— Ну, вось, Сашачка, бачыш, якая ты малайчынка! Ты паслухмяна выканала ўсе мае ўказанні — і хутка пайшла на папраўку! Вельмі добра! Заўтра разам з матуляй ты паедзеш дадому...
— І мне ўжо не будуць рабіць уколы?
— Не будуць! Ты ўжо здаровенькая!
— Ну, вось, Сашачка, бачыш, якая ты малайчынка! Ты паслухмяна выканала ўсе мае ўказанні — і хутка пайшла на папраўку! Вельмі добра! Заўтра разам з матуляй ты паедзеш дадому...
— І мне ўжо не будуць рабіць уколы?
— Не будуць! Ты ўжо здаровенькая!
З цікавасцю назіраю, як ласкава ўрач-педыятр Вольга Шчэрбік размаўляе са сваёй маленькай пацыенткай — і прыходжу ў захапленне ад яе прафесіяналізму, умення знайсці падыход да дзетак.
Быць педыятрам — гэта прызванне, якім узнагароджваецца толькі шчыры, добры і адкрыты сэрцам чалавек. У гэтым я пераканалася чарговы раз, пазнаёміўшыся з Вольгай Шчэрбік. У медыцыне Вольга Анатольеўна працуе больш за дваццаць гадоў, васямнаццаць з якіх — урачом-педыятрам у Лепельскай цэнтральнай раённай бальніцы Віцебскай вобласці.
Знаёмства з выдатным спецыялістам адбылося па радках шматлікіх падзяк ад бацькоў яе маленькіх пацыентаў. Цудоўнаму ўрачу, якая ў свой час аказала дзіцяці патрэбную дапамогу, бацькі адрасавалі самыя цёплыя словы і найлепшыя пажаданні.
— Я з самага дзяцінства захаплялася работай людзей у белых халатах, — расказвае Вольга Анатольеўна. — Лячыць людзей — высакародная праца, якая патрабуе не толькі багатых ведаў, але і праніклівасці, асаблівай увагі і ўмення словам суцешыць боль.
Гады дзяцінства маёй суразмоўцы прайшлі ў горадзе Ціраспалі ў Прыднястроўі, там жа атрымала медыцынскую адукацыю, набыла першы практычны вопыт. А пасля ў госці да сваякоў у Ціраспаль прыехаў хлопец з беларускага Лепеля. Дзеля яго і змяніла родны горад на ўтульны гарадок на Віцебшчыне.
Муж Уладзімір ужо на працягу 18 гадоў яе самая надзейная апора і падтрымка. У сям’і растуць два сыны — 11-класнік Арцём і 9-класнік Максім. Маці марыць, што хлопцы стануць прадаўжальнікамі сямейнай дынастыі ўрачоў.
Выхадныя дні Вольга Анатольеўна разам з сям’ёй з задавальненнем праводзіць на дачы ў вёсцы Чэрцы Лепельскага раёна. Тут, сярод зеляніны дрэў, на свежым паветры і бацькі, і дзеці атрымліваюць зарад бадзёрасці і новых сіл. Калі ёсць магчымасць, яны з радасцю наведваюць родных у Ціраспалі, але заўсёды яшчэ з большай радасцю вяртаюцца ў Лепель, бо тут, у Беларусі, іх дом, дзе камфортна жыць і працаваць.
Дарэчы, для аказання кваліфікаванай дапамогі пацыентам у раённай бальніцы ёсць усё неабходнае. У педыятрычным аддзяленні, дзе працуе Вольга, праведзены капітальны рамонт. Усе пакоі, санітарныя памяшканні маюць новае сучаснае аблічча, набыта новая мэбля.
...Раптам адчыняюцца дзверы — і ў кабінет урача ўваходзіць маленькая пацыентка. Чатырохгадовая Насцечка прыйшла на агляд разам з матуляй.
— Ну, што, маё сонейка? Давай я цябе паслухаю! Ты ўжо, напэўна, ідзеш на папраўку... — ласкава звяртаецца да дзяўчынкі ўрач-педыятр. Дзяўчынка паслухмяна адкрывае рот і падымае маечку для праслухоўвання лёгкіх.
— Мая ты птушачка! Усё ў цябе добра! Ты здаровенькая! — кажа ўрач, а Насцечка па-дзіцячы шчыра абдымае Вольгу Анатольеўну. Вось яны, цудоўныя імгненні, якія з’яўляюцца самым лепшым падарункам, сапраўднай узнагародай за высокі прафесіяналізм і адданасць сваёй справе.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ