўнае, каб быў касцяк сапраўдных патрыётаў і людзей такіх, як вы, якія гэта ўсё падтрымліваюць, папулярызуюць, прасоўваюць. Гэта вельмі важна, каб такія людзі былі», — падкрэсліў Вадзім Гігін.

«Атрымаўся вельмі канструктыўны дыялог. Тэма, якую я закрануў, павінна хваляваць усіх. Дзеці — гэта наша будучыня. Той народ, які не памятае гісторыю, асуджаны на выміранне. Гэта тэма, лічу, адна з найважнейшых. Атрымаў добры, канструктыўны адказ», — падзяліўся ўражаннем Сяргей Бурдыка.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, палітолаг Аляксандр Шпакоўскі сустрэўся з працоўным калектывам Мазырскага НПЗ.
Спікер абмеркаваў з работнікамі завода ключавыя аспекты дзейнасці прадпрыемства, у тым ліку ўплыў на эканоміку рэгіёна і краіны ў цэлым, перспектывы яго развіцця. Падчас сустрэчы Аляксандр Шпакоўскі таксама закрануў важныя тэмы, якія датычацца ваенна-палітычнага становішча вакол Беларусі, санкцыйнага ціску Захаду і эканамічнага развіцця краіны.

— Вельмі было цікава паслухаць: змястоўная гутарка, адкрытая размова, таму будзем чакаць яшчэ, — падзяліўся ўражаннем ад сустрэчы з МазырNEWS спецыяліст аддзела інфармацыйна-ідэалагічнай работы ААТ «Мазырскі НПЗ» Дзмітрый Захаранка.
— На сустрэчы былі агучаныя вельмі важныя аспекты як для нашай дзяржавы, так і непасрэдна для нашага прадпрыемства. Асабліва прыемна было пачуць, што кіраўнік дзяржавы бачыць і шануе ўнёсак нашай работы: у развіццё і мадэрнізацыю Мазырскага НПЗ укладваюцца значныя сродкі. Гэта падкрэслівае высокую значнасць і каштоўнасць нашай працы. Мы ўпэўненыя, што зможам спакойна працаваць нават у найбліжэйшай будучыні — такая падтрымка дае ўпэўненасць і выклікае пачуццё радасці ва ўсім калектыве, — лічыць аператар тэхналагічных установак Павел Марціновіч.
— Мерапрыемства прайшло ў адкрытым і жывым фармаце: абмеркавалі такія важныя тэмы, як інфармацыйная бяспека і барацьба з фэйкавымі навінамі ў інтэрнэце, уплыў сучасных тэхналогій і штучнага інтэлекту на грамадства, а таксама захаванне гістарычнай памяці і развіццё рэгіянальнай інфраструктуры. Такія сустрэчы дапамагаюць лепш разумець рашэнні дзяржаўнай палітыкі і даюць магчымасць наўпрост задаць пытанні прадстаўнікам улады, — адзначыла супрацоўніца прадпрыемства Юлія Жыгера.
У Бабруйску ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі таксама сустрэчу з гараджанамі правёў Андрэй Багадзель, намеснік начальніка факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл Ваеннай акадэміі. З бабруйчанамі абмеркавалі цэлы спектр тэм: ад аналізу ваенна-палітычнай сітуацыі вакол Беларусі да дэмаграфічнай бяспекі.
Фота БелТА