Top.Mail.Ru

Прысуджаны прэміі «За духоўнае адраджэнне» і спецпрэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысудзіў прэміі «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Адпаведныя ўказы кіраўнік дзяржавы падпісаў 31 снежня, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.


За актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, якая садзейнічае ўмацаванню духоўных каштоўнасцей і маральных традыцый беларускага народа, патрыятычнаму выхаванню моладзі, па выніках 2024 года прысуджаны тры прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне».

Калектыў Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі ўдастоены ўзнагароды за выдатныя дасягненні ў паляпшэнні якасці медыцынскай дапамогі, развіццё навукі і папулярызацыю ідэй дабрачыннасці і міласэрнасці, калектыў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — за актыўную дзейнасць у патрыятычным выхаванні моладзі і рэалізацыю праекта «Лінія памяці. Код вайны».

Протаіерэй Алег Кунцэвіч, настаяцель прыхода храма Узвіжання Крыжа Гасподняга ў Мінску ўдастоены высокай узнагароды за вялікі асабісты ўклад у справу духоўнай асветы і патрыятычнае выхаванне, увекавечванне памяці аб загінуўшых у фашысцкім лагеры смерці для савецкіх ваеннапалонных «Шталаг 352».

За выдатныя дасягненні ў галіне музычнага, манументальнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і выхавання творчай моладзі, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны восем спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.

Высокай узнагароды ўдастоены калектывы:

Маладзёжнага тэатра эстрады — за значныя дасягненні ў галіне музычнага мастацтва, актыўны ўдзел у грамадска-культурным жыцці краіны;

Гомельскага дзіцячага сацыяльнага пансіяната «Шчаслівыя ўсмешкі» — за развіццё творчага патэнцыялу дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю, інтэграцыю інклюзіўнага мастацтва ў культурную прастору краіны;

Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў — за плённую працу ў галіне навучання і выхавання творчай моладзі, актыўную грамадска-патрыятычную дзейнасць;

Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі — за значныя дасягненні ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, арганізацыю работы Паста № 1 горада-героя Мінска па нясенню Ганаровай Вахты памяці.

За ўклад у рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу ў памяць пра вязняў Азарыцкага лагера смерці ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці спецыяльнай прэміяй адзначаны аўтарскі калектыў у складзе начальніка бюро галоўных інжынераў праекта ААТ па комплексным праектаванні аб’ектаў жыллёва-грамадзянскага прызначэння «Інстытут Гомельграмадзянпраект» Вольгі Ачапоўскай, загадчыка навукова-асветніцкага аддзела Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Вікторыі Заяц і загадчыка філіяла «Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці» Калінкавіцкага краязнаўчага музея Зінаіды Хлебавец.

За рэалізацыю міжнароднага маладзёжнага патрыятычнага праекта «Дарогамі памяці і славы» высокай узнагароды ўдастоены Магілёўская абласная арганізацыя БРСМ, тэлерадыёкампанія «Магілёў» і Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава.

Спецыяльныя прэміі таксама прысуджаны загадчыку аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Таццяне Лапковай — за асабісты ўклад у захаванне і папулярызацыю тэхналогіі апляцення берастой ганчарнага посуду і майстру народных мастацкіх рамёстваў Гродзенскага раённага Культурна-інфармацыйнага цэнтра Ірыне Шавельскай — за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю традыцыйных рамёстваў, адраджэнне народных тэхналогій саломапляцення.

Фота БелТА

Загаловак у газеце: За актыўную дзейнасць і выдатныя дасягненні

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю