Top.Mail.Ru

Прызнанне значнасці Беларусі ў сістэме глабальных сувязяў: эксперт — аб прапанове Трампа па стварэнні Савета міру

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег Дзячэнка пракаментаваў zviazda.by ініцыятыву амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа накіраваць асабісты зварот Аляксандру Лукашэнку з прапановай стаць адным з заснавальнікаў Савета міру. 



— Сёння ў свеце маецца шэраг неўрэгуляваных узброеных канфліктаў, а пазіцыі бакоў па некаторых з іх аказваюцца ўзаемавыключальнымі. Да такіх «хранічных» і дзесяцігоддзямі дэстабілізуючых увесь Блізкі Усход, безумоўна, адносіцца супрацьстаянне паміж палесцінцамі і ізраільцянамі, — нагадвае парламентарый. 

Ён адзначае, што створаныя 80 гадоў назад наднацыянальныя механізмы вырашэння падобных канфліктаў відавочна састарэлі і паказалі слабую эфектыўнасць у папярэджанні ўзброеных канфліктаў. Гэта разумеюць усе разважлівыя палітыкі, зацікаўленыя ва ўстанаўленні трывалага і доўгачасовага міру на Зямлі. 

— Варта прызнаць — даўно наспела неабходнасць у дадатак да ўжо існуючых утварэння новай арганізацыі па міжнароднай бяспецы, якая, кіруючыся меркаваннямі геапалітычнай мэтазгоднасці, забяспечыць спыненне ўзброеных канфліктаў там, дзе яны палыхаюць у цяперашні час, а таксама зробіць усё магчымае для недапушчэння іх аднаўлення, — лічыць намеснік старшыні профільнай камісіі. — Таму чарговая ініцыятыва амерыканцаў запусціць новую «механіку» спынення старых араба-ізраільскіх спрэчак дае надзею на забеспячэнне адпаведных умоў для перагаворнага палітычнага працэсу і пошуку канчатковага блізкаўсходняга ўрэгулявання. 

У сувязі з гэтым, звяртае ўвагу эксперт, асабісты зварот 47-га амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа ў адрас кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі стаць сузаснавальнікам новай міжнароднай арганізацыі «Савет міру» сведчыць аб добрых намерах вашынгтонскай адміністрацыі ў дачыненні да нашай краіны і азначае прызнанне палітычнай значнасці Рэспублікі Беларусь у сістэме глабальных міжнародных сувязяў. 

— І гэта заканамерна, паколькі міратворчая пазіцыя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўсім даўно і добра вядомая. На ўсіх нацыянальных і міжнародных пляцоўках ён выступае супраць любых ваенных канфрантацый, патрабуе спынення войнаў і прадухілення сітуацый, якія могуць выклікаць небяспечнае абвастрэнне міжнародных адносін, — падкрэслівае суразмоўца. — Прэзідэнт неаднаразова заклікаў да фарміравання новай, больш здаровай сістэмы міжнародных адносін, якая адпавядае інтарэсам усіх народаў. Мір і бяспека — вось адна з галоўных мэт яго прэзідэнцкай работы. Вынік такой палітыкі відавочны ўсім, хто ведае і разумее, якой дарагой цаной забяспечваюцца мір і спакой у нашай краіне. 

Такім чынам, робіць выснову парламентарый, беларускі вопыт міратворчасці, стварэння гарманічнай шматнацыянальнай і поліканфесійнай грамадзянскай супольнасці можа быць эфектыўна выкарыстаны ў пераадоленні крызісных фактараў і знаходжання ўзаемапрымальных рашэнняў не толькі па вырашэнні канфлікту ў Газе, але і ў іншых гарачых кропках зямнога шара. 

На заканчэнне Алег Дзячэнка адзначыў, што ў адказ на зварот амерыканскага лідара наш Прэзідэнт прыме правільнае рашэнне, кіруючыся пры гэтым выключна дзяржаўнымі інтарэсамі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю