Якія віды птушак ужо заўважаныя ў Беларусі, расказалі ў НПЦ НАН па біярэсурсах і кампаніі «Дзікая прырода», перадае БелТА.
Першай у канцы мінулага тыдня пра палявога жаўрука паведаміла Кацярына Крупянкова з Брэста. «Гуляла на набярэжнай і спачатку падумала, што здалося, а крыху пазней гляджу: ляціць, „ціўкае“, а потым і зусім заспяваў», — падзялілася эмоцыямі яна.
На выхадных палявых жаўрукоў таксама адзначылі ў Брэсцкім, Маларыцкім, Бярозаўскім, Свіслацкім, Гродзенскім, Смалявіцкім, Стаўбцоўскім, Жыткавіцкім і Мінскім раёнах. Яшчэ некалькі сонечных дзён і іх песні будуць чутныя над палямі па ўсёй краіне.
На Брэстчыне і Гродзеншчыне адзначылі чародкі гусей, якія вяртаюцца з зімоўкі ў Заходняй Еўропе — гуменнікаў, шэрых і белалобых. Шэрыя гусі гняздуюцца ў Беларусі і займаюць свае тэрыторыі вельмі рана, а астатнія віды спыняюцца ў нас транзітам у тундру і могуць затрымацца надоўга.
Шэрыя жураўлі вярнуліся ў Камянецкі, Гродзенскі, Слуцкі, Стаўбцоўскі і Жыткавіцкі раёны. Гэтыя ўсяедныя птушкі могуць падсілкавацца і мышкай, і зярняткам, і карэньчыкам.
У Бярозаўскім, Камянецкім, Свіслацкім і Жыткавіцкім раёнах адзначаны кнігаўкі. Яны таксама зімуюць на захадзе кантынента. Першыя галубы вяхіры шлюць прывітанне з Брэста, Камянецкага, Гродзенскага і Жыткавіцкага раёнаў. У Налібоцкай пушчы адзначаны шэрыя гусі, жураўлі, палявыя жаўрукі, шпакі і кнігаўкі.
«Вясна — гэта не толькі пра вяртанне птушак, але і пра іх песні: пачаўся шлюбны перыяд. Актыўна спяваюць вялікія сініцы, шпакі, блакітніцы і зелянушкі. У лясах увечары актыўна крычаць совы: пугач, шэрая няясыць і махнаногі сыч», — адзначылі арнітолагі.
У НПЦ НАН па біярэсурсах адзначылі, што назіранне за птушкамі — выдатная тэрапія ад старэння, а вясна — цудоўны час, каб пачаць часцей глядзець у неба. Адно з даследаванняў паказала, што ў тых, хто назірае за птушкамі, у мозгу адбываюцца структурныя і функцыянальныя змены, як пры вывучэнні замежнай мовы ці ігры на музычных інструментах.
Навукоўцы параўналі 29 дасведчаных назіральнікаў за птушкамі і столькі ж пачаткоўцаў розных узростаў, на падставе чаго высветлілі цікавыя факты. У тых, хто на працягу доўгага часу (у сярэднім 16 гадоў) рэгулярна назіраў за птушкамі, зоны мозгу, якія адказваюць за ўвагу і пазнаванне, аказаліся больш шчыльнымі і «натрэніраванымі». І такі «трэніраваны» мозг павольней старэў. Гэта значыць, у дасведчаных назіральнікаў працэс зношвання мозгу запавольваецца — розніца становіцца асабліва прыкметная пасля 70 гадоў. Такім чынам, рэгулярнае назіранне за птушкамі не толькі дапамагае лепш адрозніваць іх віды, але і абараняе мозг ад узроставых праблем.