Дзяржэнергагазнагляд нагадвае, што работы па мантажы і падключэнні дадатковых электраўстановак, гірляндаў і святочнай навагодняй ілюмінацыі павінны ажыццяўляцца кваліфікаваным электратэхнічным персаналам. Падключэнне гірляндаў і святочнай ілюмінацыі магчыма толькі ў электрычныя сеткі, абсталяваныя апаратамі абароны, а ў сетцы на напружанне 220 В неабходна ўстанаўліваць прылады ахоўнага адключэння (ПАА). Найбольш бяспечнымі з’яўляюцца электрычныя ўпрыгажэнні на напружанне менш за 25 В.
У Дзяржэнергагазнаглядзе дадалі, што гірлянды і ілюмінацыя, якія падключаюцца, павінны адпавядаць месцу і ўмовам размяшчэння. Пры выбары ўпрыгажэнняў трэба звярнуць увагу на маркіроўку іх ступені абароны.
Маркіроўка прылады «ІР» азначае ўмовы, у якіх яе можна выкарыстоўваць:
-
«IР20» — выкарыстанне толькі ў сухіх памяшканнях, паколькі яе ізаляцыя не з’яўляецца вільгацеўстойлівай.
-
«IР44» — выкарыстанне па-за памяшканнямі, але толькі пад навесам.
-
«IР67» — выкарыстанне на вуліцы (з’яўляецца вільгаце- і водаўстойлівай, таму ўпрыгажэнні з ёй будуць найбольш бяспечнымі для дэкарацыі дома, аб’екта ці двара ў зімовы час).
«Каб не дапусціць электратраўм і пажару, варта выкарыстоўваць гірлянды і ілюмінацыю, дадатковыя прылады для іх падключэння (блокі сілкання і падаўжальнікі), толькі заводскага вырабу. Гірлянды, якія падключаюцца да электрасеткі, падлягаюць абавязковай сертыфікацыі. На іх распаўсюджваецца дзеянне Тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза (ТР ТС 004/2011), што будзе пазначана ў пашпарце на гірлянду. Неабходна вывучыць інструкцыю па эксплуатацыі перад падключэннем гірляндаў і ілюмінацыі да электрычнай сеткі, а таксама візуальна пераканацца ў адсутнасці пашкоджанняў электрычнага кабеля, штэпсельнай вілкі і іншых элементаў упрыгожвання да падключэння іх да электрычнай сеткі», — нагадалі ва ўстанове.
Пры з’яўленні прыкмет аплаўлення ізаляцыі (дыму, непрыемнага паху, іскрэння) неабходна неадкладна адключыць прыладу ад электрычнай сеткі. Рамонт любых электрапрыбораў варта ажыццяўляць толькі з адключэннем ад электрасеткі. Правядзенне рамонту трэба даверыць кваліфікаванаму спецыялісту.
Звярніце ўвагу!
-
Не замацоўвайце электрычныя правады і кабелі з моцным нацяжэннем.
-
Не падвяргайце іх іншым механічным уздзеянням.
-
Не размяшчайце паблізу крыніц цяпла, напрыклад батарэі ці адкрытага агню.
-
Не дазваляйце дзецям падключаць электрычныя прыборы да сеткі, бо яны не могуць ацаніць у поўнай меры іх тэхнічны стан. Неабходна папярэдзіць іх аб небяспецы электрычнасці.
«У выпадку надзвычайнага здарэння з электрычнасцю або пашкоджання электрапрыбораў важна памятаць і выконваць асноўнае правіла бяспекі: перш за ўсё, варта як мага хутчэй адключыць электраабсталяванне, а калі адсутнічае магчымасць гэта зрабіць — адключыць агульныя засцерагальнікі, аўтаматычныя выключальнікі жылога дома або кватэры! Кожны павінен ведаць месца, дзе знаходзяцца апараты абароны, як аператыўна дабрацца да іх і як адключыць электразабеспячэнне. У крытычны момант гэта можа зберагчы памяшканні ад пажару або выратаваць чалавечае жыццё», — звярнулі ўвагу ў Дзяржэнергагазнаглядзе.