Top.Mail.Ru

Пройдзе Год літаратур краін СНД

Беларуская пісьменніцкая арганізацыя шмат увагі надае наладжванню сувязяў з замежнымі краінамі, з творцамі з розных кантынентаў. За апошнія гады падпісана болей за 40 пагадненняў аб супрацоўніцтве. Найбольш СПБ імкнецца арганізоўваць стасункі з творчымі супольнасцямі краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў.


Гэтыя акалічнасці і падштурхнулі Саюз пісьменнікаў Беларусі да абмеркавання пытання аб абвяшчэнні 2026-га Годам літаратур краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. «Лічу, што такая прапанова паспрыяе пашырэнню прысутнасці беларускага прыгожага пісьменства ў СНД, — дзеліцца сваімі развагамі першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. — Мы і раней праводзілі ў Доме літаратара творчыя вечарыны, прысвечаныя класікам літаратур іншых краін. Як прыклад — вечары ў гонар юбілеяў вялікага Фрагі Махтумкулі, Расула Гамзатава, рускіх паэтаў і празаікаў. Добрыя ўражанні пакінулі Дні ўзбекскай літаратуры ў Беларусі, а таксама Дні башкірскай літаратуры ў Беларусі, Дні рускай кнігі. На старонках літаратурна-мастацкай перыёдыкі сфарміраваліся традыцыйныя рубрыкі, якія даюць месца перакладам твораў класікаў і сучасных пісьменнікаў СНД на беларускую мову. Год літаратур краін СНД, план мерапрыемстваў якога мы зараз распрацоўваем, відавочна, падштурхне да большых актыўнасцяў і нашых калег з іншых дзяржаў да прапаганды беларускай літаратуры». 

З просьбай пракаменціраваць творчую і арганізацыйную ідэю мы звярнуліся да старшыні секцыі мастацкага перакладу Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнеда Малахоўскага. І вось што пачулі ў адказ: «Напрыканцы мінулага года і ў пачатку гэтага мы абмяняліся перакладнымі анталогіямі з пісьменнікамі Башкартастана. У Мінску выйшла кніга башкірскай паэзіі на беларускай мове. Ва Уфе — кніга беларускай паэзіі і прозы на башкірскай мове. Вось такія праекты павінны з’яўляцца часцей, тады можна будзе і ўмацоўваць развіццё мастацкага перакладу, прыцягваць да працы ў гэтым літаратурным кірунку маладых творцаў». 

Кастусь Лешніца 

Чытайце таксама: Казахстан узнагародзіў беларускіх пісьменнікаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю