Top.Mail.Ru
267

Прыклад бабуль, дзядуль і бацькоў — найлепшая прафарыентацыя

Адкрытае акцыянернае таварыства «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат», адзіны ў Беларусі вытворца сульфатнай бялёнай цэлюлозы, з’яўляецца буйнейшым экспарцёрам, які выпускае гофракардон, гофраскрыні і паперу з першасных валокнаў. У 2020-м тут быў запушчаны сучасны завод па вытворчасці сульфатнай бялёнай цэлюлозы магутнасцю 400 тысяч тон за год. Вядома, што высокія паказчыкі дзейнасці прадпрыемства — гэта вынік зладжанай работы ўсяго калектыву, значную частку якога складаюць працоўныя дынастыі. Адна з іх — сямейная дынастыя Нікіценкаў — Сінкевіч — Махонькаў — Фаміной.


Яна Фаміна, кантралёр уваходнай сыравіны, працуе на камбінаце адзінаццаць гадоў і праявіла сябе не толькі выдатным спецыялістам, але і творчай, неардынарнай асобай. Без яе ўдзелу не адбываецца ні адно мерапрыемства, якое праводзіцца на камбінаце. Яна Вячаславаўна — актыўная ўдзельніца ўсіх спаборніцтваў: не раз паказвала высокія вынікі ў лёгкай атлетыцы, скачках, гульнях у валейбол і іншых. Разам з моладдзю яна актыўна ўдзельнічае і ў грамадскім жыцці прадпрыемства — займаецца добраўпарадкаваннем не толькі тэрыторыі камбіната, а і помнікаў, брацкіх магіл нашых байцоў. Менавіта гэтай маладой актывістцы была даручана ганаровая місія — уручыць кветкі ў час урачыстай сустрэчы Прэзідэнту нашай краіны, які наведаў цэлюлозна-кардонны камбінат у лютым 2020 года.

— Гэта прадпрыемства я лічу сваім родным, таму што тут у свой час працавалі мае бабулі, дзядулі, а зараз і мае бацькі, — расказвае Яна Вячаславаўна. — Пачынальніцай нашай працоўнай сямейнай дынастыі стала бабуля па лініі таты Валянціна Станіславаўна Нікіценка, яна была майстрам ва ўпраўленні тэхнічнага кантролю. Прадпрыемству бабуля аддала 33 гады і для ўсіх нас стала прыкладам вернасці абранай справе, высокай адказнасці і прафесіяналізму.


Калі ж прыйшоў час выбіраць прафесію, я, не раздумваючы, прыйшла працаваць на цэлюлозна-кардонны камбінат. Як і бабуля, пачала свой працоўны шлях кантралёрам ва ўпраўленні тэхнічнага кантролю, сачыла за якасцю гатовай прадукцыі. Пасля выхаду з водпуску па доглядзе дзіцяці зноў вярнулася на прадпрыемства, але ўжо была прызначана кантралёрам уваходнай сыравіны. Гэту работу я выконваю і цяпер: правяраю на якасць прадукцыю, якая паступае на камбінат, — хімічныя рэчывы, фарбу, паперу і г.д.

Асартымент нашай прадукцыі даволі шырокі, таму я адчуваю асаблівую адказнасць: ад таго, на якім узроўні я выканаю сваю справу, залежыць якасць тавараў, якія мы выпускаем. Безумоўна, працаваць даводзіцца шмат, але да работы я адношуся як да любімага занятку. Мая прафесія вельмі цікавая і шматгранная, патрабуе пастаяннага самаразвіцця, паглыблення прафесійнага майстэрства, і гэта вельмі важна,— прызнаецца суразмоўніца. — Прыкладам таго, як трэба адносіцца да сваёй прафесіі, для мяне стала бабуля. На прадпрыемстве яе заўсёды цанілі як выдатнага спецыяліста, патрабавальнага да сябе і іншых, і яе парады былі вельмі карысныя для мяне. Яна заўсёды вучыла быць арганізаванай, дысцыплінаванай і ніколі не забываць пра тое, што работа ўсіх спецыялістаў камбіната ўзаемазвязаная паміж сабой. Бабуля часта дзялілася ўспамінамі, як пачынала сваю працу на камбінаце, як была арганізавана работа раней. Мне вельмі цікава было слухаць, і я разумела, што я і мае калегі не маем права зніжаць узровень высокай адказнасці, зададзены папярэднімі пакаленнямі.


Ганарыцца Яна Вячаславаўна і сваім дзядулем па бацькоўскай лініі Віктарам Іванавічам Нікіценкам, які адпрацаваў на прадпрыемстве не адзін дзясятак гадоў: быў накатчыкам, потым яго прызначылі начальнікам змены. Прадоўжыў Віктар Іванавіч свой прафесійны шлях у падраздзяленні Беларускага вытворча-гандлёвага канцэрна лясной дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, дзе працаваў загадчыкам сектара навукова-даследчай лабараторыі. А затым на працягу дзесяці гадоў быў загадчыкам даследчага тэхналагічнага аддзела.

Усё сваё працоўнае жыццё прысвяціла цэлюлозна-кардоннаму камбінату і бабуля па мацярынскай лініі Ганна Фёдараўна Сінкевіч. Жанчына была прадаўцом магазіна «Агеньчык», дзе рэалізоўвалася прадукцыя прадпрыемства. З 2003 года і да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў на камбінаце таксама дзядуля Міхаіл Міхайлавіч Сінкевіч. Спачатку ён быў стропальшчыкам, а потым — грузчыкам на цэнтральным матэрыяльным складзе.

Цяпер на прадпрыемстве працуюць бацькі дзяўчыны — Вячаслаў Віктаравіч і Наталля Міхайлаўна Нікіценкі. Бацька — кіроўца аўтамабіля, а маці — кантралёр цэлюлозна-папяровай вытворчасці.

— Перад тым, як прыйсці на цэлюлозна-кардонны камбінат, я шаснаццаць гадоў адпрацавала ў галіне гандлю. І вось сёлета, 3 мая, споўніцца дваццаць гадоў, як я працую на камбінаце кантралёрам, — расказвае Наталля Міхайлаўна. — Маім асноўным абавязкам з’яўляецца выяўленне браку прадукцыі на першай стадыі, пачынаючы з нарыхтовак да скрынь. Потым вядзецца праверка на розных лініях у цэху гофратары. Калі ж выпуск скрыняў завершаны і ніякіх хібаў не мы не заўважаем, прадукцыя прымаецца, на кожны паддон скрыні вывешваецца пашпарт. Затым тавар паступае на склад, ажыццяўляецца яго загрузка на розныя прадпрыемствы-заказчыкі. У скрыні пакуюцца і прадукты харчавання, і бытавая тэхніка. Наша прадукцыя патрэбна прадпрыемствам усёй краіны, і мы вельмі ганарымся гэтым.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю