Top.Mail.Ru
136

«Прыязджайце да нас у Ліду!»

Так запрашаюць сваіх знаёмых перасяленцы з Латвіі, для якіх гэты горад і яго ваколіцы сталі домам

Калі пачытаць у сеціве пасты людзей, якія разглядаюць Беларусь у якасці краіны для пераезду на ПМЖ, можа ўразіць геаграфія: сюды хочуць пераехаць як з суседніх краін, так і з Ізраіля, Амерыкі, Еўропы. Цікава: людзі шукаюць для жыцця невялікія гарадкі і нават вёскі. Просяць парады, пытаюцца ў іншых перасяленцаў, дзе і як хто прыжыўся. У Telegram створаны групы, дзе перасяленцы, якія жывуць цяпер у розных рэгіёнах Беларусі, дзеляцца сваім вопытам. Адны з такіх — у Лідзе. Сюды ўжо пераехала некалькі сем’яў. Перасяленцы ў захапленні ад горада. Новыя жыхары Ліды перазнаёміліся паміж сабой, зладзілі экскурсію на шклозавод «Неман», разам адзначаюць святы, робяць планы на сумесныя летнія канікулы.

«Людзі пераязджаюць у Беларусь па розных прычынах», — расказвае Руслан, за якім «замацаваны» Ліда і ваколіцы. — «Напрыклад, да мяне звярталіся сем’і з Германіі. Там найперш хвалююцца за дзяцей: гэта небяспека малых на вуліцы, прышчэпкі, ад якіх нельга адмовіцца, прапаганда ЛГБТ. Людзі хочуць быць мамамі і татамі, а не бацькамі па нумарах, а ў будучыні паваждацца з унукамі». Было і такое, што пісаў шматдзетны бацька, які цікавіўся, як усю сваю сям’ю перавезці ў Беларусь, дзе вялікія сем’і паважаюць і падтрымліваюць на дзяржаўным узроўні. Бо ў той краіне, дзе ён пражывае, на просьбу аб падтрымцы яму адказалі: "калі вам 8 дзяцей расціць цяжка — можам парачку забраць".Руслан мне прапаноўвае пазнаёміцца з перасяленцамі з Латвіі. Ён сам, як прызнаецца, жыве на дзве краіны. Побач з Лідай, у Бярозаўцы, аселі яго бацькі і сёстры, не так даўно перабралася сюды і яго жонка (пасля таго як не здала іспыт на веданне латышскай мовы) са сваімі бацькамі. У Латвіі ў Руслана засталіся дарослы сын, сябры. Само жыццё аб’яднала лёсы людзей. У Латвіі — многа выхадцаў з Беларусі, у нашай краіне ў латышоў багата сяброў, моладзь з абедзвюх краін разам вучылася, утвараліся сем’і, людзі старэйшага ўзросту паспяхова вялі бізнес. І было натуральным ездзіць туды-сюды. А чаму латышам не выбрацца на адпачынак ці лячэнне ў Беларусь?! Так блізка, ды яшчэ і бязвіз. «Сёння гэтыя сувязі, на жаль, парушаюцца», — заўважае Руслан. Ён прызнаецца, што апошнія гады ўсё больш людзей да яго звяртаюцца праз сацсеткі не толькі па параду, але і з просьбай дапамагчы з пераездам.

Дыпломная работа Сямёнавіча

З «маладых» перасяленцаў — хто яшчэ толькі асвойваецца на Лідчыне — Сямёнавіч. Мужчына набыў дамок у вёсцы побач з горадам Бярозаўка. Спадабалася само месца — прырода, «тры хвіліны» да Нёмана. Сямёнавічу 85. 

Пяць гадоў, як няма яго жонкі. І гэта адна з прычын, з-за якой ён наважыўся на кардынальныя змены ў жыцці. 

Камуналка за аднапакаёвую кватэру, плюс электрычнасць і інтэрнэт абыходзіліся ў 400 еўра, яшчэ 150–200 — забірала машына, паліва. Калі два пенсіянеры, яшчэ сяк-так можна жыць, а адзінокаму чалавеку цяжка. Да таго ж у Латвіі значна даражэйшыя і лекі, і медыцынскія паслугі. Каб прайсці бясплатнае абследаванне — чэргі на паўгода.

Перабрацца ў Беларусь Сямёнавіч вырашыў не толькі з-за фінансавых праблем — збег ад адзіноты. Тут у яго ўжо з’явілася багата сяброў, цешыць нават тое, што вясковыя дзеці, калі сустракаюць на вуліцы, вітаюцца. «Засталася нерастрачаная пяшчота. Хочацца, каб побач быў чалавек, пра якога буду клапаціцца, кім змагу ганарыцца», — Сямёнавіч просіць падабраць яму «нявесту», абяцае, як абжывецца, запісацца ў мясцовы хор.

У планах Сямёнавіча — зрабіць «апошнюю дыпломную работу»: давесці да ладу набыты вясковы дом і пабудаваць побач маленькую лазню, дзе будуць электрычнасць, гарачая вада . «Усё хачу зрабіць сам, — дзеліцца Сямёнавіч. — Будоўляй усё жыццё займаюся, шкада толькі, што стары станок, да якога я ўжо так прывык за 35 гадоў, з Латвіі не магу перавезці. Лічыцца, што такія прыстасаванні «звязаны з камерцыйнай дзейнасцю».

Невыпадковы выбар Лідзіі

У Берзінышаў (па просьбе герояў прозвішча зменена) у Ліду пераехалі тры пакаленні: разам з пенсіянерамі Лідзіяй і Васілём у Беларусі новае жыццё сёння наладжваюць іх дачка і ўнукі. Калі выбіралі горад, найперш шукалі, каб ён быў бліжэй да граніцы. «Мы хацелі знайсці камфортнае месца для жыцця, пры гэтым адчуваць, што родныя людзі, якія жывуць у Латвіі, знаходзяцца побач», — расказваюць сужэнцы. У Лідзіі — беларускія карані, тут жыве яе сяброўка, сям’ёй сюды часта ездзілі на адпачынак і лячэнне. У адной з такіх паездак сям’я праязджала Ліду, і, відаць, тое быў падарунак лёсу. Мы нават жартавалі: «Ліда едзе ў Ліду. А ўжо ў апошнія гадзіны перад канчатковым пераездам я падумала: гэта ж збылася мара — у нас будзе ўласны дом і на пенсіі мы зможам пажыць у сваё задавальненне», — прызнаецца жанчына. Напачатку яны проста шукалі дзве кватэры побач — для сябе і дачкі, якой дапамагаюць даглядаць дзяцей. А тут трапіўся прыватны дом у Лідзе з асобнымі ўваходамі і кухнямі, які пасля смерці бацькоў прадавалі спадчыннікі. Перасяленцам жыллё дасталася нават з мэбляй і посудам. А калі Васіль, які любіць корпацца ў зямлі, пачуў, што тут яшчэ і надзел зямлі з невялікім садам і цяпліцай, загарэўся: «Трэба браць!»

Прадстаўнікі старэйшага пакалення звярнулі ўвагу, калі прыязджалі ў Беларусь, на рэкламныя шчыты, што вучаць любіць сваю зямлю, працу: «Неяк так цёпла ад гэтага, згадваеш мінулае». Магчыма, патрыятычнае выхаванне — работа і на бяспеку краіны. Мае суразмоўцы з болем адзначаюць, што з Латвіі сёння з’язджае і разлятаецца па розных краінах багата людзей. Закрываюцца кавярні, згортваецца бізнес, дамы стаяць пустыя, часам здаецца, што пасля 16 гадзін гарады выміраюць.

Лідзія ўпэўнена, што перасяленцаў магло б быць больш: людзі хочуць 

датрываць да пенсіі. Але ці ва ўсіх гэта атрымаецца, яшчэ пытанне: «Можа, вы чулі? У нас у адной з бальніц 50 чалавек скарацілі за тое, што людзі маюць расійскае ці беларускае грамадзянства, караюць і за няведанне латышскай мовы». Праблема ў тым, што людзі не маглі прадугледзець, што некалі на сваіх і чужых будуць дзяліць толькі з-за мовы. Не ўсе гатовыя хутка перастроіцца. «Вельмі не хочацца верыць, што мы, якія нарадзіліся і выраслі ў Латвіі, раптам сталі непатрэбнымі. Не губляем надзею, што ўсё наладзіцца. Але, разумеем: маладыя не могуць чакаць — ім трэба карміць дзяцей ці спяшацца напрацаваць на стаж на новым месцы (вельмі хацелася б, каб папярэдні працоўны стаж улічваўся і на новым месцы жыхарства)». Калі дачку Лідзіі звольнілі быццам бы за тое, што ў яе малое дзіця, якое можа часта хварэць, сям’я рашылася на пераезд у Беларусь.

Новыя жыхары Ліды не нарадуюцца, што тут вельмі камфортна дзецям. Напрыклад, у Латвіі ўнук скардзіўся, што, калі ў школе дзеці на перапынках паміж сабой размаўлялі па-руску, настаўнікі ім рабілі заўвагі. У Беларусі ж аднакласнікі часам просяць у яго штосьці сказаць па-латышску: ім гэта так цікава! З-за таго, што няма моўнай праблемы, у хлопчыка паспяховасць вырасла па ўсіх прадметах. 

Унучка Лідзіі ходзіць у садок. Бабуля ўжо заўважыла змены ў малой: «Мы бачым, як займаюцца выхавацелі, як тут з маленства дзецям прывіваюць беражлівае стаўленне да ўсяго: да ежы, да людзей, вучаць паважаць старэйшых. Гэта тое, на чым раслі мы».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю