Пастановай урада была зацверджана дзяржаўная праграма «Будаўніцтва жылля» на 2026-й гады, якая накіравана на стварэнне ўмоў для задавальнення грамадзянамі патрэбы ў даступным і камфортным жыллі ў адпаведнасці з іх індывідуальнымі запытамі і фінансавымі магчымасцямі. Што ж прадугледжваецца?
Арэнда, рэнавацыі і дзяржзаказ
Праз якасную трансфармацыю
«Жыллёвая палітыка ў бягучай пяцігодцы праходзіць праз якасную трансфармацыю, — лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Таццяна ВАСІЛЮЧАК. — Ключавымі акцэнтамі стануць пашырэнне арэнднага фонду, пераход да дзяржаўнага заказу як асноўнага інструмента падтрымкі тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама ўкаранення механізмаў рэнавацыі».
Развіццё жыллёвага будаўніцтва ў бягучай пяцігодцы будзе арыентавана на будаўніцтва арэнднага жылля для запатрабаваных на рынку працы спецыялістаў. Арэнднае жыллё дазваляе шукаць не работу каля дома, а дом каля работы, што станоўча адбіваецца на дабрабыце грамадзян і ў цэлым развіцці эканомікі краіны, лічыць спецыяліст.
Увод агульнай плошчы арэнднага жылля складзе 5 мільёнаў квадратных метраў агульнай плошчы за 5 гадоў. Атрымліваецца, што тэмпы будаўніцтва арэнднага жылля вырастуць практычна ў пяць разоў.
Акрамя арэнднага жылля, запатрабаваным застаецца будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай, якое ў сілу дзеючага з 2025 года заканадаўства трансфармуецца ў будаўніцтва жылля па дзяржаўным заказе. Агульны аб’ём гэтага жылля складзе 1,25 мільёна «квадратаў» за пяцігодку.
Кожнаму па кішэні
Працягнецца будаўніцтва жылля сацыяльнага карыстання для грамадзян, якія маюць на яго права (шматдзетным сем’ям, дзецям-сіротам і іншым катэгорыям). Доля будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў насельніцтвам у агульным аб’ёме жыллёвага будаўніцтва застанецца не менш за 40 % (штогод). Чакаецца, што агульны ўвод жылля сфарміруецца на ўзроўні 4 мільёны квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Сярэдні кошт будаўніцтва квадратнага метра не перавысіць намінальнай налічанай сярэдняй заработнай платы работнікаў нашай краіны.
Такім чынам, асноўная мэта дзяржаўнай праграмы — даступнае і якаснае жыллё, лічыць Таццяна Васілючак. Гэтая мэта будзе дасягацца за кошт вырашэння адразу некалькіх задач. У першую чаргу трэба забяспечыць патрэбнасці грамадзян у жыллі розных спажывецкіх якасцяў і цэнавай даступнасці. Паралельна будзе весціся павелічэнне аб’ёмаў будаўніцтва арэнднага жылля з наступнай перспектывай яго выкупу для асобных катэгорый грамадзян. Неабходна далейшае развіццё індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, а таксама забеспячэнне ўзвядзення інжынернай і транспартнай інфраструктуры да жылых дамоў.
Рэалізацыя задач, прадугледжаных дзяржаўнай праграмай, дасць магчымасць забяспечыць выкананне асноўнага зводнага мэтавага паказчыка.
А гэта значыць — дасягнуць забяспечанасці насельніцтва жыллём у разліку на аднаго жыхара на канец пяцігодкі — 33 квадратныя метры агульнай плошчы (зараз — 30,4 «квадрата»).
Новы кірунак
Таццяна Васілючак адзначыла, што рэнавацыя — новы кірунак дзяржаўнай жыллёвай палітыкі ў нашай краіне. Яго рэалізацыя прадугледжана канцэпцыяй дзяржаўнай жыллёвай палітыкі да 2030 года, якая зацверджана пастановай урада. У 2026–2030 гадах плануецца фарміраванне і ўдасканаленне нарматыўнай прававой базы ў галіне рэнавацыі тэрыторый і жылля. Аб’ёмы і крыніцы фінансавання адпаведнай падпраграмы будуць вызначаны пасля распрацоўкі заканадаўства, якое рэгулюе дадзенае пытанне.
Гэта даволі аб’ёмны фронт работы. Падлічана, што на рэнавацыю могуць быць адпраўлены каля 2,5 тысячы так званых «хрушчовак» (малапавярховыя дамы першых тыпавых серый, пабудаваныя ў сярэдзіне мінулага стагоддзя). Толькі ў Мінску амаль 900 такіх будынкаў (гэта каля трох мільёнаў квадратных метраў жылля), нарматыўны 25-гадовы тэрмін службы якіх даўно мінуў.
Сяргей КУРКАЧ
Новыя аб'екты — шматдзетным і ваеннаслужачым
Планы па будаўніцтве жылля, іх рэалізацыі і ўводзе плошчаў да канца года абмеркавалі ў Мінгарвыканкаме. Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ нагадаў, што студзень завяршаецца, і трэба вельмі сур’ёзна падыходзіць да тых работ, якія запланаваны ў будаўніцтве.
Як паведаміла старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава, сёлета больш за ўсё арэнднага жылля будзе ўзведзена ў Фрунзенскім раёне, там запланавана чатыры дамы. У Акцябрскім і Партызанскім раёнах — два жылыя аб’екты, а ў Першамайскім пабудуюць цэлую групу шматкватэрных дамоў. Усяго плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 36, 6 тыс. кв. м арэнднага жылля.
Жылля ў межах дзяржзаказу пабудуюць 28,6 тыс. кв. м. Для грамадзян, якія будуюцца з дзяржаўнай падтрымкай, адведзена 26,9 тыс. кв. м жылля. Два дамы ў Заводскім раёне і адзін — у Партызанскім ужо ўведзены ў эксплуатацыю. У Акцябрскім раёне сталіцы па генплане плануецца ўвод жылога дома. У Першамайскім раёне ўвядуць групу шматкватэрных дамоў. Фрунзенскі раён таксама павялічыцца на адпаведныя два жылыя аб’екты. У Цэнтральным раёне плануюць здаць забудову мікрараёна Паўночны. У Партызанскім раёне сталіцы з’явяцца жылыя дамы з выкарыстаннем электраэнергіі для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Акрамя таго, сталіца папоўніцца 1,9 тыс. кв. м жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання.
Ірына Гонтарава акрэсліла задачы на гэты год: «Частка аб’ектаў знаходзіцца на стадыі будаўніцтва, частка — плануецца да пачатку ўзвядзення, як з першага квартала, так і на працягу года. Для шматдзетных сем’яў сёлета плануецца выдзеліць 1348 кватэр».
Так, для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў будзе ўзводзіцца шэраг дамоў.
У Ленінскім раёне гэта забудова мікрараёна Лошыца-10 — там з’явяцца чатыры дамы. У Маскоўскім раёне плануецца забудова груп шматпавярховікаў, а таксама чатырох жылых дамоў. У Партызанскім раёне распачнецца будаўніцтва дзвюх груп шматпавярховікаў, адной шматкватэрнай жылой забудоўлі і ўзвядзенне шматкватэрных дамоў. Што датычыцца будоўлі ў Першамайскім раёне, то тут плануецца ўзвядзенне дзвюх груп шматкватэрных жылых дамоў і трох жылых дамоў. У Савецкім раёне з’явіцца шматкватэрны жылы дом і запланавана ўзвядзенне яшчэ аднаго па вул. Кальцова. Фрунзенскі раён папоўніцца на дзве шматкватэрныя забудовы і жылы дом. У Цэнтральным раёне ўзвядуць цэлы жылы квартал. Палепшыць свае жыллёвыя ўмовы грамадзяне змогуць і ў мікрараёне Паўночны. Там таксама плануецца забудова.
У горадзе-спадарожніку Смалявічы плануецца ўвядзенне ў эксплуатацыю 8,1 тыс. кв. м жылых дамоў, у тым ліку два арэндныя будынкі. Сёлета тут пабудуюць жыллё для ваеннаслужачых.
Надзея Зуева
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА