Беларуска-м’янманская праграма на найвышэйшым узроўні пачалася ў чацвер вечарам. Аляксандр Лукашэнка і Мін Аун Хлайн правялі перагаворы ў фармаце «адзін на адзін» дома ў беларускага лідара. Размова працягнулася за нефармальнай вячэрай.
«Мы ў апошні час з вамі вельмі інтэнсіўна супрацоўнічалі, — звярнуў увагу беларускі лідар. — І хачу вас запэўніць, што ўсё, аб чым мы дамовіліся, беларускі бок зробіць. І вам, і вашым бізнесменам мы адчынілі ўсе дзверы — калі ласка, глядзіце. Усё, што вам цікава, і ўсё, што мы можам зрабіць, — пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, заканчваючы ваенна-прамысловым комплексам, — мы для вас зробім».
Мін Аун Хлайн расказаў, што мае намер сустрэцца са сваімі калегамі, якія прымалі ўдзел у Беларуска-М’янманскім бізнес-форуме, які, па яго словах, паспяхова прайшоў напярэдадні сустрэчы двух лідараў.
.jpg)
«Калі я аб’явіў: хто хоча паляцець са мной у Беларусь, цікавасць праявіла шмат народу, — удакладніў Прэзідэнт М’янмы. — Я абмежаваўся колькасцю 100 бізнесменаў. На гэтым форуме мы адкрылі маленькую выстаўку, дзе паказалі нашу прадукцыю. Яны (м’янманскія бізнесмены. — „Зв.“) таксама хочуць паглядзець беларускую прадукцыю. Я ўпэўнены, што пасля гэтага візіту будзе палепшаны гандлёвы тавараабарот паміж нашымі дзвюма краінамі».
«Наша справа ўсё-такі — адчыніць дзверы, вокны, вароты для таго, каб прадпрыемствы супрацоўнічалі, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — Але многае будзе залежаць ад кантактных асоб — з нашага боку два чалавекі (віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч і старшыня канцэрна „Беллегпрам“ Надзея Лазарэвіч. — „Зв.“), якія непасрэдна будуць адказваць за супрацоўніцтва з М’янмай. Я мяркую, што і з вашага боку ёсць такія ж людзі. Усё, аб чым яны дамовяцца, усё, што яны вырашаць, мы будзем падтрымліваць і выконваць».
Мін Аун Хлайн расказаў свайму калегу аб візіце ў Гродна, падчас якога наведаў ААТ «Гродна Азот».
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што Гродзенская вобласць была найлепшай вобласцю ў Савецкім Саюзе. «Таму вы пабывалі ў лепшай вобласці былой імперыі», — канстатаваў ён.
.jpg)
М’янманскі лідар падзяліўся, што па дарозе ў Гродна яго ўразіла вялікая колькасць лясоў, палёў, на якія багатая Беларусь. «І мне растлумачылі, што вы займаецеся гэтымі пытаннямі, кантралюеце іх — таму лес захавалі ў вашай краіне», — сказаў ён.
Мін Аун Хлайн выказаў удзячнасць беларускаму лідару за магчымасць у чарговы раз наведаць Беларусь. Ён падзяліўся, што, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, якое сустрэла кіраўніка гэтай краіны па прылёце ў Мінск, у яго добры настрой ад таго, што ён наведвае нашу краіну.
«Тое, што быў дождж, калі вы прыляцелі, у нас гэта добрая прыкмета, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Я зразумеў, у вас там цяпер цёпла, а ў нас халаднавата — гэта добрае надвор’е для чалавека».
«Два месяцы таму ў нашай краіне было 49 градусаў, у дадзены момант — 35-37 градусаў», — сказаў Прэзідэнт М’янмы.
«Мне падалося, што М’янма па сваіх прыродна-кліматычных умовах, калі не браць тэмпературу, падобная на Беларусь, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У вас таксама вельмі шмат зеляніны і лесу. І клімат, па-мойму, у вас такі вільготны — дажджоў, напэўна, хапае, паколькі вы размешчаны ўздоўж вады, уздоўж акіяна».
.jpg)
М’янманскі лідар расказаў, што моцныя дажджы ў гэтай краіне бываюць прыкладна адзін раз у чатыры гады. І гэты год аказаўся менавіта дажджлівым. Адзін з м’янманскіх гарадоў, па яго словах, перажыў навадненне.
Гаворачы аб перспектывах двухбаковага ўзаемадзеяння, Мін Аун Хлайн паабяцаў, што са свайго боку Нейп’ідо гатовы працаваць з улікам ранейшых дамоўленасцяў двух лідараў. Кіраўнік гэтай краіны падзяліўся некаторымі ідэямі, якія ў яго з’явіліся падчас наведвання прадпрыемства «Гродна Азот».
«Па дарозе (у Гродна. — „Зв.“) я бачыў жывёлагадоўлю — фермы, дзе разводзяць кароў, — дадаў Прэзідэнт М’янмы. — Ваш намеснік Прэм’ер-міністра (Віктар Каранкевіч. — „Зв.“) падрабязна мне патлумачыў кожную дэталь. Я ўбачыў, што пад вашым кіраўніцтвам Беларусь развіваецца стабільна і мірна».
Вераніка КАНЮТА