Top.Mail.Ru

Псіхолагі сталічнай гімназіі — аб прафілактыцы булінгу і ролі бацькоў

Вопытам барацьбы з булінгам у школе падзяліліся педагогі-псіхолагі гімназіі № 13 Мінска, дзе 5 сакавіка праходзіў дыялог «Жанчына ў прафесіі: вучым сэрцам, натхняем прыкладам», расказвае БелТА.


Педагог-псіхолаг пачатковай школы Вольга Чумак расказала, што гімназія актыўна ўключылася ў гарадскі праект «Мінская школа. Разам без крыўдаў». «Удзельнічаем даволі актыўна. Першы тыдзень кожнага месяца ў нас прысвечаны класным гадзінам на пэўную тэматыку. У пачатковай школе больш робіцца ўпор на сяброўства, на ўменне размаўляць і выбудоўваць адносіны», — адзначыла яна.


Псіхолагі таксама ладзяць уласныя акцыі. «На першым тыдні сакавіка ў нас быў дзень пазітыву. Мы ўсе адно аднаму дарылі добры настрой. У гімназіі ёсць рэкрэацыі, цэлыя фотазоны, асобныя рэсурсныя месцы, куды вучні могуць прыйсці, падзарадзіцца. Напрыклад, лаўка сяброўства, люстэрка пазітыву, сцяна добрых пажаданняў», — расказала Вольга Чумак.

Спецыяліст адзначыла, што тэма булінгу актуальная нават у пачатковай школе. «Многія бацькі, часам не жадаючы таго, падтрымліваюць форму агрэсіўнага булінгу. Калі дзіця прыходзіць дадому і гаворыць маме і тату, што яго ўдарылі, замест таго, каб разабрацца ў канфлікце, часта бацькі гавораць: „Ты ідзі і дай у адказ“. І тады атрымліваецца вялізны канфлікт, які можа перарасці ў булінг», — тлумачыць яна.

Педагог-псіхолаг старэйшай школы Валерыя Карповіч дадала, што ў старэйшым звяне працуюць валанцёры-медыятары. «Гэта дзеці, якія бяруць удзел ва ўрэгуляванні канфліктаў. Мы іх навучаем метадам вырашэння канфліктаў. Спачатку з маім удзелам, а потым яны самастойна дзейнічаюць. У гімназіі працуе друкаванае выданне «Сузор’е», у якім ёсць асобная рубрыка, прысвечаная булінгу і праекту «Мінская школа. Разам без крыўдаў», — расказала яна.

Адной з ключавых задач спецыялісты назвалі асветніцкую работу з бацькамі. 


«Многія не разумеюць, чым адрозніваюцца булінг і канфлікт. Вельмі часта бацькі прыходзяць да мяне ў кабінет і кажуць: „Маё дзіця буляць“. І калі мы пачынаем разбіраць гэта навамоднае слова, не заўсёды бацькі, ды і тым больш дзеці, разумеюць, што яно значыць. З тэмай булінгу ў школе павінны працаваць усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, пачынаючы ад навучэнца, заканчваючы бацькамі, педагогам, педагогам-псіхолагам, сацыяльным педагогам», — падкрэсліла Вольга Чумак.

У гімназіі рэгулярна праводзяцца бацькоўскія ўніверсітэты. «Мы асвятляем тэму булінгу, кібербулінгу, што мы робім у нашай гімназіі, якія прафілактычныя мерапрыемствы праводзім, каб не было гэтых праблем», — расказала педагог-псіхолаг.

Гаворачы аб рабоце з дзецьмі-агрэсарамі, Валерыя Карповіч падкрэсліла важнасць пошуку прычын такіх паводзін. «Тут самае важнае — разумець тое, што для агрэсіі падлетка ці дзіцяці ёсць нейкая прычына. Часта дзеці буляць для таго, каб вылучыцца, быць лідарам. І тут вельмі важна даваць магчымасць такому дзіцяці станавіцца паспяховым у іншых відах дзейнасці. У нас створана вельмі шмат аб’яднанняў, дзе дзеці могуць і друкавацца, і маляваць, іграць у тэатры або займацца спортам», — расказвае псіхолаг.

У якасці галоўнай рэкамендацыі для бацькоў педагогі адзначаюць даверныя адносіны. «Калі ёсць давер з дзіцем, то яно без праблем зможа вам расказаць аб тым, што адбываецца ў класе, і тады ў самым пачатку праблему значна прасцей вырашыць. Вядома, гэта вырашаецца толькі з удзелам дарослых людзей, класнага кіраўніка, педагога-псіхолага, настаўніка і непасрэдна саміх дзяцей», — адзначыла Валерыя Карповіч.

Спецыялісты таксама пракаменціравалі пытанне бескантрольнага выкарыстання дзецьмі і падлеткамі сацыяльных сетак. Валерыя Карповіч звярнула ўвагу на тое, што сучасныя даследаванні пацвярджаюць негатыўны ўплыў інтэрнэту на неакрэплую псіхіку. Па словах спецыяліста, падлеткі ў сацсетках асабліва ўразлівыя.

Вольга Чумак указала на аспект бяспекі. «Дзеці шмат выкладваюць асабістага кантэнту ў свае сацыяльныя сеткі. І ўлічваючы тое, што цяпер „працвітае“ махлярства і кібербулінг, няма перашкод у зламысніка туды зайсці і атрымаць дастатковы аб’ём інфармацыі, а потым скарыстацца гэтым супраць дзіцяці», — растлумачыла яна.

Гаворачы аб магчымай пратэснай рэакцыі падлеткаў на абмежаванні, спецыяліст падкрэсліла неабходнасць мяккага падыходу. «Калі мы нешта забіраем, павінны разумець, што трэба даць наўзамен. Калі мы гэтага не робім, то рэакцыя ў адказ часцей за ўсё — агрэсія. Я як мама і псіхолаг раю: калі мы абмяжоўваем дзіця ў сацсетках, мы павінны прапаноўваць яму нейкі іншы занятак. Напрыклад, творчасць або рухальную актыўнасць», — парэкамендавала педагог-псіхолаг пачатковай школы.

Галоўнай парадай бацькам псіхолаг назвала даверныя адносіны з дзецьмі. «Калі ў вас даверныя адносіны з дзіцем і вы ведаеце, якія сацсеткі ў яго, вы ведаеце яго кантэнт, то ў прынцыпе перажываць моцна не трэба», — адзначыла Вольга Чумак.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю