У Мінску прайшлі памятныя мерапрыемствы з нагоды 90-годдзя з дня нараджэння першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева).
Раніцай у Свята-Духавым кафедральным саборы адбылася Боская літургія. Пасля богаслужэння ля помніка мітрапаліту Філарэту здзейснена літыя і ўскладзены кветкі. У цырымоніі прыняла ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
«Жыццёвы шлях Уладыкі — прыклад сапраўднага духоўна-грамадзянскага служэння Царкве і Айчыне. Набожныя дзеянні Мітрапаліта Філарэта заўсёды былі напоўнены ўсепрымальнай любоўю і дабрынёй, маральнасцю і мудрасцю, нястомным клопатам аб адраджэнні і памнажэнні нацыянальных святынь, — адзначыла Наталля Качанава. — Патрыяршы Экзарх усе свае стваральныя справы і запаветныя думкі накіроўваў на ўмацаванне светлых хрысціянскіх ідэалаў, праваслаўнай веры і спрадвечных традыцый у сэрцах людзей, унёс неацэнны ўклад у гарманізацыю міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, умацаванне маральных каштоўнасцей і сямейных асноў».
Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі
Фота: БелТА