Top.Mail.Ru

Прэзідэнт сустрэўся з кіраўніком Службы знешняй разведкі Расіі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Службы знешняй разведкі Расійскай Федэрацыі Сяргеем Нарышкіным, які прыехаў у Мінск для ўдзелу ў сумесным пасяджэнні калегіі яго ведамства з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Але найперш — сустрэча з кіраўніком дзяржавы.


«Заўсёды прыемна сустрэцца з вамі, чакаю такой сустрэчы, калі даецца такая магчымасць для таго, каб і гадзіннікі зверыць, і параіцца па некаторых пытаннях. І паглядзець недалёкую перспектыву: як мы будзем дзейнічаць, што рабіць, абмеркаваць шэраг палітычных пытанняў, асабліва ў гэтай турбулентнай сітуацыі. Думаю, для мяне вельмі важны будзе ваш пункт гледжання», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён папрасіў Сяргея Нарышкіна па вяртанні ў Маскву перадаць прывітанне і самыя цёплыя словы Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну. «Хоць мы часта размаўляем па тэлефоне, тым не менш гэта будзе да месца ў сілу нашых адносін», — адзначыў беларускі лідар.

У сваю чаргу Сяргей Нарышкін падзякаваў за гэту сустрэчу і перадаў прывітанне ад Уладзіміра Пуціна. Ён таксама павіншаваў Аляксандра Лукашэнка з перамогай на выбарах: «Мы не сумняваліся ў выніках. Але перамога пераканаўчая, якая паказвае, што насельніцтва Беларусі, выбаршчыкі падтрымліваюць і ўнутрыпалітычны, і знешнепалітычны курс краіны, які вызначае Прэзідэнт», — сказаў кіраўнік СЗР Расіі.

Супрацоўніцтва спецслужбаў будуецца на канструктыўнай аснове 

Журналістам Сяргей Нарышкін расказаў, што на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі абмяркоўваліся пытанні, якія датычацца рэгіянальнай і глабальнай бяспекі. «Аляксандр Рыгоравіч падтрымаў і заўсёды падтрымлівае сумесную дзейнасць спецслужбаў нашых дзяржаў па забеспячэнні бяспекі нашых дзяржаў, Саюзнай дзяржавы», — сказаў Сяргей Нарышкін.

Журналісты пацікавіліся меркаваннем кіраўніка Службы знешняй разведкі наконт таго, як супрацоўніцтва спецслужбаў дазваляе гарантаваць бяспеку Саюзнай дзяржавы ва ўмовах нарастання эскалацыі з боку калектыўнага Захаду. 

«Супрацоўніцтва спецслужбаў нашых дзяржаў будуецца на канструктыўнай і давернай аснове, з кожным годам развіваецца і пашыраецца па кірунках сваёй дзейнасці. Гэта ўзаемадзеянне з’яўляецца і працягам, адлюстраваннем даверных адносін паміж лідарамі нашых краін. Перад Камітэтам Дзяржаўнай бяспекі Беларусі і Службай знешняй разведкі Расіі стаяць няпростыя стратэгічныя задачы па забеспячэнні бяспекі, па супрацьдзеянні агрэсіўным памкненням недружалюбных дзяржаў. У гэтым кірунку зроблена ўжо даволі шмат. 

Але пры гэтым мы бачым і павышэнне ваеннай актыўнасці дзяржаў НАТА каля нашых граніц, мы бачым, што еўрапейскія краіны — Францыя, Вялікабрытанія, Германія, павышаюць узровень эскалацыі ўкраінскага канфлікту. Таму нам трэба дзейнічаць на апярэджанне. Мы да гэтага гатовы», — адзначыў Сяргей Нарышкін.

У кантэксце ўкраінскага канфлікту журналісты пацікавіліся, як дыялог паміж ЗША і Расіяй, які зараз ідзе даволі інтэнсіўна, можа рэальна пасадзейнічаць у вырашэнні ўкраінскага канфлікту. Сяргей Нарышкін заўважыў, што ўжо сам факт кантактаў з’яўляецца станоўчым. «І, вядома, ён рэзка кантрастуе з тым, што было пры ранейшай адміністрацыі прэзідэнта Байдэна, якая за чатыры гады ў літаральным сэнсе разбурыла міждзяржаўныя сувязі паміж Расіяй і ЗША, — адзначыў ён. — Расія пагадзілася з прапановай прэзідэнта Трампа аб абвяшчэнні 30-дзённага мараторыя на атакі па аб’ектах энергетычнай інфраструктуры. Расія выконвае свае абавязкі, але пра ўкраінскую армію гэтага сказаць нельга. Мы разумеем, што адміністрацыя і кіраўніцтва Украіны хоча працягу канфлікту, і разумеем чаму: толькі ў такіх умовах цяперашняя кіеўская ўлада застанецца ў сваіх кабінетах і не будзе адказваць за злачынныя рашэнні перад сваім народам». Гаворачы пра стратэгічныя мэты Расіі пасля завяршэння канфлікту, Сяргей Нарышкін падкрэсліў, што яны застаюцца ранейшымі. 

«Умовы мірнага пагаднення прадугледжваюць бяз’ядзерны нейтральны статус Украіны. Мілітарызацыю і дэнацыфікацыю ўкраінскай дзяржавы, а значыць, адмену ўсіх дыскрымінацыйных законаў, якія былі прыняты пасля дзяржаўнага перавароту ў 2014 годзе», — растлумачыў кіраўнік Службы знешняй разведкі.

Журналісты таксама спыталі пра тое, як Сяргей Нарышкін ацэньвае сітуацыю вакол Саюзнай дзяржавы, улічваючы і агрэсіўную рыторыку Польшчы і краін Балтыі. Ён адзначыў, што Польшча і Балтыйскія рэспублікі адрозніваюцца высокай агрэсіўнасцю, ва ўсякім разе, на словах. «Польшча дайшла да таго, што заяўляе аб сваіх планах каля граніц Беларусі і Калінінградскай вобласці ўстанавіць каля двух мільёнаў супрацьтанкавых мін і вельмі спадзяецца атрымаць амерыканскую ядзерную зброю. Гэта, безумоўна, вельмі сумна. Яны ніяк не могуць зразумець, што менавіта нарошчванне ваеннай актыўнасці каля граніц Расіі і Беларусі стала адной з прычын небяспечнага крызісу на еўрапейскім кантыненце. І яны павінны зразумець (а пакуль не разумеюць), што ў выпадку агрэсіі з боку паўночнаатлантычнага альянса ў адрас саюзнай дзяржавы ўрон будзе нанесены ўсяму блоку НАТА. 
У большай ступені найперш пацерпяць носьбіты такіх ідэй у палітычных колах Польшчы і Балтыі», — заявіў Сяргей Нарышкін.

Спыніліся і на больш стваральных пытаннях — захаванні памяці аб подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і недапушчэнні гераізацыі нацызму. 

«Служба знешняй разведкі адстойвае праўду. Мы праводзім вялікую работу з архіўнымі матэрыяламі, якія ёсць у нас. Архіўныя дакументы з’яўляюцца адным з наймацнейшых інструментаў, што не дазваляюць падвяргаць сумневу перамогу савецкага народа і подзвігу пакалення пераможцаў», — расказаў Сяргей Нарышкін. 

Ён таксама падзяліўся, што Служба знешняй разведкі выкарыстоўвае такі інструмент, як стратэгічнае рассакрэчванне актуальнай разведвальнай інфармацыі. 

«Справа ў тым, што, на жаль, у многіх заходніх краінах, Польшчы, прыбалтыйскіх рэспубліках будуюцца планы, нацэленыя на тое, каб сарваць урачыстыя мерапрыемствы з нагоды юбілею Вялікай Перамогі або перашкодзіць ім. 

Даходзіць да таго, што шэраг краін плануюць знішчыць воінскія пахаванні салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, якія вызвалілі гэтыя краіны ад фашызму. Гэта, безумоўна, ганебна», — сказаў кіраўнік СЗР.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю