У Чэрвеньскім дзіцячым сацыяльным пансіянаце «Ігуменскі» пабывалі работнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю. Выхаванцы падрыхтавалі для гасцей святочнае навагодняе прадстаўленне. Яго героямі сталі казачныя персанажы і, вядома, Дзед Мароз са Снягуркай.
З надыходзячымі святамі дзяўчынак і хлопчыкаў павіншаваў старшыня Камітэта дзяржкантролю Беларусі Васіль ГЕРАСІМАЎ. Сярод пажаданняў — здароўя, поспехаў і надзейных сяброў. Не абышлося мерапрыемства і без чаканых падарункаў. Работнікі Камітэта дзяржкантролю набылі для пансіяната два халадзільнікі, а для выхаванцаў — дзіцячыя развіццёвыя гульні і наборы садавіны.
У пансіянаце цяпер выхоўваецца 296 дзяцей і падлеткаў. Акрамя вучэбнага працэсу, лячэбных і аздараўленчых мерапрыемстваў хлопцы і дзяўчаты займаюцца ў швейнай і сталярнай майстэрнях. Тут таксама працуе 13 гурткоў па інтарэсах.
Да пачатку святочнага мерапрыемства Васіль Герасімаў азнаёміўся з умовамі, створанымі для выхаванцаў. Ён наведаў агульнаадукацыйныя, лячэбныя і спартыўныя кабінеты і залы, пагутарыў з работнікамі ўстановы.
«Мне так падабаецца, калі да нас госці прыязджаюць. Прыязджайце часцей», — звярнуўся да прысутных выхаванец Юрый НЕСЦЕРАЎ.
Таму што для дзетак важныя не проста падарункі, а ўвага, адзначыла дырэктар пансіяната Эла БАРЫСАВА: «Новыя людзі — гэта заўсёды новыя эмоцыі, новыя сябры і новыя магчымасці. Такія сустрэчы станоўча ўплываюць на дзяцей, узнімаюць настрой і надоўга застаюцца ў памяці».