Пяты сезон самага рэйтынгавага музычнага шоу Беларусі ўчора, 23 студзеня, падышоў да свайго лагічнага завяршэння. У суперфінале за перамогу змагаліся двое падапечных Дзяніса Клявера, а таксама прадстаўніца каманды Вольгі Бузавай. Пераможцу па традыцыі выбіралі выключна гледачы. Як адзначылі ў прамым эфіры вядучыя, удзел у галасаванні сёлета прыняла рэкордная 151 тысяча чалавек! Такім чынам, пераможцам пятага сезону шоу стаў Ібрагім Карасаў. Другое месца заняў Клім Астрамовіч, трэцяе — у Аліны Гурэвіч.
Ібрагім Карасаў — хто ён?
Малады чалавек нарадзіўся ў Карачаева-Чаркесіі. Жыве з мамай на поўначы Расіі — у Новым Урэнгоі. Ібрагім пераадолеў 7 тысяч кіламетраў, каб здзейсніць запаветную мару. Першая паездка за мяжу, ды яшчэ і такая ўдалая! Спявак вырашыў праверыць сябе, ці зможа ён выйграць шоу «Фактар.by». І ўсё, як бачыце, аказалася магчымым!
У суперфінале Ібрагім праспяваў «Жаўрук у цёмным лесе», «Адзін у полі воін», а пасля перамогі — «Рушнікі» з рэпертуару «Песняроў».
Агучваючы вынікі галасавання, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант з доляй гумару адзначыў, што запомніўся гледачам шоу як чалавек, які ўручае пераможцу ключы ад аўтамабіля.
— Прапаную ад гэтай традыцыі не адыходзіць. Калі шэсць гадоў таму мы пачалі пісаць канцэпцыю, збіралі каманду, скрупулёзна выбіралі членаў журы, у нейкі момант убачылі, што шоу павінна атрымацца. Але мы не маглі ўявіць сабе такой рэакцыі гледача. Праз пяць гадоў у завяршэнні юбілейнага сезона хачу падзякаваць тэлегледачам і гледачам у зале за ўвагу да праекта. Калі зараз адбывалася галасаванне, я стаяў каля манітора, дзе высвечваліся лічбы — гэта было нешта неверагоднае. Галасаванне прыйшлося падоўжыць, каб усе галасы, якія паступілі, былі ўлічаны.
Іван Эйсмант падзякаваў усёй тэлевізійнай камандзе праекта, супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі, артыстам, настаўнікам праекта і ўсім, хто быў побач з «Фактар.by» на працягу гэтых пяці гадоў.
— Каля 20 тысяч чалавек за гэтыя гады прыняло ўдзел у нашым кастынгах, у нас у гасцях пабывала велізарная колькасць артыстаў. Хачу выказаць падзяку беларускай дзяржаве, без якой такі праект немагчыма было б зрабіць. Дзякуй Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.
Пераможца пятага юбілейнага сезона Ібрагім Карасаў не змог стрымаць слёз і расплакаўся прама на сцэне, калі пачуў вынікі галасавання:
— Хачу выказаць вялікія словы падзякі за тое, што паверылі ў мяне. У мяне верылі мае бацькі і «Фактар.by». Я бязмерна ўдзячны камандзе, прадзюсарам, усім педагогам і вядучым шоу ад усёй душы. Перамога ў праекце для мяне ўсё роўна што паляцець у космас.
Пераможца шоу атрымаў ключы ад аўтамабіля Geely. Акрамя таго, сертыфікат на 15 тысяч беларускіх рублёў ад партнёра шоу кампаніі. Другое месца заняў Клім Астрановіч і атрымаў сертыфікат на 10 тысяч рублёў. Трэцяе месца і сертыфікат на 5 тысяч рублёў дасталіся Аліне Гулевіч.
Настаўнік пераможцы, папулярны расійскі выканаўца Дзяніс Клявер свяціўся ад шчасця і асабліва адзначыў непрадузятасць беларускіх тэлегледачоў:
— Межаў не існуе. Я так рады, што людзі галасавалі сэрцам. Бескарыслівая публіка, сумленная. Немагчыма было выбраць кагосьці з траіх пераможцам — асабіста для мяне. І ў кожнага, вядома, вялікая і паспяховая дарога наперадзе.
Педагог па вакале шоу «Фактар.by» Таццяна Трухан адзначыла, што талент, энергія і харызма Ібрагіма Карасава дапамаглі яму атрымаць перамогу ў шоу.
— Каханне гледача не купіш!
Падтрымаць суперфіналістаў юбілейнага сезона шоу прыехалі таксама суперфіналісты мінулых сезонаў.
Суперфіналіст шоу «X-фактар у Беларусі» Мікіта БЕЛЬКО заўважыў, што ўдзельнікі мінулых сезонаў могуць параіць цяперашнім суперфіналістам, як зарэкамендаваць сябе пасля ўдзелу ў шоу, бо гэта таксама вельмі важна.
Ганаровым госцем шоу стала непараўнальная расійская спявачка Алсу.
Даслоўна
Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант перад пачаткам суперфіналу расказаў журналістам, што праект атрымаў працяг у выглядзе ўпадабанага гледачам шоу «Фактар.by 60 +» і прэм’ерным «Фактар.by. Дзеці».
— Нам агучваюць нейкія неверагодныя лічбы, колькасць праглядаў б’е рэкорды. Можа быць, галоўная ўнікальнасць пятага сезону шоу — такія рэкорды прагляду. З года ў год нашы паказчыкі растуць. Гэта датычыцца як праглядаў у інтэрнэце, так і тэлевізійных рэйтынгаў. Я спадзяюся, мы робім не вельмі дрэннае шоу. Мне здаецца, нават добрае. І, па-першае, вялікая падзяка людзям, якія гэтым праектам займаюцца. Па-другое, мы ўбачылі велізарную колькасць талентаў у нашай краіне і ў суседніх краінах. Да нас прыходзяць заяўкі з дзясяткаў краін, не толькі з Беларусі. Па-трэцяе, унікальнасць гэтага шоу заключаецца ў тым, што глядач сам вырашае, хто стане яго пераможцам. І я думаю, што гэта падштурхоўвае іх (гледачоў. — «Зв.») глядзець наша шоу. Самае галоўнае — галасаваць. Глядач разумее, што ад яго голасу залежыць канчатковы вынік. Вось гэта і ёсць асноўныя складнікі поспеху. Магчыма, на шосты сезон пойдзем з нейкімі інавацыямі. Пакуль пра гэта не думалі. Давайце спачатку дачакаемся заканчэння сённяшняга эфіру, а там мы сядзем і паглядзім. Вясной пачынаецца праект «Фактар.by. Дзеці». Мы дамо магчымасць і дзецям праявіць сябе.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА