Top.Mail.Ru

Прырода і слова выхоўваюць

Майстры Полацкага Цэнтра рамёстваў — частыя госці ў дзіцячым сацыяльным прытулку горада Полацка.

Вось і нядаўняя сустрэча з хлопчыкамі і дзяўчынкамі і іх выхавальнікамі паэтэсы і мастачкі Галіны Загурскай прыўнесла ў штодзённую атмасферу гэтай установы новыя фарбы. 

Пісьменніца расказала пра сапраўдную анталогію дзіцячай літаратуры «Каго баіцца зубр?», дзе разам з прозай і паэзіяй іншых вядомых аўтараў змешчаны і вершы Галіны Загурскай. 

 Дзетак цікавіла не толькі тое, каго ўсё ж такі баіцца велікан беларускага лесу, гаспадар Белавежскай пушчы, — расказвае Галіна Пятроўна, — але і тое, як аўтарам кнігі ўдалося падгледзець многія цікавосткі з жыцця насельнікаў лесу. У мяне склалася такое ўражанне, што юныя чытачы знаёміліся адразу з двума Сусветамі — з прыродай і мастацтвам. І наш цэнтр рамёстваў невыпадкова сябруе з дзіцячым сацыяльным прытулкам. У яго сценах нас заўжды сустракае асаблівая цікаўная да ўсяго аўдыторыя. А што да кнігі «Каго баіцца зубр?», то мяркую, што такіх выданняў павінна быць як мага болей. Такія своеасаблівыя мастацкія і прыродазнаўчыя ў адначассе кнігі — добры ўрок выхавання любові да ўсяго жывога, роднага, урок любові да прыроды.

Творчая руплівасць Галіны Загурскай пастаянна звязана са шматлікімі сустрэчамі ў розных аўдыторыях — з дзецьмі ў навучальных установах і бібліятэках, з дарослымі ў кнігарнях і ва ўстановах культуры. Пісьменніца пераканана, што сёння такі час, які патрабуе шырэй прадстаўляць папяровую кнігу непасрэдна на прэзентацыях, чытацкіх канферэнцыях і іншых імпрэзах. Гэта з’яўляецца найважнейшым клопатам у літаратурным, мастацкім выхаванні грамадства.

Мікола Берлеж 


Чытайце таксама: «Родны край...» падарожнічае па Віцебшчыне

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю