Top.Mail.Ru

Прэзідэнт сабраў нараду аб развіцці Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі

«Беларусі біятэхналагічная галіна востра неабходная»


Найбуйнейшы ў краінах СНД біятэхналагічны комплекс па вытворчасці незаменных кармавых амінакіслот, камбікармоў і прэміксаў, глютэну пшанічнага і шэрагу іншых прадуктаў глыбокай перапрацоўкі збожжа пачаў дзейнічаць у лістападзе 2022 года. Старт рабоце гэтага ўнікальнага прадпрыемства быў дадзены Прэзідэнтам. Тады размова ішла аб перспектывах БНБК. Прыйшоў час падвесці вынікі таго, што ўжо зроблена, вызначыцца, як прадпрыемства будзе развівацца далей.  

Удзельнікамі нарады ў Палацы Незалежнасці сталі кіраўнікі Савета Міністраў, Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнай акадэміі навук, міністэрстваў і ведамстваў, а таксама кіраўніцтва сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія з’яўляюцца спажыўцамі прадукцыі БНБК. 


«Для паспяховага старту і нармальнага развіцця зроблена ўсё і нават больш» 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, ствараючы Беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю, у краіне ганарыліся тым, што Беларусь — адна з пяці дзяржаў у свеце, якая мае такія біялагічныя тэхналогіі.  

«Прыйшоў час з новым кіраўніцтвам ва ўрадзе, з новым кіраўніцтвам у самой карпарацыі паглядзець на тое, як яна працуе, — канстатаваў Прэзідэнт. — Таму я вельмі разлічваю на аб’ектыўную ацэнку дзейнасці БНБК». 

Па словах беларускага лідара, на цырымоніі запуску першага комплексу заводаў у лістападзе 2022 года гаварылася аб перспектывах гэтага навукова-вытворчага кластара. «Планавалася, што прэміяльныя камбікармы, прэміксы, вітаміны, амінакіслоты не толькі выведуць на новы ўзровень айчынны аграрны комплекс, але і стануць салідным артыкулам экспарту і будуць прыносіць краіне валюту», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. 


Прэзідэнт падкрэсліў, што з боку дзяржавы карпарацыі была аказана істотная падтрымка. «Гэта прэферэнцыі па выплаце падаткаў, гарантыі ўрада па крэдытах, асаблівы парадак адлюстравання курсавых розніц, — канкрэтызаваў ён. — У статутны фонд прадпрыемства ўнеслі бюджэтныя сродкі ў памеры 226 мільёнаў рублёў. Толькі льготных урадавых крэдытаў Кітайскай Народнай Рэспублікі прыцягнулі каля 600 мільёнаў долараў. Гэта значыць, для паспяховага старту і нармальнага развіцця зроблена ўсё і нават больш». 

І сёння, як акцэнтаваў увагу беларускі лідар, дзяржава мае права спытаць аб выніках работы прадпрыемства.  

«З прадстаўленых матэрыялаў вынікае, што гэтых вынікаў, на жаль, няма, — канстатаваў Прэзідэнт. — Хоць заробак усе атрымліваюць спраўна, амаль на 16 % вышэйшы за сярэднеабласны ўзровень. Адзінае, у чым вы прыраслі, — гэта геаграфія экспартных паставак: з 6 краін у 2022 годзе да 12 у 2025-м».  

«Сродкі выдзяляюцца на час і з абавязковым вяртаннем» 

Да гэтага часу, па словах кіраўніка дзяржавы, на прадпрыемстве так і не выйшлі на поўную загрузку магутнасцяў біяхімічнай і камбікормавай вытворчасцяў. «Мэтавыя паказчыкі вытворчай праграмы не дасягнуты, захоўваецца востры дэфіцыт абаротных сродкаў», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. 


Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў гэтай сітуацыі робіць кіраўніцтва БНБК. «Ідзе звыклым шляхам: з працягнутай рукой па дадатковую дзяржаўную падтрымку, — канкрэтызаваў ён. — Нагадваю ў які раз: на гэта грошай у бюджэце няма і не будзе. Сродкі выдзяляюцца на час і з абавязковым вяртаннем. Гэта я для тых, хто яшчэ не зразумеў». 

Аляксандр Лукашэнка агучыў сваю прынцыповую пазіцыю: «Беларусі біятэхналагічная галіна востра неабходная. Гэта шлях усіх тэхналагічна развітых краін. Адставаць мы не можам». 

Таму, акрамя прынцыповых, аб’ектыўных ацэнак бягучай сітуацыі, кіраўнік дзяржавы чакае канкрэтных прапаноў па перспектывах развіцця БНБК у бліжэйшыя гады. Для гэтага Прэзідэнт прапанаваў адказаць на шэраг пытанняў. 

«Першае — для каго працуе наша біятэхналагічная карпарацыя? — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Другое — якія прадукты мы ўжо стварылі і што новага можам прапанаваць рынку ў бліжэйшы час? Трэцяе — як вырашаецца пытанне закупкі вашай прадукцыі арганізацыямі АПК? Што з саставамі і якасцю?» 


«Без падтрымкі навукі гэта высоканавуковае прадпрыемства існаваць не можа» 

Звяртаючыся да намесніка Прэм’ер-міністра Юрыя Шулейкі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, аб чым дамаўляліся, калі яго, профільнага віцэ-прэм’ера, прызначалі старшынёй назіральнага савета прадпрыемства. «Усе прапанаваныя вамі падыходы да развіцця ЗАТ „БНБК“ павінны дзейнічаць на практыцы, — паставіў задачу Прэзідэнт. — Прадпрыемства павінна загрузіць свае магутнасці і стаць нарэшце фінансава ўстойлівым». 

Першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў нясе адказнасць за выкананне персанальнага даручэння аб рэалізацыі праекта «БНБК-3» і прыцягненні для гэтага прамых кітайскіх інвестыцый. «Паўтаруся, ліміт падтрымкі дадзенага прадпрыемства за кошт бюджэту даўно вычарпаны», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. 

Звяртаючыся да старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Караніка, Прэзідэнт нагадаў пра яго дыскусію з намеснікам Старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандрам Косінцам пры наведванні Салігорскай птушкафабрыкі. Дыскусія вялася аб узроўні навуковай навізны біятэхналогій, якія прымяняюцца БНБК. «Без падтрымкі навукі гэта высоканавуковае прадпрыемства існаваць не можа», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. 

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

Даслоўна 

«Прэзідэнт патрабуе ісці яшчэ далей» 

Як адзначыў у размове з журналістамі першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай СНАПКОЎ, за біятэхналогіямі — будучыня. І будучыня біятэхналогій, па яго словах, звязана не толькі з кармленнем жывёл і вытворчасцю высакаякасных камбікармоў. 


«Біятэхналогіі — гэта многія-многія элементы нашага жыцця, якіх мы нават не заўважаем, — канстатаваў першы віцэ-прэм’ер. — Біяраскладальная ўпакоўка, біяраскладальныя медыцынскія вырабы... Гэта біятэхналогіі расліннага паходжання. Прэзідэнт патрабуе ісці яшчэ далей. Біятэхналогіі на аснове расліннага паходжання — гэта і прабіётыкі, і антыбіётыкі. Гэта і біятэхналогіі жывёльнага паходжання. Патрабаванні і задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам на нарадзе, простыя: развіваць далей шлейф практычных прыкладных вытворчасцяў, звязаных з біятэхналогіямі». 

Па словах Мікалая Снапкова, ацэньваць эфектыўнасць перспектыў развіцця біятэхналогій у краіне будзе рабочая група ў складзе Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына, старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра Караніка і намесніка Старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандра Косінца. «Невялікая каманда з трох чалавек сфарміруе праект, які будзе рэалізаваны ў двух варыянтах, — праінфармаваў першы намеснік кіраўніка Савета Міністраў. — Або гэта будзе льготны ўрадавы кітайскі крэдыт (ён закладзены ў бюджэце КНР на 2026 год у аб’ёме 3,5 млрд юаняў), або гэта будзе прамы інвестар — кітайскі супартнёр, які будзе разам з намі і як уладальнік тэхналогій, і як сумесны бізнес-партнёр».

Гаворачы аб акупнасці праекта, першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што ў сучасных рэаліях гэта дастаткова складана спрагназаваць. «Праект можа стрэліць такім чынам, што ён акупіцца на працягу трох гадоў, — заўважыў Мікалай Снапкоў. — Але нам трэба арыентавацца перш за ўсё на няхай і невялікі, але ўнутраны попыт, каб палепшыць эфектыўнасць такіх вытворчасцяў, якія існуюць у краіне».
Першы намеснік Прэм’ер-міністра дадаў, што імпартазамяшчэнне дзеля імпартазамяшчэння непатрэбна. Яно, па яго словах, неабходна дзеля таго, каб палепшыць фінансавы складнік, эфектыўнасць бізнесу, які існуе ў краіне. «Экспартаарыентаванасць з улікам валацільнасці рынку, незразумеласці ў свеце — гэта пытанне іншае, — удакладніў Мікалай Снапкоў. — Калі праект у прынцыпе акупляецца на працягу 13–15 гадоў». 

«Ставім задачу — максімальна выйсці на тыя магутнасці, якім адпавядае прадпрыемства» 

Па словах намесніка Прэм’ер-міністра Юрыя ШУЛЕЙКІ, БНБК — амбіцыйны праект нашай краіны. «У некалькі заходаў дзяржаве даводзілася аздараўліваць гэта прадпрыемства, — канстатаваў ён. — Эканамічныя моманты, якія былі на БНБК, урэгуляваныя. Дзяржаўная падтрымка і прынятыя ўрадам рашэнні дазволілі правільна ўкласці крэдытныя грошы, каб прадпрыемства магло існаваць і выконваць свае абавязацельствы. Вытворчая праграма выбудоўваецца так, каб адназначна пагашаць абавязацельствы, якія ёсць на прадпрыемстве».  


Намеснік кіраўніка ўрада ўдакладніў, што да Прэзідэнта звярталіся па дадатковую падтрымку, але гэта не звязана з бягучым станам спраў Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, а датычыцца перспектыў яе далейшага развіцця. «Гэта будзе накіравана на мадэрнізацыю, удасканаленне, пашырэнне наменклатуры на базе прадпрыемства, якая ўжо існуе», — патлумачыў ён. 

Віцэ-прэм’ер указаў на высокую канкурэнцыю ў свеце ў галіне біятэхналогій. «Натуральна, адзін з лідараў — Кітайская Народная Рэспубліка, якая сёння нам і дапамагае карэкціраваць гэты праект, каб атрымліваць патрэбны сабекошт», — заўважыў ён.  

Немалую долю магутнасцяў БНБК, па словах намесніка кіраўніка ўрада, займаюць камбікормавыя вытворчасці. «У краіне — найвялікшыя магутнасці, якія могуць забяспечыць нашу жывёлагадоўлю, — канстатаваў ён. — Але паказчык якасці патрэбных кампанентаў камбікорму — акурат задача БНБК. Ставім задачу — максімальна выйсці на тыя магутнасці, якім па сваіх тэхнічных характарыстыках адпавядае гэта прадпрыемства». 

Юрый Шулейка дадаў, што на нарадзе ішла размова і пра будучыню БНБК. «Пасылы, якія даў кіраўнік дзяржавы, зразумелыя, — удакладніў ён. — Будзем адпрацоўваць пэўныя тонкія моманты, у якім кірунку ісці. Рабочая група вызначыць мэтазгоднасць гэтых кірункаў у рабоце БНБК. А кіраўніцтву прадпрыемства неабходна яшчэ раз паказаць сваю работу, пераканаць спажыўцоў камбікармоў, амінакіслот, прэміксаў у тым, што сёння гэта эталон якасці». 

«Трэба знайсці дэфіцытныя нішы і паспець іх заняць» 

Па меркаванні старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра КАРАНІКА, БНБК — гэта сапраўды знакавы праект. Аднак, па яго словах, Беларусь валодае біятэхналогіямі на ўзроўні карыстальніка. «Нам перадалі вытворчую тэхналогію для таго, каб запусціць усе тэхналагічныя працэсы і атрымаць выніковую прадукцыю», — патлумачыў Уладзімір Каранік. 


Ён звярнуў увагу на тое, што Акадэмія навук павінна падключыцца, каб асвоіць тэхналогіі на ўзроўні распрацоўшчыка. «Тут ужо неабходна навукова-метадычнае суправаджэнне, накіраванае на павышэнне ўстойлівасці карынебактэрыі, яе прадукцыйнасці, на стварэнне безадходных цыклаў, калі пабочны прадукт аднаго з тэхналагічных працэсаў становіцца сыравінай для наступнага тэхналагічнага працэсу, пераўтвараючыся ў тавар, які лёгка рэалізаваць з добрай маржынальнасцю», — удакладніў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. 

Па словах Уладзіміра Караніка, на сённяшні момант для рэдагавання генома ва ўсім свеце часцей за ўсё выкарыстоўваецца тэхналогія CRISPR/Cas9, якой добра валодаюць спецыялісты Інстытута мікрабіялогіі і Інстытута генетыкі, якія ўваходзяць у Нацыянальную акадэмію навук. «Нашых кампетэнцый хопіць, каб забяспечыць навукова-метадычнае суправаджэнне тэхналагічнага працэсу і прапанаваць новыя кірункі і новыя прадукты, укараненне якіх у тэхналогію БНБК дазволіць палепшыць эканамічны складнік гэтага тэхналагічнага працэсу», — адзначыў старшыня Прэзідыума НАН.  

Уладзімір Каранік праінфармаваў, што перад рабочай групай, якая будзе ацэньваць эфектыўнасць перспектыў развіцця біятэхналогій, стаіць задача — выбраць найбольш перспектыўныя кірункі, дзе мы будзем аднымі з нямногіх, хто прапануе гатовы рыначны прадукт, які мае высокія рыначныя перспектывы, высокую маржынальнасць. «Не спрабаваць рабіць тое, што робяць іншыя, і дзе рынак перагрэты, — дадаў ён. — Трэба знайсці менавіта дэфіцытныя нішы і паспець іх заняць. Варта зрабіць так, каб гэты працэс быў стабільны, менш затратны і высокапрадукцыйны. А гэта сапраўды ўжо навуковая задача».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю