Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў прыбыў у Беларусь з афіцыйным двухдзённым візітам, перадае БелТА.
Плануецца, што ў рамках перагавораў на вышэйшым узроўні кіраўнікі дзяржаў разгледзяць актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і перспектывы яго ўмацавання ў розных сферах. Цэнтральны напрамак у перагаворным парадку дня — развіццё вытворчай кааперацыі і рэалізацыя сумесных праектаў.

Да падпісання па выніках перагавораў рыхтуюцца каля двух дзясяткаў дакументаў. Галоўны з іх — Дэкларацыя аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан.
Як зазначаецца на сайце пасольства Беларусі ва Узбекістане, гандлёва-эканамічныя адносіны паміж дзвюма краінамі дэманструюць устойлівую дынаміку росту і грунтуюцца на прынцыпах узаемнай выгады і стратэгічнага партнёрства. Па выніках 2025 года тавараабарот павялічыўся на 25 % і наблізіўся да адзнакі $1 млрд. У маі 2026 года падчас 12-га пасяджэння міжурадкамісіі бакі ініцыявалі распрацоўку сумеснай праграмы, накіраванай на павелічэнне тавараабароту да $2 млрд да 2030 года.
Прамысловая кааперацыя ахоплівае такія ключавыя сектары, як электратэхніка, фармацэўтыка, хімічная і тэкстыльная галіны, а таксама вытворчасць будаўнічых матэрыялаў.
Традыцыйна важнымі вектарамі ўзаемадзеяння застаюцца сфера сельскагаспадарчага машынабудавання і ўзаемныя пастаўкі аграрнай прадукцыі.
Пашыраецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Ва Узбекістане паспяхова ажыццяўляюць дзейнасць больш як 200 прадпрыемстваў з беларускім удзелам. У сваю чаргу на тэрыторыі Беларусі зарэгістравана і працуе больш за 100 кампаній з прыцягненнем узбекскіх інвестыцый.