Top.Mail.Ru

Прыціскалася да ног і ела з рук. Знясіленую казулю выратавалі ў Столінскім лясгасе

Егер і паляўніцтвазнавец Столінскага лясгаса выратавалі казулю, якая знясіленая ляжала на дарозе. Падрабязнасці гэтай гісторыі расказаў егер Юрый Рудзінскі, перадае БелТА.



У другой палове дня 3 лютага егер і паляўніцтвазнавец аб’язджалі падкормачныя пляцоўкі, везлі жывёлам моркву і зерне. «Дзесьці за 2-3 км ад Дубоя мы выехалі з лесу на грунтавую дарогу і ўбачылі машыну, якая спынілася. Спачатку падумалі, што адбылося ДТЗ, пад’ехалі туды. Мужчына і жанчына стаялі, а побач з імі ляжала казуля-сяголетак, самачцы каля шасці месяцаў. Яна была знясіленая. Мабыць, матуля загінула, а малая выйшла на дарогу. Людзі яе хлебам кармілі, яна ела з рук», — расказаў Юрый Рудзінскі. 

Паводле яго, звычайна казулі палохаюцца людзей і ўцякаюць. Малая ж не сыходзіла, як быццам чакала дапамогі. У Столінскім раёне гурбы да калена і вышэй. З-за адлігі і наступнага марозу ўтварылася скарынка, якая раніць ногі жывёлам. «Мы патэлефанавалі ветэрынарам, каб даведацца, на якія моманты звярнуць увагу. Абследавалі казулю, пашкоджанняў не было. Яна не сыходзіла, стаяла побач, больш да ног прыціскалася», — заўважыў егер. 

Абдумаўшы сітуацыю, работнікі лясгаса забралі казулю да сябе ва УАЗ. «Мы ўключылі печку бліжэй да задніх сядзенняў. Яна практычна не рухалася, прысядала, мабыць, стамілася па такім снезе хадзіць. Праз паўгадзіны казуля адагрэлася. Насыпалі ў вядро збожжа, яна паела. Давала сябе пагладзіць», — дадаў Юрый Рудзінскі. 

Спецыялісты ведаюць месцы, куды прыходзіць вялікая колькасць казуль. У адным з такіх месцаў размешчана падкормачная пляцоўка. Туды адвезлі малую. «Гэта маладняк, яна сама не выжыве. Калі пакінуць — ваўкі ці сабакі з’ядуць. Мы яе адвезлі на падкормачную пляцоўку. Пакінулі там есці зерне. Зараз казулі ходзяць статкам, збіраюцца па 20-50 асобін, так ім лягчэй пракарміцца. Сёння я рабіў аб’езд, дасыпаў корм на кармавых пляцоўках. Нашай казулі не было. Сто працэнтаў яе ў статак прынялі, і яна сышла з іншымі казулямі», — растлумачыў егер. 

У Столінскім лясгасе — тры егерскія абходы, у кожным з іх каля дзясятка кармавых пляцовак. Туды некалькі разоў на тыдзень прывозяць зерне, соль, бульбу, моркву. Юрый Рудзінскі егерам у лясгасе працуе 11 гадоў. Такой суровай зімы, па яго словах, даўно не было. Жывёлам прыходзіцца вельмі няпроста ў такіх умовах. «Падчас „Хаўера“ не было такога марозу і столькі снегу не ляжала працяглы час. Зараз ледзяная скарынка на снезе, жывёлы не могуць дабрацца да травы. Ім вельмі складана. Цяжэй за ўсё казулям, зайцам, курапаткам. Кормім іх на падкормачных пляцоўках. Лось прыходзіць толькі на саланцы. Ён есць галінкі, кару. Сам дастае», — падсумаваў мужчына.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю