Вялікі пладова-ягадны сад заклалі для пастаяльцаў Ляснянскага сацыяльнага пансіяната «Сосны» ў Баранавіцкім раёне, паведаміла БелТА
Гэта ўжо трэці сад, які заклалі на прылеглай да пансіяната тэрыторыі. Цяпер на ўчастку высадзілі 100 маладых дрэўцаў — яблынь, груш, сліў і вішань, а таксама 100 кустоў буякоў. Разам папрацавалі прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, навучэнцы, работнікі пансіяната і яго пастаяльцы.
«Жыльцы пансіяната вельмі любяць гуляць у садзе, зрываць саспелыя плады з дрэў. Гэта іх радуе, таму для іх усё і робім. Пладова-ягадны сад прыносіць шмат карысці, ён жа не толькі для любавання. Падаём на стол уласныя свежыя садавіну і ягады, сушым, гатуем узвары. У нас шмат сартоў смачных яблыкаў, уключаючы белы наліў. Ёсць яшчэ плантацыя парэчак, на якой расце больш за 100 кустоў», — расказаў Яраслаў Белавокі.
У Ляснянскім сацыяльным пансіянаце «Сосны» пражываюць 279 чалавек, пераважна з розных куткоў Брэсцкай вобласці. З іх 80 % — інваліды I і II груп. «Мы стараемся, каб пастаяльцы заўсёды былі занятыя любімай справай. Для іх арганізаваны гурткі, рэабілітацыя. Ёсць мастацкая самадзейнасць. У нас нават калясачнікі танцуюць! Няма такога дня, каб не было мерапрыемства. У пансіянаце працуюць прафесіяналы, якія ўжо многія гады ў сацыяльнай сферы, яны акружаюць клопатам і ўвагай нашых жыльцоў», — падкрэсліў дырэктар пансіяната.
У цэлым на тэрыторыі Брэсцкай вобласці функцыянуюць 11 сацыяльных пансіянатаў, у якіх пражывае каля 2,5 тыс. пастаяльцаў. Яны размешчаны ў Баранавіцкім, Кобрынскім, Ляхавіцкім, Івацэвіцкім, Брэсцкім, Пружанскім, Пінскім раёнах.