Па традыцыі наведвання прадпрыемстваў, кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з калектывам. «Вельмі рады, што, напэўна не дарма мы задумалі гэтую бітву, пачынаючы з аднаўлення Мотавелазавода і заканчваючы тым, што тут ужо 140 кампаній будуць працаваць і вырабляць патрэбную тэхніку», — прывітаў ён супрацоўнікаў Мотавелазавода і работнікаў прадпрыемстваў-рэзідэнтаў тэхнапарка.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некалі з аб’ектам на Партызанскім праспекце была цэлая эпапея. Спачатку прыватызацыя, маўляў «прыватнік прыйдзе — выратуе». Кіраўнік дзяржавы ўспомніў, што на гэту пляцоўку «паклалі вока» асобныя дзеячы, якія хацелі аднавіць вытворчасць, але ўмовы выконваць не збіраліся. «Дамовіліся — трэба рэалізоўваць. Мы нікога душыць не будзем. Не збіраемся, не душылі і не трэба. — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Таму, калі вам гавораць, што „тут дыктатура задушылі і будуць душыць“. Нікога. Ні прыватніка, ні дзяржаўнае прадпрыемства. Галоўнае, каб яны па-чалавечы ставіліся да маіх людзей. Людзі гэта маё, гэта дзяржаўнае». Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што ўсе дамоўленасці павінны безумоўна выконвацца. І тады не будзе ўзнікаць размоваў аб тым, што кагосьці задушылі.
Потым кіраўніцтву краіны прапанавалі знесці Мотавелазавод і пабудаваць на гэтым месцы жыллё — месца вельмі зручнае, недалёка ад цэнтра Мінска. «Прасцей за ўсё жыллё, адзін рубель узяў, 20 потым атрымаеш, прадасі даражэй. Рынак жа, бескантрольна ўсё. Калі мы спрабавалі дзесьці нешта кантраляваць, то нас пачыналі душыць, амерыканцы, захад, нават расіяне. Чаму душылі. „У вас не рыначная эканоміка“, то бок няма свабоды „што хачу, тое і раблю“. Калі дзяржава пачынае рэгуляваць нешта — „не рынкавая эканоміка“, значыць, вам крэдытаў няма, або пад вялікія працэнты, вашу прадукцыю купляць не будзем і гэтак далей... Мне гэта прыйшлося прайсці. Але мы не адмовіліся ад вытворчасці. Гэта было маё першае патрабаванне. Мы будзем дапамагаць усім, хто працуе на краіну, але перш за ўсё вытворцам», — працягнуў успамінаць гісторыю гэтага месца кіраўнік дзяржавы.
У выніку Мінскаму гарвыканкаму было даручана аднавіць гэту пляцоўку. «Мотавела павінна жыць, і гэта непарушны прынцып. Мотавела, МАЗ, БелАЗ і іншыя прадпрыемствы — гэта брэнды нашай краіны. За гэтым стаіць вялізная колькасць людзей, гэта школы, гэта кампетэнцыі, гэта вы. Калі Мотавела не будзе — загіне школа», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, страціць такую моцную школу нам зусім не трэба, да таго ж людзям абсалютна дакладна патрэбны матацыклы і веласіпеды.
Цяпер на тэрыторыі Мотавелазавода не толькі мадэрнізуюцца старыя карпусы, але і будуюцца новыя, за што Прэзідэнт падзякаваў кіраўніцтву Мінска. «Пакуль усё ідзе так, як дамовіліся. Чыста. А дзе пабудаваць жыллё, мы дамовімся», — адзначыў беларускі лідар. Ён расказаў, што ў краіне будзе будавацца арэнднае жыллё для работнікаў прадпрыемстваў. «Дырэктару — квадратныя метры, калі ласка, наймай людзей, няхай працуюць усе, хто хоча», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Мы павінны да іх па-людску паставіцца
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў размове з кіраўніцтвам тэхнапарка абмяркоўвалася тэма працоўнай міграцыі. Абмеркаванне гэтага пытання працягнулася ў размове з калектывам. «Насцярожвае тое, што з Расіі хлынула неарганізаваная міграцыя, перш за ўсё з цэнтральнаазіяцкіх рэспублік. А што гэта за людзі? Мы іх ведаем?» — падзяліўся клопатам Прэзідэнт. Паводле яго слоў, кіраўнікі, запрашаючы на працу мігрантаў, павінны ведаць, што гэта за людзі і быць упэўненым, што яны патрэбны на прадпрыемстве. «Не ўмеюць — навучы. Але ты за гэтых 10-20 чалавек павінен галавой адказваць. Мы павінны да іх па-людску паставіцца. Яны такія ж людзі як мы, але яны бягуць ад бяды. Яны ўжо пакаштавалі гэтага жыцця і яны заўсёды добра працуюць, калі да іх па-чалавечы», — арыентуе беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў грамадзян іншых краін у Беларусі будзе доступ і да адукацыі, і да медыцыны. Усё будзе як у нас. Асабліва, звярнуў увагу Прэзідэнт, для ўкраінцаў. «Вельмі шмат украінцаў сёння едуць да нас. Мы павінны прымаць іх як сваіх людзей. Тыя людзі, якія да нас прыехалі з Украіны, я не чуў, каб нехта сказаў, што яны дрэнна працуюць. Гэта добрыя людзі», — сказаў беларускі лідар. Паводле яго слоў, у бліжэйшы час гэтыя пытанні будуць разгледжаны на самым высокім узроўні. «Пакуль пажар не палае ў Беларусі, гэтым пытаннем трэба займацца. Тым больш нам людзі патрэбны. Але кожнага чалавека трэба глядзець», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён прапанаваў падключыць да работы з мігрантамі, прафсаюзы, партыі, грамадскія аб’яднанні — няхай яны глядзяць, каго запрашаюць у калектыў. Але галоўнае пытанне — ці сапраўды гэтыя людзі патрэбны на тым ці іншым прадпрыемстве.
Менш жалеза — больш мазгоў
Вяртаючыся да размовы аб Мотавела і тэхнапарку, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што справы тут ідуць нядрэнна. Ён назваў напрамак, па якім хацеў бы атрымаць эффект, — маштабы прадпрыемства. «Трэба маштабаваць гэтыя вытворчасці. Пачынаць трэба з малога, а далей будзем дапамагаць, няхай развіваецца», — падкрэсліў беларускі лідэр. Гэта датычыцца як дзяржаўных, так і прыватных прадпрыемстваў, рэзідэнтаў Мінскага гарадскога тэхнапарка. «І мы гэтым прыватнікам будзем дапамагаць. Ніякай настроенасці ў Беларусі няма і не будзе супраць прыватнай вытворчасці, тых, што плацяць падаткі, плацяць нармальную зарплату, прадаюць прадукцыю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб пляцоўцы Матавела, Прэзідэнт падкрэсліў: "Тое, што я хацеў атрымаць ад гэтай пляцоўкі, у 2025 годзе, адчуваю, мы атрымаем. І адсюль будзем развіваць свае вытворчасці. А вам вялікі дзякуй, вы малайцы«.Аляксандр Лукашэнка расказаў аб планах у бліжэйшую пяцігодку пабудаваць у Мінску яшчэ пяць такіх тэхнапаркаў. Адной з пляцовак стане завод «Гарызонт», дзе будуць ствараць высокатэхналагічныя вытворчасці. Як заўважыў Прэзідэнт, «менш жалеза — больш мазгоў».
«Па жыллі я сказаў, як будзем развівацца. Па зарплаце — што заробіце, тое ваша. Вытворчасць як будзем развіваць, я сказаў. Што тычыцца гандлю, шмат чулі: формула справядлівасці. Ніхто людзей не павінен абдзіраць, набіваць кішэні і вывозіць за межы краіны», — дадаў беларускі лідар.
Мы ўсё можам зрабіць, галоўнае — прадаць
Для развіцця Мотавелазавода дзяржавай у апошнія гады зроблена вельмі шмат. Гэта прадпрыемства пастаянна знаходзіцца пад увагай Прэзідэнта. Ён неаднаразова адзначаў, што гэта брэнд краіны, які неабходна захаваць. Сёлета знакамітыя маркі «МІНСК» і «АИСТ», вядомыя далёка за межамі нашай краіны, адзначаюць сваё 80-годдзе. У 2024 годзе ўведзены ў эксплуатацыю цэх металаканструкцый, зборачны цэх, складскі комплекс. З ліпеня пачаў працаваць новы цэх афарбоўкі. Па выніках 11 месяцаў 2024 года прадпрыемства спрацавала з чыстым прыбыткам, забяспечваючы прырост заработнай платы. Доля экспарту ў агульным аб’ёме рэалізацыі перасягнула 35 працэнтаў. Праведзена работа па павышэнні ўзроўню лакалізацыі вытворчасці. У мінулым годзе на магутнасцях прадпрыемства зманціраваны і запушчаны ўчастак па тэсціраванню і зборцы літыевых акумулятарных батарэй — ёсць планы па распрацоўцы і выпуску электратранспарту. Адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства, спытаў у Прэзідэнта, ці магчыма атрымаць дзяржзаказ на такую прадукцыю для забеспячэння электравеласіпедамі і матацыкламі медыкаў, міліцыі, ваенных і іншых службаў, асабліва ў сельскай мясцовасці.«Усё, што трэба, я вам зрабіў. Далей — вырабляйце і прадавайце», — адказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што беларусы могуць вырабіць усё, нават касмічную ракету. Але галоўнае пытанне — час і грошы. А лішніх грошай няма. Таму, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, запускаючы вытворчасць нейкай прадукцыі, трэба задаваць пытанне — ці сапраўды гэта трэба. Прэзідэнт упэўнены, што дбаць аб рэалізацыі прадукцыі павінна, найперш само прадпрыемства.
Ім не сцерці подзвіг нашага народа
У Прэзідэнта спыталі, што ён думае аб тым, што ў Кіеве каля манумента «Радзіма-маці» на Алеі гарадоў-герояў дэмантавалі надпісы «Мінск» і «Масква», а таксама пяціканцовыя зоркі гарадоў-герояў. «Калі б вы не сказалі, я б нават не ведаў, — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. — калі ім зручна — няхай сціраюць. Ім не сцерці подзвіг нашага народа». Па яго словах, у Беларусі ў 90-я таксама былі падобныя тэндэнцыя. Але наша краіна такім шляхам не пайшла. І ў гэтым выйграла. Беларускі лідар адзначыў, што даўно ведае прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. «Мне здавалася, што гэта нармальны разумны чалавек. Але бачыце, як паступіў. Вось і атрымалася», — сказаў ён. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ўсё, што адбылося ва Украіне — ад улады: «Усё пачыналася адтуль, цябе падштурхоўвалі да гэтага. Ну чаму ты не падумаў, што гэта шкодна для твайго народа? Ну іншыя былі інтарэсы. Гэта іх справа».
Вы ўжо не будзеце крычаць, што мы «лапатнікі».
У працяг тэмы гістарычнай памяці ўзгадалі выстаўку дасягненняў суверэннай Беларусі «Мая Беларусь», якая разгарнулася ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры. У Прэзідэнта спыталі, ці будзе працяг у гэтага праекта. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што падобная ідэя ўзнікла ў яго даўно. «Яшчэ калі я быў яшчэ дэпутатам, я ездзіў і бачыў многія выставачныя цэнтры ў свеце, у Расіі, у іншых краінах. Я думаў, што нам гэта спатрэбіцца — каб вось так людзі прыязджалі і потым ганарыліся сваёй краінай», — сказаў ён. Прэзідэнт падкрэсліў, што дадзеная экспазіцыя — гэта яшчэ не поўны выставачны праект. Поўнасцю ён будзе адкрыты вясной, да Дня Перамогі. Ідэя была ў тым, каб адкрыць першы этап праекта, паказаць яго людзям. Асабліва, па словах беларускага лідара, важна, каб выстаўку ўбачылі дзеці і моладзь.
«Мы будзем развіваць гэты сектар — выставачны, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Добра, што вы гэта ўбачылі. Вы ўжо не будзеце крычаць, што мы „лапатнікі“. Вы будзеце разумець, што і вось гэта мы можам зрабіць сваімі рукамі. У гэтым была задума. А да 9 Мая я вас запрашаю, прыходзьце, мы адкрыем з вамі грандыёзны выставачны цэнтр». Прэзідэнт заўважыў, што і сам будынак Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра, які нагадвае бусла, цікавы сам сабе. Ён расказаў, што над яго стварэннем працавалі найлепшыя замежныя і айчынныя праекціроўшчыкі і архітэктары.
Выставачная дзейнасць, якая адлюстроўвае гісторыю і дасягненні Беларусі працягнецца і ў Нацыянальным гістарычным музеі, як будзе пабудаваны каля Палаца Незалежнасці. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, вельмі важна, каб моладзь бачыла, адкуль наша краіна пайшла. І падаваць гэтую інфармацыю трэба ярка, незвычайна, па аналогіі з выстаўкай «Мая Беларусь», якая карыстаецца вялікай папулярнасцю. «Гэта будзе маштабны музей, дзе вы ўбачыце, што вакол нас нічога не было, акрамя лясоў. Нашы людзі сваю дзяржаўнасць пачалі развіваць тут. Тураўскае, Полацкае княствы... Вось мы пакажам, што мы не лапатнікі, што мы не Іваны, якія не помняць роду свайго, што мы — людзі з глыбокай гісторыяй», — падкрэсліў Прэзідэнт. Па яго словах, галоўная мэта гэтага праекта, зрабіць так, каб кожны наведвальнік экспазіцый ганарыўся тым, што жыве ў гэтай краіне.
Сёння трэба развівацца, змагацца
Магчымасць задаць пытанні кіраўніку дзяржавы не ўпусцілі і журналісты. І першае пытанне, канешне, пра электаральную кампанію. Журналісты заўважылі, што Аляксандр Лукашэнка не выступае праграмна, не ўдзельнічае ў дэбатах, а працуе ў звыклым рэжыме. А кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што нават не сочыць за ходам выбарчай кампаніі — няма часу.
«Ведаю, што ідуць дэбаты. Але ніводных дэбатаў я не бачыў. Цяпер не да дэбатаў. Ды і што дэбаты — каб людзі разабраліся. Разбірайцеся. Сёння не словы патрэбныя. Сёння патрэбны справы. І Беларусь ніколі не будзе Беларуссю 90-х гадоў, калі мяне маладога выбіралі Прэзідэнтам. Тады мы не маглі марыць аб гэтых „палацах“ — аб вытворчасці і іншым. Тады трэба было выжываць. А зараз трэба развівацца, змагацца. Таму не словы патрэбны, а справы», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён праанансаваў хуткае адкрыццё новай вытворчасці аўтобусаў. «Попыт каласальны на нашы аўтобусы. Мы пабудавалі за паўтара-два гады гэты завод. Таму патрэбны справы. Я гэта ведаю больш, чым хто-небудзь. Таму працягваю займацца сваімі справамі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што ў яго шмат «запазычанасцяў» у выглядзе мерапрыемстваў, прысвечаных вытворчай тэматыцы. А наступіць вясна, і трэба будзе займацца сельскай гаспадаркай. «Хлеб трэба будзе сеяць. Нікуды мы не дзенемся. З гэтым Прэзідэнтам, з другім — вам хлеб давядзецца сеяць. Таму што без хлеба нікуды», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заўважыў, што электаральная кампанія ў краіне праходзіць спакойна і гэта нармальна. Шоу нам не патрэбна. Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх грамадзян вызначыцца і ў дзень выбараў аддаць свой голас за кандыдата, які найбольш ім імпануе. Тым больш, што часу для гэтага дастаткова, з 21 студзеня пачынаецца датэрміновае галасаванне. «Вы людзі вопытныя, разумныя. Думайце. Я ніколі не казаў пра выбары, не заклікаў вас да чагосьці. Прыйдзіце прагаласуйце — цэлы тыдзень. Знойдзеце час — прагаласуйце. Ну не захочаце — мы ж вас на вяроўцы цягнуць не будзем», — дадаў беларускі лідар.
Журналісты заўважылі, што польскія ўлады актыўна рэагуюць на выбары ў Беларусі — назвалі гэтую кампанію махлярствам, адмаўляюцца адкрываць пункты пропуску, бо яны не бачаць крокаў ад беларусаў, і ўсюды прыцягваецца тэма Пачобута. У Аляксандра Лукашэнкі пацікавіліся, чаму палякам няймецца. «Што тычыцца Пачобута, нават казаць няма чаго. Я вам шчыра гавару як чалавек, які інфармаваны: яны адмовіліся ад Пачобута. Палякі адмовіліся весці нават размовы па Пачобуту. Наколькі мяне інфармуюць, Пачобут не хоча туды ехаць. Вось і ўсё пытанне, — адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Анджэй Пачобут — беларускі грамадзянін, і за ўчыненыя злачынствы ён адказаў па законе. Далей будзем глядзець. Паверце, на Пачобуце свет не сышоўся».
Што тычыцца пунктаў пропуску, то, па словах кіраўніка дзяржавы, палякі могуць хоць усе закрыць, беларусы туды не ездзяць, нічога не возяць. «Што, мотавелазавод возіць туды прадаваць прадукцыю? Не. Яны ж санкцыі супраць нас увялі. Увялі — добра. Ну мы і не змагаемся супраць той міграцыі і людзей, якія там хочуць жыць і якія туды ідуць. Я ўжо тысячу разоў пра гэта казаў: з пятлёй на шыі я не буду іх, абараняць», — адзначыў Прэзідэнт.
Каментуючы заявы аб «махлярстве», Аляксандр Лукашэнка параіў польскім уладам разабрацца з сітуацыяй у сваёй краіне. Ён звярнуў увагу, што ў маі прэзідэнцкія выбары ў Польшчы, вось улады і спрабуюць пераключыць увагу на Беларусь, каб не адказваць перад сваім народам.
Прэзідэнт падкрэсліў, што збеглыя працягваюць абмяркоўваць планы ўзброенага нападу на Беларусь з тэрыторыі Украіны або Польшчы. «Ды калі ласка, паспрабуйце. Потым не крыўдуйце. Мы бачым, што яны рыхтуюць там атрады і іншае. Даўно бачым. Але яны няхай не думаюць, што гэтыя атрады супраць Беларусі будуць ваяваць. Яны на тэрыторыі Польшчы, і зброю яны яшчэ могуць выкарыстаць супраць палякаў. Літоўцы „наеліся“ беларусаў: там жа нацыяналісты нашы прыехалі (дзякуй ім) і пачалі разважаць, што Вільня і іншае — гэта беларускія гарады. Палякі ўжо не ведаюць, што з нашымі збеглымі „літоўцамі“ рабіць», — сказаў ён.
«Жыццё ідзе, развіваецца. Нам не трэба асабліва перажываць за палякаў і за ўсё, што ў іх адбываецца. Гэта звычайная балбатня. Гэта скокі пад амерыканцаў. Амерыканцы зараз, каб знішчыць Еўропу (а гэта іх мэта, пры Трампе, паглядзіце, гэта ўзмоцніцца) ), выкарыстоўваюць палякаў. Будзе як з Украінай. Не дай бог, канешне», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.
«Гэта — роднае дзіця»
На памяць аб наведванні Мінскага гарадскога тэхнапарка і ў знак падзякі за клопат аб Мотавелазаводзе Прэзідэнту падарылі матацыкл маркі «Мінск Д4 125». Гэта першы матацыкл, выраблены на новых мадэрнізаваных лініях прадпрыемства. Гэта мадэль эканамічнага матацыкла з сучасным збалансаваным дызайнам, створаная для дарожных умоў краін СНД. Мінімалістычны дызайн пераклікаецца з папярэднімі пакаленнямі матацыклаў лінейкі «Мінск», але мае і сучасныя стылістычныя рашэнні.
«Усе падарункі аддаю дзяржаве, але матацыкл не аддам. Прынамсі да вясны. Вясной сфатаграфуюся спецыяльна, „Пул Першага“ выкладзе гэта ўсё. ... Беларускі матацыкл. Хоць у мяне ёсць і іншыя матацыклы, але гэты — гэта роднае дзіця. Таму я вам вельмі ўдзячны», — з гумарам падзякаваў Аляксандр Лукашэнка.
Фота: БелТА