Top.Mail.Ru

Прэзідэнт прызначыў кіраўнікоў Генпракуратуры і Следчага камітэта

«Трэба бачыць сапраўдныя правы нашых беларусаў»


Генеральным пракурорам прызначаны Дзмітрый Гара. Да гэтай пасады ён узначальваў Следчы камітэт. Старшынёй Следчага камітэта прызначаны Канстанцін Бычак, які дагэтуль з’яўляўся начальнікам Следчага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі. 

«Пракуратура павінна быць сапраўдным штабам» 

Звяртаючыся да новага генпракурора, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Дзмітрый Гара разумее, куды ідзе (у 2019 — 2021 гг. ён займаў пасаду намесніка генеральнага пракурора). Знаходзячыся на пасадзе кіраўніка Следчага камітэта, па перакананні Прэзідэнта, Дзмітрый Гара бачыў усе недапрацоўкі і недахопы ў рабоце пракуратуры. Іх, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, быць не павінна. 

«Пракуратура павінна быць сапраўдным штабам, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — І не толькі па барацьбе з карупцыяй. Пракуратура павінна на сябе ўзяць шэраг паўнамоцтваў, якія цяпер ускладзены (ну, жыццё так склалася) або перанесены на Савет Бяспекі, апарат. Ты гэта павінен бачыць знізу. Я гэта бачу, што часам мы забывалі аб генеральным пракуроры, аб пракуратуры».

Кажучы аб папярэднім генеральным пракуроры (падчас пасяджэння сёмага Усебеларускага народнага сходу Андрэй Швед быў прызначаны Старшынёй Вярхоўнага Суда), Прэзідэнт назваў яго патрыятычным чалавекам. «Ён нямала зрабіў у Генеральнай пракуратуры для таго, каб яна працавала інтэнсіўна», — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што пры папярэднім кіраўніку Генеральная пракуратура вельмі сур’ёзна займалася і пытаннямі генацыду беларускага народа. «Мы ўжо столькі выявілі фактаў, што цяжка знайсці нешта дадаткова, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — У выніку мы павінны ім (тым, хто нясе адказнасць за генацыд. — „Зв“.) прад’явіць рахунак. Заплацяць — не заплацяць, але яны павінны ведаць, што яны нам вінаватыя. І не тое, што мы палічылі сёння ў доларах, калі долар абясцэньваецца шалёнымі тэмпамі. Нікому ён ужо сёння не патрэбен. Заўтра дакладна не патрэбен будзе. Яны павінны разумець, што яны разбурылі рэспубліку. Таму тут нам трэба закругляцца і паказваць як след гэтыя злачынствы. Гэта актуальна сёння, вельмі актуальна. Угадалі мы. На фоне той палітыкі, якую Захад праводзіць. Перш за ўсё еўрапейскія дзяржавы». 

«Мы такі род, які не церпіць несправядлівасці»

Асобна кіраўнік дзяржавы закрануў тэму супрацьдзеяння карупцыі. І па гэтым пытанні, як падкрэсліў Прэзідэнт, генеральнаму пракурору вельмі сур’ёзна давядзецца працаваць разам з новым старшынёй Следчага камітэта. 

«Гэта недапушчальна, — гаворачы аб карупцыйных праявах, падкрэсліў беларускі лідар. — Па вялікім рахунку, калі мы не будзем стрымліваць гэтыя карупцыйныя схільнасці, мы прыйдзем да вайны. Заўсёды так бывае. Асабліва ў нас, славян. Мы такі род, які не церпіць несправядлівасці. А карупцыя — гэта жудасная несправядлівасць». 

Органы пракуратуры, дадаў кіраўнік дзяржавы, прызначаны і для кантролю за аднастайным, дакладным выкананнем законаў у нашай кране. 

«Гэта трэба бачыць, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Мы крыху замусолілі тэзіс аб правах чалавека. Не мы ў гэтым вінаватыя. Але сапраўдныя правы чалавека вы павінны кантраляваць, каб гэта ўсё ажыццяўлялася ў Беларусі. Права на працу, заработную плату, права на справядлівасць кожны чалавек мае ў нас. Таму, зыходзячы з жыцця, нашага заканадаўства, трэба бачыць сапраўдныя правы нашых беларусаў».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што датычыцца гэта не толькі беларусаў, а і тых людзей, якія да нас прыязджаюць. «Я пра гэта гаварыў у частцы міграцыі, — удакладніў ён. — Калі мы прынялі сюды людзей, яны павінны валодаць тымі правамі, якімі валодаюць нашы людзі. Бо яны па гэта і прыехалі. Самае галоўнае для іх (яны шмат не патрабуюць), каб ім была прадастаўлена работа. Мы ім гатовы прадаставіць усё. Гэта праблема справядлівасці. Як у беларусаў, так і ў іх. Таму правы чалавека, сапраўдныя правы чалавека, павінны выконвацца. І вы павінны гэта кантраляваць». 

Звяртаючыся да прызначаных, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ніякіх намераў у бок «рэвалюцыйнай» барацьбы супраць дзяржаўнага ладу, які існуе, быць не павінна. 

«Для гэтага ёсць выбары, — канстатаваў ён. — Трэба ісці на выбары і вырашаць гэтыя праблемы. Вось тут, у Беларусі, ёсць усё. Тым больш, што цяперашні Прэзідэнт, як я часта гавару, не трымаецца пасінеўшымі пальцамі за ўладу. Я — чалавек сыходзячы. Многія за гэта ўхапіліся: „Ах, сыходзячы“. Хто перажывае, хто радуецца. Гэта не значыць, што заўтра мы кінем гэта ўсё, і я ў тым ліку, і сыдзем. Але зразумела, што я ўжо не той чалавек, які першы або другі год працуе Прэзідэнтам. Гэта сведчыць аб тым, што я буду свята захоўваць правы і інтарэсы нашых людзей. Вы ў гэтым плане павінны працаваць». 

«Акуратна, не спяшаючыся»

Звяртаючыся да новага генпракурора, Прэзідэнт адзначыў, што Дзмітрый Гара як патрыёт краіны з задавальненнем падзеліцца сваім вопытам з Канстанцінам Бычакам, які прыйшоў на яго месца ў Следчы камітэт. 

«Я спачатку думаў, Канстанцін, каб у цябе галава не закружылася ад гэтых прызначэнняў, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Але, думаю, ты чалавек разумны. Ды і не дадзім мы табе тут разгуляцца».

Па словах кіраўніка дзяржавы, Канстанцін Бычак, нягледзячы на малады ўзрост, заслужыў такое прызначэнне. «Ніколі не хаваўся за плечы іншых, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — А гэта для ваеннага чалавека вельмі важна. Заслужыў. Таму галоўнае — акуратна, не спяшаючыся».

Па словах кіраўніка дзяржавы, Дзмітрый Гара, які дагэтуль узначальваў следчае ведамства, павінен дапамагчы новаму кіраўніку ўліцца ў калектыў. «Бо следчы — гэта ж белая косць, белая косць у пагонах, — заўважыў Прэзідэнт. — Яны не заўсёды прымаюць людзей з боку. Хаця ён (Канстанцін Бычак. — „Зв“.) не з боку. Ён заўсёды быў следчым. Але малады чалавек. І прызначэнне з боку — гэта не значыць, што ў Следчым камітэце няма дастойных людзей. Я нікому не магу цяпер прад’явіць прэтэнзіі, хаця ўважліва назіраў за вашай работай. Гэта і ёсць ратацыя кадраў».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, нічога дзіўнага няма ў тым, што адзін следчы ідзе генеральным пракурорам, а яму на змену прыходзіць кіраўнік з іншага ведамства, але таксама следчы. «Але тым не менш, ведаю, заўсёды шурпатасці бываюць з прыходам новага кіраўніка, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Таму Канстанціну трэба ў гэтым плане дапамагчы. Ды і ўсе будзем дапамагаць. Сам ён чалавек цвёрды, як паказала рэчаіснасць». 

Па словах Прэзідэнта, гэтыя кадравыя рашэнні саспелі даўно. Аднак прынятыя цяпер, каб у новы год кіраўнікі ўваходзілі з новымі пасадамі, з новымі пагонамі.

Даслоўна

У аснове — дакладнае выкананне закона і справядлівасць

У размове з журналістамі генеральны пракурор Дзмітрый ГАРА адзначыў, што ўсе задачы, ускладзеныя на органы пракуратуры, будуць выкананы. У гэтым генпракурору дапамогуць і жыццёвы досвед, і прафесійная практыка. 

Па словах Дзмітрыя Гары, Прэзідэнтам канкрэтна абазначаны кірункі развіцця органаў пракуратуры. «Самае важнае — дакладнае выкананне закона, — падкрэсліў ён. — Гэта значыць, нагляд за тым, каб закон быў аднолькавы для ўсіх. Гэта пытанне справядлівасці. Кіраўнік дзяржавы паўтарыў не адзін раз: «Галоўнае, каб у нашым грамадстве была справядлівасць». 

З гэтага, як удакладніў генпракурор, зыходзяць іншыя даручэнні, адпаведна, і астатнія кірункі работы, сярод якіх — супрацьдзеянне карупцыі, праваахоўная і прафілактычная дзейнасць. «Кіраўнік дзяржавы даручыў, каб пракуратура была сапраўдным штабам, які каардынуе гэтыя кірункі работы», — адзначыў Дзмітрый Гара. 

Ён звярнуў увагу на тое, што ў краіне склалася вельмі якасная сістэма папярэдняга расследавання, пракурорскага нагляду і наступнага разгляду спраў у судзе. «Сістэма працуе амаль без збояў, — канкрэтызаваў генеральны пракурор. — У нас высокая якасць узаемадзеяння. Зыходзячы з таго, што прэтэнзій у судоў усё менш, і следства, і пракуроры працуюць даволі якасна. Думаю, што так і будзе працягвацца. Але мяжы дасканаласці няма. Будзем удасканальвацца». 

Дзмітрый Гара нагадаў, што пракуратура займаецца і пытаннямі супрацьдзеяння экстрэмізму, пытаннямі вяртання так званых збеглых на Радзіму праз камісію, якую ўзначальвае генеральны пракурор. «У нас перад законам усе павінны быць роўныя, — заўважыў ён. — Не павінны ўшчамляцца нічые правы, не прадугледжаны і патуранні ў адрас кагосьці. Гэта датычыцца і нашага паўсядзённага жыцця, і электаральных кампаній. Ёсць у нас выбары. Усё павінна быць па законе. Экстрэмізм, тэрарызм і ціск на дзяржаву недапушчальныя. Мы будзем стаяць на абароне інтарэсаў дзяржавы і нашых законапаслухмяных людзей».

Без паспешлівых і рэзкіх рашэнняў

Старшыня Следчага камітэта Канстанцін БЫЧАК звярнуў увагу, што ступень адказнасці на дадзенай пасадзе значна вышэйшая, чым на пасадзе начальніка ўпраўлення КДБ. «Хаця работа па сваёй сутнасці прыкладна аднолькавая, адрозніваецца толькі аб’ёмамі, — канкрэтызаваў ён. — Наша дзейнасць па расследаванні, правядзенні дасудовага следства па крымінальных справах перасякалася, і мы расследавалі крымінальныя справы. Шчыльнае ўзаемадзеянне на ўсіх узроўнях мела месца заўсёды. Давялося бачыць работу гэтай сістэмы знутры, дакладна ведаю, як усё ўладкавана». 

Адказваючы на пытанне, ці чакаюцца пэўныя змяненні ў рабоце Следчага камітэта, Канстанцін Бычак заўважыў, што пры новых прызначэннях, напэўна, разлічваюць на свежыя погляды, прыняцце новых рашэнняў. «Разам з тым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што не трэба прымаць паспешлівых і рэзкіх рашэнняў, — удакладніў кіраўнік ведамства. — Следчы камітэт, які ён ёсць у цяперашні час, эфектыўна выконвае свае задачы».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю