Top.Mail.Ru

Прэзідэнту прадставілі комплекснае рашэнне па аздараўленні «АМКАДОРа»

Адным з пытанняў, вынесеных на парадак дня нарады Прэзідэнта з кіраўніцтвам урада, стаў праект указа аб забеспячэнні ўстойлівай работы холдынга «АМКАДОР». Гэту праблему кіраўнік дзяржавы назваў найважнейшай. Ён адзначыў, што на сёння холдынг з амаль векавой гісторыяй (першы завод быў пабудаваны ў 1927 годзе) з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам дарожна-будаўнічай, лясной і сельскагаспадарчай тэхнікі ў Беларусі і ў краінах СНД. 



«Найважнейшы і найкаштоўнейшы завод. Ад якасці тэхнікі залежаць хуткасць уборкі бураломаў, будаўніцтва дарог і элементарная чысціня на вуліцах, ды і наяўнасць хлеба ў засеках, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Прычым лінейка прадукцыі ў «АМКАДОРа» пастаянна пашыраецца. За апошнія гады створана нямала навінак. Гэтая пагоня за разнастайнасцю, магчыма, і стала адной з прычын складанай фінансавай сітуацыі. Магчыма, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Паколькі ранейшыя ўладальнікі холдынга сумленна прызналі, што больш не могуць забяспечваць вяртанне запазычаных сродкаў (гэта значыць, прызналі, што даўгі ўзялі, а вярнуць не могуць), было вырашана прыняць кіруючую кампанію ва ўласнасць дзяржавы. Мы ж не можам калектыў кінуць — гэта ж тысячы людзей. І самае галоўнае, што прадукцыя гэтая нам патрэбна».

Па даручэнні Прэзідэнта было распрацавана комплекснае рашэнне па фінансавым аздараўленні «АМКАДОРа». Асноўныя ўмовы простыя — захаваць вытворчасць, не страціць напрацаваныя кампетэнцыі і галоўнае — абараніць працоўны калектыў. «Людзі ні ў чым не вінаватыя. Тым больш, людзі моцныя, адукаваныя», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ў чарговы раз «перахопліваць» грошы, а потым казаць пра тое, што іх немагчыма вярнуць, — не атрымаецца. 

«Цяпер, дарэчы, не час нам распыляцца, спрабуючы за адзін раз задаволіць запыты ўсіх спажыўцоў. Трэба забяспечыць вытворчасць самых запатрабаваных і, адпаведна, буйнасерыйных мадэляў тэхнікі, якасць іх забяспечыць трэба і канкурэнтаздольнасць. Калі вы зможаце выпускаць касмічныя ракеты — калі ласка, толькі за свой кошт. Каб не залежаць ад еўрапейскіх пастаўшчыкоў камплектуючых, патрэбны ўласныя распрацоўкі і рост лакалізацыі. Імкнуцца трэба да 100 працэнтаў, каб усё выраблялі самі, у крайнім выпадку з расіянамі», — арыентуе Прэзідэнт. 

 

Урадам падрыхтаваны праект указа, які забяспечвае вырашэнне крызіснай сітуацыі ў холдынгу «АМКАДОР». Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, што дасць гэты ўказ. 

«Я ўжо неаднаразова адзначаў: ад практыкі "падтрымання штаноў" трэба пазбаўляцца. Бюджэтныя грошы — грошы народныя. У нас ёсць шмат куды ўкладваць тыя грошы», — нагадаў кіраўнік дзяржавы. 

Валерыя СЦЯЦКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю