Top.Mail.Ru
84

Пры дзяржпадтрымцы ў Карэліцкім раёне рэалізуецца некалькі цікавых праектаў

Развіццё малых гарадоў праз ініцыятывы, накіраваныя на пераадоленне разрыву паміж сталіцай і рэгіёнамі, прапануе бізнесу «вольныя нішы» ў раёнах з меншай канкурэнцыяй. Удзел у гэтых праграмах пераводзіць бізнес з катэгорыі «прыватная ініцыятыва» ў статус «сацыяльна значны праект», зніжаючы адміністрацыйныя рызыкі.


Шырокія перспектывы

Работы ў філіяле ЗАТ «Вольна» ў рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» былі завершаны яшчэ летась, і цяпер, як кажуць, ужо можна выходзіць на новы ўзровень.

Прадпрыемства, заснаванае ў 1994 годзе ў Мінскім раёне, спецыялізуецца на вытворчасці і рамонце электраабсталявання, прамысловай аўтаматызацыі і сэрвісе электрычных машын і апаратаў. Цяпер яно мае 5 вытворчых пляцовак, агульная плошча якіх перавышае 7 тысяч квадратных метраў, а працуе на ім больш як 300 чалавек.

— ЗАТ «Вольна» набыло будынак у Карэлічах, які раней належаў МПМК-152. За кароткі тэрмін былі праведзены маштабныя работы па рамонце фасада і даху, падключэнні газаправода сярэдняга ціску і мантажу газавага абсталявання. Таксама былі абсталяваны санітарна-бытавыя памяшканні і завершана знешняе добраўпарадкаванне тэрыторыі, — расказала намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Анастасія БЯЗМЕН.

Асноўным відам прадукцыі новага вытворчага аб’екта стаў пераўтваральнік напружання. У выніку рэалізацыі праекта было створана 10 новых працоўных месцаў. Прадукцыя ЗАТ «Вольна» запатрабавана на айчынным рынку, што адкрывае шырокія перспектывы для развіцця прадпрыемства.

Новыя магчымасці для адпачынку

А ў рамках інвестыцыйнага праекта «Рэгіянальная ініцыятыва» ў Карэліцкім раёне развіваецца новая турыстычная база «Ёлкі-Іголкі». Нягледзячы на тое, што праект яшчэ не завершаны, ён ужо зрабіў унёсак у развіццё турыстычнай інфраструктуры, а сама база абяцае стаць папулярным месцам адпачынку для жыхароў і гасцей рэгіёна.


— Прадпрымальнік, які займаецца развіццём турыстычнай базы, купіў з аўкцыёну будынак былога дзіцячага аздараўленчага лагера. Ён ужо поўнасцю разлічыўся па ўсіх абавязацельствах і пачаў прыводзіць тэрыторыю ў парадак. Тры домікі адрамантаваны і гатовы да прыёму гасцей. Праект карыстаецца попытам, многія цікавяцца магчымасцю адпачыць на базе, — адзначае Анастасія Бязмен.

Дарэчы, у прадпрымальніка вялікія планы на развіццё гэтага турыстычнага аб’екта. У прыватнасці, у яго ёсць намер пабудаваць рэстаран на тэрыторыі базы адпачынку. Акрамя таго, ён узяў у арэнду возера і плануе яго ачыстку, каб стварыць умовы для рыбалкі і іншых відаў адпачынку на вадзе. Таксама разглядаецца магчымасць арганізацыі арэнды квадрацыклаў для аматараў актыўнага адпачынку.

Турыстычная база «Ёлкі-Іголкі» — прыклад таго, як рэгіянальныя ініцыятывы могуць спрыяць развіццю турызму і стварэнню новых працоўных месцаў.

Відавочныя выгады

Прадпрымальнікам у Беларусі выгадна ўдзельнічаць у дзяржаўных праграмах падтрымкі, бо яны даюць доступ да льготнага фінансавання, падатковых прэферэнцый і адміністрацыйнай дапамогі на ўзроўні мясцовых улад. Ільготныя крэдыты дазваляюць атрымаць фінансаванне па зніжаных стаўках. Напрыклад, у рамках «Рэгіянальнай ініцыятывы» праз Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў даступныя крэдыты са стаўкамі каля 6,5–8 % гадавых.

Праграма «Адзін раён — адзін праект» спрашчае ўваход у інвестыцыйныя праекты, гарантуючы павышаную ўвагу і садзейнічанне з боку райвыканкамаў. Падатковыя і мытныя прэферэнцыі ўключаюць вызваленне ад увазных пошлін на абсталяванне і льготы па падатку на прыбытак для праектаў, уключаных у дзяржаўныя пералікі.

Праграмы таксама стымулююць імпартазамяшчэнне, падтрымліваючы праекты, якія ствараюць тавары ўзамен імпартных або выкарыстоўваюць мясцовую сыравіну.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота газеты «Полымя» 
і з сайта grodnovisafree.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю