Як можна выказаць сваю любоў да роднага горада? Адзін з самых арыгінальных спосабаў — стварыць унікальную прадукцыю, якая стане яго сімвалам. На хлебазаводзе нумар 6 прадпрыемства «Мінскхлебпрам» вырашылі ўвасобіць гэту ідэю ў жыццё, выпусціўшы ў маі гэтага года заварны хлеб пад паэтычнай назвай «Менскi Каханы».
Новы хлеб стаў гарманічным спалучэннем традыцыі, якасці і сучаснасці. У ім захавана традыцыйная для хлебазавода тэхналогія вытворчасці заварнога хлеба — шматэтапны працэс, які займае больш за 15 гадзін. Якасць пацвярджаецца багатым смакам цёмнага хлеба, яго водарам, эластычнасцю і прыгожым мякішам. Сучаснасць жа прыўнесла ў прадукт новую ўпакоўку: па-першае, яна папяровая, што больш экалагічна, а па-другое, дызайн аб’ядноўвае знаёмыя кожнаму мінчаніну куткі сталіцы.
«Над афармленнем працавала група дызайнераў, натхнёных наведваннем нашага прадпрыемства. Мы запрасілі іх на экскурсію, абмеркавалі працэс вытворчасці і падзяліліся сваёй любоўю да работы, горада і павагай да традыцый Беларусі», — расказала начальнік вытворча-тэхналагічнай лабараторыі хлебазавода нумар 6 прадпрыемства «Мінскхлебпрам» Юлія Чымбур.
Новая ўпакоўка перадае рытм жыцця мінчан і адлюстроўвае асноўныя славутасці горада: кола агляду ў парку імя М. Горкага, плошчу Перамогі, «Вароты Мінска», Траецкае прадмесце і Палац Незалежнасці. Нават трамваі і метро знайшлі сваё месца на ўпакоўцы хлеба. Так што для гасцей сталіцы ён можа стаць адным з сувеніраў, які варта ўзяць з сабой.
Нягледзячы на тое, што прадукт выпушчаны зусім нядаўна, ён ужо карыстаецца вялікім попытам і паспеў заваяваць некалькі незалежных узнагарод на конкурсах.