У сакавіку павялічыліся цэны на праезд у грамадскім пасажырскім транспарце — у гарадскіх і рэгіянальных зносінах. Зразумела, гэта актыўна абмяркоўвалася ў сацыяльных сетках. Многія ў асноўным успрынялі навіну з разуменнем, таму дыялогі гучалі прыкладна так: «Зноў паднялі кошт праезду» — «Усяго 15 капеек, што тут абмяркоўваць?!» — «Але колькі можна?!» — «Калі праязны, то адчуваецца» — «Калі вы купляеце кубак кавы за 4 рублі, таксама абураецеся?..»
Да добрага прывыкаеш хутка
Эксперты кажуць, што грамадскі транспарт стратны ва ўсім свеце. І ўсе перавозчыкі вельмі хацелі б павысіць тарыфы, каб зрабіць гэты сацыяльны від дзейнасці менш стратным. Яны пералічваюць свае выдаткі: кошт паліва і электраэнергіі, пастаяннае абнаўленне парка, рамонт і запчасткі, заработная плата кіроўцам і гэтак далей. На ўсё гэта патрэбны грошы.
Выручка ад продажу білетаў перастае пакрываць расходы перавозчыкаў. Сёння мы захапляемся нашым грамадскім транспартам: новыя аўтобусы і электробусы цёплыя ў халады і негарачыя ў спякоту, з прыстасаваннямі для абмежаваных у руху людзей, з Wі-Fі і іншымі сучаснымі дэвайсамі. Людзі непрыкметна прывыкаюць да добрага і з часам перастаюць заўважаць, наколькі хутчэй і ў якіх прывабных умовах яны дабіраюцца да патрэбнага пункта, што транспарт ужо не такі перапоўнены, як раней. І мала хто задумваецца над відавочным: добры грамадскі транспарт прыносіць няхай не прамы, але ж прыбытак: ён стымулюе эканамічнае развіццё горада, раёна, вобласці, ды і насельніцтва становіцца больш мабільным — людзі часцей ездзяць па пакупкі, па іншых справах, могуць шукаць работу далей ад дома.
Куды ідуць грошы?
Пра ўсё гэта і пра тое, куды ж ідуць грошы, якія атрымліваюць транспартнікі ад рэалізацыі праязных дакументаў насельніцтву, чытачам «Звязды» расказвае намеснік старшыні камітэта па эканоміцы Мінгарвыканкама Вольга ЛЯОШКА:
— Мы, вядома, працуем над зніжэннем выдаткаў, і ўсё, што можна аптымізаваць, аптымізуем. Гэта і маршрутная сетка, зразумела, не на шкоду пасажыру, гэта і абнаўленне рухомага саставу. Вы звярнулі ўвагу, што ў сталіцы ідзе замена прыпынкаў грамадскага транспарту? У іх не толькі прыгожы сучасны дызайн — ёсць карысныя опцыі, напрыклад, шкляныя сценкі, якія закрываюць пасажыра ад непагадзі і бруду з боку праезнай часткі.
Велізарныя грошы з гарадскога бюджэту выдзяляюцца на абнаўленне транспарту, на набыццё больш сучасных і экалагічных машын. У Мінску ўжо больш за 50 % пасажырскага транспарту складае транспарт з электрычным сілавым агрэгатам.
— Калі браць пяцігодку, за гэты час мы набылі 270 новых тралейбусаў, 20 трамваяў, 50 электробусаў і 48 вагонаў метро, — пералічвае Вольга Ляошка. — Пры гэтым стары транспарт спісваецца — парк не пашыраецца, а абнаўляецца. Сёлета сталічныя транспартныя прадпрыемствы чакаюць пастаўку 164 адзінак новай тэхнікі наземнага транспарту і 15 новых вагонаў метро.
У якасці прыкладу Вольга Аляксееўна прывяла новыя сучасныя вагоны, якія ўжо пачалі курсіраваць па другой лініі сталічнага метрапалітэна. Адкрыта новая лінія (трэцяя) — усё з бюджэту горада. Для сталіцы ўсё гэта жыццёва важна — штодня сталічны транспарт перавозіць 2 мільёны мінчан і гасцей.
Зручна ўсім
У 2023 годзе быў зроблены значны крок, накіраваны на зручнасць пасажыраў: уведзены адзіны праязны дакумент на ўсе віды грамадскага транспарту.
— Гэта значна павысіла прывабнасць грамадскага транспарту. Адзіны праязны не прывязаны да нейкага асобнага віду транспарту, і калі няма прамога маршруту, то ў пасажыра ёсць магчымасць перасаджвацца неабходную колькасць разоў на аўтобус, электробус, тралейбус, трамвай, — адзначае Вольга Ляошка.
Дарэчы, яна падзялілася прыемнай для ўсіх пасажыраў перспектывай: вядзецца паэтапная работа па ўкараненні аплаты праезду ў салонах гарадскога наземнага транспарту банкаўскай карткай. На двух гарадскіх маршрутах ідзе тэсціраванне сістэмы, з інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама выдзеленыя сродкі для закупкі неабходнага абсталявання. Так што з цягам часу эпапея з пошукам здачы, адцягваннем кіроўцы ад працэсу кіравання і іншыя нязручнасці скончацца.
Чаканне з выгодамі
Вышэй мы ўжо казалі аб новых прыпынках, якія не толькі выконваюць свой функцыянал, але і робяць нашы дарогі прыгожымі і сучаснымі. Вольга Ляошка расказала, што ёсць асобная праграма, па якой падлягаюць замене больш як 200 мінскіх прыпынкаў:
— На найбольш буйных перасадачных вузлах і на цэнтральных вуліцах усталяваны электронныя табло — іх у сталіцы больш за 500.
Таксама пасажыры могуць даведацца час прыбыцця транспарту па QR-кодзе. Каб атрымаць неабходную інфармацыю, дастаткова адсканаваць камерай смартфона код на таблічцы прыпынку — і адкрыецца спасылка з раскладам у рэальным часе.
Па выдзеленай асобнай
— Работа па ўдасканаленні пасажырскага транспарту вядзецца пастаянна, — падкрэслівае Вольга Аляксееўна. — Адкрываюцца новыя маршруты альбо карэціруюцца ўжо наяўныя — з арганізацыяй падвозу людзей да найбліжэйшай станцыі метрапалітэна.
Адным з элементаў вырашэння праблем з пробкамі з’яўляюцца выдзеленыя палосы для грамадскага транспарту — а яны складаюць 60 км вулічна-дарожнай сеткі. Праграмным комплексам прадугледжаны прыярытэтны праезд грамадскага транспарту святлафорных аб’ектаў у выпадку, калі ён адстае ад графіка. Працягваюцца работы па будаўніцтве трэцяй лініі метрапалітэна ад станцыі «Юбілейная» да станцыі «Парк Дружбы народаў». Вядуцца перадпраектныя работы па ўчастку чацвёртай лініі метрапалітэна.
Алена ВІНАГРАДАВА