19 жніўня праваслаўныя вернікі адзначаюць Праабражэнне Гасподняе, якое ў народзе называюць Яблычным Спасам (Вялікім Спасам, Спасам «на гары»).
19 жніўня праваслаўныя вернікі адзначаюць Праабражэнне Гасподняе, якое ў народзе называюць Яблычным Спасам (Вялікім Спасам, Спасам «на гары»).
У Бібліі гаворыцца, што менавіта ў гэты дзень Ісус Хрыстос явіў народу сваю боскую сутнасць. З трыма апосталамі Сын Божы ўзняўся на гару Фавор і толькі пачаў маліцца, як раптам твар яго азарыўся яркім святлом, а адзенне стала беласнежным, зіхатлівым — так змяніўся Гасподь, дэманструючы сваю веліч і паказваючы, як зменіцца свет у хуткім часе.
Для праваслаўных хрысціян — гэта падзея знакавая. Вернікі стараюцца ўнутрана змяніцца. Безумоўна, нікому не дадзена паўтарыць Праабражэнне Гасподняе, але гэты дзень — нагода пачаць новае жыццё, свабоднае ад заганаў і шкодных звычак.
«Спачатку — Богу, потым — нам»
Яблычным Спасам гэту дату ў народзе назвалі невыпадкова. З ёю звязана народна-хрысціянская традыцыя асвячэння яблыкаў новага ўраджаю. Меркавалі, што менавіта да гэтага часу плады паспяваюць і наліваюцца сокам.
Калі верыць хрысціянскім паданням, першапачаткова царкоўныя правілы прадпісвалі несці для асвячэння на Праабражэнне Гасподняе вінаград. Лічылася, што менавіта ён ідэальна падыходзіць для прыгатавання спецыяльнага віна, якое ў царкве выкарыстоўваюць для таінства прычасця. Але паколькі ў нашых шыротах на той час вінаград не вырошчвалі, то замест вінаграду выбар паў на яблыкі. Рытуал асвячэння новага ўраджаю стаў сімвалам дару Госпаду ад бласлаўлёнай ім прыроды.
Дарэчы, у даўніну строга выконвалася правіла да Яблычнага Спасу не ўжываць у ежу яблыкі і стравы з іх.
У народзе казалі: «Прыйшоў Другі Спас — трымай рукавіцы ў запас», намякаючы, што ў гэту пару звычайна халаднела.
Яблычны Спас лічылі днём адлёту буслоў. Было заўважана: калі буслы пачыналі рыхтавацца да вылету за тыдзень да Спаса, то зіма будзе ранняй і марознай, а вясна — цёплай; калі ж пасля Спаса — восень будзе цёплай, зіма — позняй, а вясна — халоднай. Адлёт буслоў сведчыў аб набліжэнні зімы.
Лічылася, што яблыкі, сабраныя ў гэты дзень, даўжэй захоўваюцца і маюць лекавыя ўласцівасці. У Яблычны Спас стараліся пачаставаць яблыкамі ў першую чаргу сірот, удоў і немаёмных. Кожны лічыў сваім абавязкам падзяліцца з беднымі новым ураджаем, хворым людзям дасылалі кошыкі з пладамі дамоў. У вёсках на вуліцы накрывалі вялікія сталы, было прынята прыносіць пачастункі, гаспадыні маглі прадэманстраваць свае кулінарныя здольнасці.
Паколькі Яблычны Спас, таксама як і Мядовы, прыпадае на двухтыднёвы пост, устаноўлены ў гонар царкоўнага свята Успенне Прасвятой Багародзіцы (Прачыстая), усе стравы ў гэты дзень былі поснымі. Пяклі посныя пірагі, былі яблыкі і мачоныя, і запечаныя, і сушаныя. Асабліва ўмелыя гаспадыні гатавалі яблычны квас па старадаўніх рэцэптах.
Рэцэпты страў на аснове яблыкаў
Яблычны мармелад
У «яблычныя» гады тым, у каго ёсць уласны сад, няпроста справіцца з перапрацоўкай багатага ўраджаю. Рэцэпт мармеладу дазваляе пусціць у ход вялікую колькасць яблыкаў і атрымаць дэсерт, які не сапсуецца на працягу доўгага часу.
Інгрэдыенты: яблыкі (лепш выкарыстоўваць кіслыя сарты) — 1,5 кілаграма; цукар — 950 грамаў; цукар ванільны — 10 грамаў; вада — 200 мілілітраў.
Нарэжце ачышчаныя яблыкі кавалачкамі, пакладзіце ў каструлю з тоўстым дном або сатэйнік, уліце ваду. Пастаўце на невялікі агонь і давядзіце да кіпення. Тушыце пад накрыўкай на слабым агні, час ад часу памешваючы, — на разварванне яблыкаў ідзе каля паўгадзіны.
Злёгку астудзіце атрыманую масу і апрацуйце яе блендарам да стану пюрэ.
Пастаўце каструлю на ўмераны агонь, адразу як закіпіць зменшыце яго да мінімуму, накрыйце і варыце яшчэ паўгадзіны, перыядычна памешваючы. Дадайце цукар — просты і ванільны. Памешваючы, зноў давядзіце да кіпення і ўварвайце яшчэ амаль гадзіну на малым агні.
Форму для мармеладу заслаць пергаментнай паперай, затым выліць у яе яблычную масу і разраўнаваць.
Пасля астывання паставіць мармелад у халадзільнік на 5-6 гадзін.
Яблыкі ў карамелі з карыцай
Інгрэдыенты: буйныя яблыкі — 3 шт.; молатая карыца — 0,5 ч. л.; масла сметанковае — 2 ст. л.; цукар — 3 ст. л.
Яблычны збіцень з мятай і вострымі прыправамі
Інгрэдыенты: вада — 1 л, яблыкі — 300 г, мята — 2 ст. л., мёд — 50 г, карыца — 1 шт. (палачка), гваздзіка, бадзян, сок лімонны — 1 ст. л.
Яблыкі памыць, ачысціць, выдаліць асяродак і парэзаць нявялікімі долькамі.
Далей дадаць сухую мяту, палачку карыцы, бадзян і тры гваздзічкі. Уліць літр кіпеню, накрыць каструлю і паварыць усё на слабым агні прыкладна 10–15 хвілін. Даць пастаяць пад накрыўкай яшчэ паўгадзіны.
Затым вадкасць трэба працадзіць. І потым ужо можна дадаць мёд без страты карысных уласцівасцяў. Цяпер застаецца дабавіць свежавыціснуты сок лімона, размяшаць і можна ўжываць. Збіцень — напой, які не варыцца ў запас. Але гэта і не бяда, паколькі работы тут мінімум і кожны раз можна эксперыментаваць са смакамі, выкарыстоўваючы розныя вострыя прыправы.