Традыцыі суверэннай Беларусі ўнікальныя і моцныя, патрабуюць увагі і павагі. Адна з іх — уручэнне ў Палацы Незалежнасці дзяржаўных узнагарод і генеральскіх пагонаў прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага саставу напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Як заўважыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, гэта цырымонія — асаблівая традыцыя. Яна звязана са святам, якое шануе беларускі народ.
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ужо не першы год ушаноўваюць ваеннаслужачых, удастоеных дзяржаўных узнагарод. Традыцыйна гэтымі днямі прыбыло і ў палку генералаў. Як падкрэсліў беларускі лідар, вышэйшых афіцэраў, якія прысвяцілі воінскай службе большую частку свайго жыцця.
«Сёння ў беларускай арміі служаць людзі, якія свята шануюць і берагуць традыцыі пакалення пераможцаў. Унукі і праўнукі тых, хто 80 гадоў таму абараніў свабоду нашай Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны і прынёс народу Вялікую Перамогу, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Быў час, калі многія думалі: войны назаўжды сыдуць у мінулае. Чалавецтва марыла, што ХХІ стагоддзе стане стагоддзем стваральнай працы, супрацоўніцтва і міру. Стагоддзем, у якім ваенныя змогуць супрацьстаяць адзін аднаму хіба што на спартакіядах дружалюбных войскаў. На жаль, рэчаіснасць аказалася больш суровай. Для асобных прадстаўнікоў моцных свету гэтага вайна — больш выгадны бізнес, чым мір. А жыцці простых людзей для іх увогуле нічога не вартыя».
Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння замест пояса добрасуседства на заходніх рубяжах Беларусі нашы былыя саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі ўпарта малююць дугу нестабільнасці. «Выснова адна: нам трэба быць моцнымі, праяўляць пільнасць і ўмацоўваць абараназдольнасць дзяржавы настолькі, наколькі гэта магчыма. Што мы ўвесь час і робім. Вы, як ніхто іншы разумееце, што моцных паважаюць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — І таму прафесія — Радзіму абараняць — яшчэ доўга будзе актуальнай і запатрабаванай, а людзі ў пагонах — надзейным шчытом і галоўнымі захавальнікамі мірнай працы».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, для ваеннай арганізацыі дзяржавы ў цэлым стаіць задача выйсці на новыя якасныя параметры. «Мы і ў далейшым будзем развіваць усебаковае супрацоўніцтва з нашымі саюзнікамі па АДКБ і з брацкай Расіяй. Ні ў каго не павінна быць сумненняў, што мір, стабільнасць і бяспека краіны — пад надзейнай абаронай», — сказаў беларускі лідар.
«Упэўнены, кожны з вас добра разумее, што сіла арміі вызначаецца не толькі „жалезам“ (танкамі, гарматамі, самалётамі). Сіла арміі — гэта ў першую чаргу мужнасць, стойкасць і патрыятызм салдат і афіцэраў. Аб гэтым, дарэчы, сведчаць прыклады спецыяльнай ваеннай аперацыі. Воінаў, цалкам адданых прысязе, краіне і народу. І ваша задача — гадаваць і выхоўваць такіх воінаў», — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да герояў дня.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў узнагароджаных афіцэраў і наваспечаных генералаў з высокай ацэнкай ратнай працы і асабістага ўнёску ў справу абароны Радзімы. Ён падзякаваў кожнаму за службу: «Перакананы, што ў біяграфіі кожнага з вас будуць новыя поспехі і ўзнагароды. Ад усёй душы віншую ўсіх абаронцаў Айчыны са святам. Тых, хто сёння ў страі, а таксама ветэранаў, вашы сем’і, родных і блізкіх. Жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, аптымізму і новых здзяйсненняў на карысць нашай Радзімы — Рэспублікі Беларусь».
У тэму
Прызнанне заслуг і дадатковая адказнасць
Віншуючы герояў дня, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэты дзень у іх жыцці застанецца назаўсёды. Ён таксама падкрэсліў, што акрамя сем’яў за гэтых мужчын рады і ўвесь беларускі народ. А што самі героі дня думаюць аб сваіх узнагародах?
Аляксандр Пруднікевіч, узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ ступені, цяпер ужо на пенсіі. Але, па яго словах, былых ваенных не бывае. Сваю службу ён пачаў у 1996 годзе у Полацку, у 228-м асобным палку радыёэлектроннай барацьбы. І на працягу больш чым 28 гадоў праходзіў службу менавіта ў гэтым палку. Пачынаў з пасады камандзіра ўзвода, скончыў яе на пасадзе камандзіра палка. «Беларуская армія за гады маёй службы змянілася каласальна. Аб той тэхніцы, якую цяпер мае полк, мы ў пачатку маёй службы маглі толькі марыць», — адзначыў Аляксандр Пруднікевіч. Ён прызнаўся, што высокай узнагародай ганарыцца, але для людзей у пагонах гэта не самае галоўнае. «Галоўнае — гэта абавязак, Айчына, абарона людзей, якія жывуць у нашай краіне, клопат аб сваёй сям’і, родных, блізкіх. І я ганаруся, што служыў у арміі. Сам добраахвотна пайшоў служыць і ні аб чым не шкадую. Мой дзед у гады вайны ваяваў у партызанах, бацька быў ваенным. І я вельмі ганаруся, што працягнуў нашу дынастыю», — падзяліўся Аляксандр Пруднікевіч.
Начальнік Брэсцкай мытні Сяргей Якута атрымаў персанальнае званне дзяржаўнага саветніка мытнай службы ІІІ рангу. «Дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам. І прысваенне дзяржаўнага звання саветніка мытнай службы трэцяга рангу — гэта высокая ўзнагарода. І не толькі для мяне, але і для ўсяго даручанага мне калектыву. З аднаго боку, ты разумееш, што гэта заслуга тваёй шматгадовай карпатлівай працы. Але ў той самы час гэта і дадатковая вялікая адказнасць, якая на табе ляжыць у далейшай службе па абароне эканамічнай бяспекі і эканамічнага суверэнітэту краіны», — падзяліўся ён.
Фота: БелТА