Top.Mail.Ru

Падрабязнасці кадравага дня ў Палацы Незалежнасці

«Нам трэба зберагчы нашу краіну ад катаклізмаў і войнаў, каб мы спакойна, ціха рабілі сваю справу»


Абноўлены склад памочнікаў кіраўніка дзяржавы. Прызначаны новыя памочнікі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектары па горадзе Мінску, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Кадравыя змяненні адбыліся і ў мясцовых выканаўчых і распарадчых органах. Новыя кіраўнікі — у Шклоўскім і Бабруйскім райвыканкамах.


Юрый Валяваты прызначаны памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектарам па Гомельскай вобласці. Дагэтуль ён з’яўляўся першым намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектарам па Магілёўскай вобласці прызначана Надзея Каткавец (у 2022 — 2023 гадах — дырэктар па сельскай гаспадарцы ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя»). Дзмітрый Равуцкі прызначаны памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектарам па Мінску. Дагэтуль займаў пасаду намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі. 

Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў Міхаіла Крыцкага на пасаду старшыні Шклоўскага райвыканкама. Дагэтуль ён узначальваў Бабруйскі райвыканкам. Старшынёй Бабруйскага райвыканкама ўзгоднены Аляксандр Каўранін, які раней з’яўляўся першым намеснікам старшыні — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бабруйскага райвыканкама. Прэзідэнт даў згоду на прызначэнне Юрыя Фралова старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці (папярэдняя пасада — памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па горадзе Мінску).


«Вы — вобраз Прэзідэнта на месцах»

«Я не стану вам расказваць аб тым, як трэба працаваць, — звяртаючыся да прызначэнцаў, сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вы людзі вопытныя. Мне можаце яшчэ шмат чаго расказаць. Але патрабаванне маё адно ў сувязі з тым, што вы прызначаецеся на ключавыя пасады: вы — вобраз Прэзідэнта на месцах. Гэта прашу мець на ўвазе». 

Звяртаючыся да памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гомельскай вобласці Юрыя Валяватага, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, у чым сутнасць гэтага прызначэння. «Я хачу, каб Гомельская вобласць была падобная на Гродзенскую вобласць», — канкрэтызаваў ён, маючы на ўвазе вопыт работы новапрызначанага ў Гродзенскім аблвыканкаме.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што пасада памочніка Прэзідэнта з’яўляецца часовай, прамежкавай. «Калі шчыра гаварыць, у вас пэўныя перспектывы, — сказаў беларускі лідар у адносінах да Юрыя Валяватага. — Не магу сказаць, вялікія-малыя, але пэўныя. Вы ведаеце, што памочнікаў пасля іх паспяховай работы мы з задавальненнем прасоўваем на іншыя пасады. Таму, Юрый Мікалаевіч, я хачу і паглядзець на вас: як вы будзеце працаваць самастойна і наколькі вы з былым міністрам (былых не бывае) Іванам Іванавічам Крупко, да якога вы добра адносіцеся і ён да вас добра адносіцца, прасунеце Гомельскую вобласць ужо цяпер».


Юрыю Валяватаму пастаўлена задача зрабіць Гомельскую вобласць падобнай на Гродзенскую. Прэзідэнт разумее, што гэта вельмі складана, у сувязі з тымі ўмовамі, у якіх знаходзіцца Гомельшчына. «Думаю, вось гэта звязка з Іванам Іванавічам Крупко дасць вынік, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Вельмі на вас спадзяюся».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў усіх сваіх памочнікаў, што, па яго словах, карысна пачуць і старшыням райвыканкамаў. «Я не хачу ніякіх канфліктаў паміж памочнікам і губернатарам, — канкрэтызаваў ён. — І тыя, і тыя — мае дзеці, вобразна кажучы. Але гэта не значыць, што вы павінны хадзіць „пад казырком“ губернатара. Так, трэба дапамагаць. Вы будзеце адказваць за вобласць, якую будзеце прадстаўляць. Вы будзеце адказваць за развіццё сітуацыі ў вобласці, але трэба мець свой пункт гледжання».

Найперш, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, памочнікі Прэзідэнта з’яўляюцца інспектарамі па кадрах. «Кадры вырашаюць усё, як гаварыў класік, — нагадаў беларускі лідар. — Ёсць талковыя кіраўнікі, усе вы гэта добра ведаеце, вы вопытныя людзі. Добры кіраўнік — значыць, справа пойдзе. Таму праз кадры, якія вы будзеце курыраваць на месцах, я буду глядзець на вашу работу». 

«Шклоўскі раён павінен быць узорна-паказальным»

Звяртаючыся да памочніка Прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці Надзеі Каткавец, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што добра яе ведае. «Вы чалавек актыўны, больш вопытнага, напэўна, за сталом (у кабінеце беларускага лідара. — „Зв.“) нікога няма, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Усё будзе залежыць ад таго, наколькі вы і далей будзеце такім актыўным чалавекам. Як бачыце, засядзецца на месцы дзесьці там я вам не даў. Я разлічваю, што ніякай памылкі тут не будзе».

Па словах беларускага лідара, працаваць Надзеі Каткавец давядзецца ў тым ліку ў звязцы з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта, упаўнаважаным Прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Дзмітрыем Крутым.

«Ён у нас не аграрый, ну, як і вы, добры эканаміст, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка — Праўда, у яго больш прэваліруе макраўзровень, а вы добра ведаеце мікраўзровень. Я памятаю нашу работу, і тады прэтэнзій ніякіх не было на мікраўзроўні. Але, улічваючы, што вы яшчэ за гэты час, што мяне здзівіла, кандыдацкую дысертацыю абаранілі, прайшліся па асноўных этапах нашага развіцця аграрнага комплексу, гэта задавальняе і падыходзіць. Адпачылі крышку — і наперад. Магілёўскую вобласць вы добра ведаеце».


Прэзідэнт нагадаў, што напярэдадні ў Палацы Незалежнасці адбылася нарада па асобных пытаннях развіцця Магілёўшчыны. «Тыя праблемы, якія і ўчора (7 ліпеня. — „Зв.“) я абмяркоўваў, і ў перспектыве, таксама яны для вас не новыя, — звяртаючыся да Надзеі Каткавец, заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Асабліва па Шклоўскім раёне. Каб тут не было памылковай думкі, што вось я працаваў у Шклоўскім раёне калісьці — значыць, яго і падтрымліваю. Нічога падобнага. Шклаўчане не ў захапленні ад таго, што я часта бываю ў Шклоўскім раёне. Ты ведаеш мяне даўно, і там нічога не заржавее: колькі я буду працаваць, столькі я ўвагі буду ўдзяляць (Шклоўскаму раёну. — „Зв.“)».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, са Шклоўскага раёна ён хоча стварыць адносна ўзорны раён для капіравання па ўсёй краіне, паколькі ён яго добра ведае. «Гэта вельмі важна, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Таму мы там аднавілі і сельгастэхніку (райаграсэрвіс), і сельгасхімію аднавілі, і ПМК будаўнічыя (там ужо сотні (людзей. — „Зв.“) паўтары працуюць), ільнонасенстанцыя, памятаю, побач — гэта нам усё трэба. Усё гэта адноўлена. Па краіне ў рознай ступені гэта рэабілітавана і адноўлена. Ну, вядома, не так, як у Мазыры мы бачылі, бо Мазыр — гэта прадпрыемствы. Гэта не толькі сельгасрайаграсэрвіс, які абслугоўвае існуючую тэхніку і іншыя кірункі дзейнасці сельскай гаспадаркі, але гэта ўжо прадпрыемства, якое і абслугоўвае, і выпускае многія ўзоры сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі». 

А вось Шклоўскі райаграсэрвіс, па словах кіраўніка дзяржавы, — гэта акурат тое, што ёсць у кожным раёне. Па словах Прэзідэнта, без гэтага ніякага развіцця раёна быць не можа. «І ўвогуле я не ўяўляю работу старшыні райвыканкама, калі ў яго няма камбікормавага завода, калі няма сельскагаспадарчага абслуговага прадпрыемства, хіміі, будаўнічай галіны, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Што гэта за старшыня райвыканкама, у якога няма гэтых інструментаў? Вось у Шклове мы гэта ўсё, узгадваючы мінулае, узнавілі на сур’ёзным, высокім узроўні».

Гаворачы аб райаграсэрвісах, Прэзідэнт назваў іх яшчэ і сэрвіснымі цэнтрамі для прамысловых прадпрыемстваў. «Гэта прадстаўнікі МТЗ, МАЗа, маторнага завода, усіх заводаў, якія ў нас існуюць у краіне, — канкрэтызаваў ён. — Ну, і няхай таксама разам з гэтымі 118 раёнамі ўпіраюцца і працуюць. Вы разумееце маю задуму? Таму Шклоўскі раён павінен быць узорна-паказальным у гэтым плане». 

«У Шклоўскім раёне створана ўсё для таго, каб працаваць»

Звяртаючыся да новага старшыні Шклоўскага райвыканкама Міхаіла Крыцкага, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў сувязі з тым, што ён працаваў на Шклоўшчыне, часта там бывае цяпер, а таму ведае там кожны квадратны метр, новаму кіраўніку раёна будзе няпроста. «Гэта будзе вельмі няпроста, Міхаіл Леанідавіч, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І за тое, што вы рызыкнулі туды пайсці, я вам вельмі ўдзячны. Вы, па-мойму, там і працавалі ў свой час». 

«Амкадор-Шклоў», «Александрыйскае», «Купалаўскае», — пералічыў ранейшыя месцы работы ў раёне Дзмітрый Крутой.

Аднак з ацэнкай мінулай працоўнай дзейнасці новага кіраўніка раёна Прэзідэнт не спяшаецца. «Гэта вы з Надзеяй Мікалаеўнай (Каткавец. — „Зв.“) там разберацеся, дрэнна або добра, каб яна табе паказала ўсе твае „касякі“, — сказаў Аляксандр Лукашэнка Міхаілу Крыцкаму. — Таму едзь у Шклоў і выпраўляй. У дапамогу табе адзін кантралёр, другі, які спаць не дасць. Ты ж май на ўвазе, за ўсё ж гэта адказваць трэба. У Шклоўскім раёне створана ўсё для таго, каб працаваць».

Па словах кіраўніка дзяржавы, да канца года там будзе пабудаваны сучасны малаказавод. «Мы выносім са Шклова яго, яго даўно трэба было вынесці, — заўважыў беларускі лідар. — І гэта самы сучасны будзе малаказавод. Добры будзе завод. Сыравінныя зоны вызначаны. Калі трэба будзе больш, можам узяць і ў Аршанскім раёне — краіна адна. Але, гавораць, там хапае, і трэба больш вырабляць, асабліва на шклоўскіх землях. Гэта і Круглае, і Бялынічы побач там і іншыя раёны, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Горацкі — падключайце. Але каб гэта прадпрыемства было загружана».


Прэзідэнт нагадаў, што напярэдадні было прынята рашэнне аб тым, што з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную ўласнасць Шклоўскага раёна будуць перададзены сельгаспрадпрыемствы, якія ўваходзілі ў холдынг «Купалаўскае», а таксама камбікормавы завод. Па яго словах, у раёне створана і сельгасхімія, і сельгастэхніка. 

«Усё-ўсё ёсць для таго, каб там працаваць, — акцэнтаваў увагу ён. — Таму майце на ўвазе, „касякі“ былыя будзеце выпраўляць. Надзея Мікалаеўна (Каткавец. — „Зв.“) вельмі добра ведае Шклоўскі раён, таксама спаць вам там спакойна не давядзецца».

«Трэба ўнікнуць і паглядзець»

У размове са старшынёй Бабруйскага райвыканкама Аляксандрам Каўраніным Прэзідэнт заўважыў, што сам бог загадаў яму не ўпусціць Бабруйскі раён. 

«Стабілізавалі яны там усё», — заўважыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. 

«Трэба, Надзея Мікалаеўна, звярнуць увагу, што ж там за Бабруйскі раён, — даручыў беларускі лідар Надзеі Каткавец. — А то стабілізавалі, паправілі, выправілі — а трэба ўнікнуць і паглядзець. Напэўна, не ўсё там стабілізавалася. Таму паглядзіце ўважліва за гэтымі пытаннямі».

Звяртаючыся да памочніка Прэзідэнта — інспектара па горадзе Мінску Дзмітрыя Равуцкага, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што праінфармаваны аб тым, што прызначэнец добрае ведае сталіцу, а адпаведна, знаёмы і з кадрамі. 

«Вы добра ведаеце Мінск, вы там працавалі, вы ж у Мінску жылі і жывяце, і ў цэнтральным апараце (КДБ. — „Зв.“) працуючы, вы таксама недалёка былі ад гэтага, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Вы ў гэтым „катле“ варыцеся. У Мінску асаблівасць тая, што не толькі ў адным квартале, у адным двары і суддзі, і следчыя, і аператыўнікі — яны ўсе жывуць у адным двары. У гэтым вялікі плюс, але і недахоп прыстойны. Усе адзін аднаго ведаюць. Таму ваша прызначэнне звязана з тым, каб вы не дазвалялі, каб рука руку мыла, як у народзе кажуць».

Прэзідэнт даручыў прынцыпова падысці да кадравага пытання. «І зноў жа хачу папярэдзіць, што вы — не выканаўца ў нашага мэра Мінска, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Вы, калі можна так сказаць, вочы і вушы Прэзідэнта. Гэта таксама мне вам тлумачыць не трэба. Вы гэта ведаеце па сваёй рабоце лепш чым трэба. Вось такія асаблівасці вашай работы».


«Задачы будуць стаяць вельмі сур’ёзныя»

Даючы новапрызначаным наказ на далейшую працоўную дзейнасць, беларускі лідар заўважыў, што ніякія лекцыі наконт іх далейшай дзейнасці чытаць не будзе. «Калі трэба лекцыі — вось у нас кандыдат навук (Надзея Каткавец. — „Зв.“), няхай яна вам і чытае лекцыі, — сказаў Прэзідэнт. — Яна добра разумее ўсе пытанні. Але веды, вопыт — гэта адно, а рэалізаваць гэта — іншае. Бо памочнікам давядзецца сутыкнуцца перш за ўсё са старшынямі райвыканкамаў пры рэалізацыі тых задач, якія стаяць у нашай краіне».

Ставячы задачы, звязаныя з эканомікай, арганізацыйнай дзейнасцю, кіраўнік дзяржавы папрасіў прызначаных на новыя пасады не забываць аб тым, што яны яшчэ і палітыкі на месцах. «Райкамаў партыі няма, на жаль, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка — Я ўжо сёння адчуваю вось гэты недахоп. На месцах усё-такі тады шмат было абы-чаго, але партыйныя органы назіралі за тым, што адбываецца. І паглядзіце, Кітай узяў нашу сістэму, развіваецца як належыць, бо сістэма працуе. Там шапказакідальніцтвам ніхто не займаецца. Ведаю, што мяне пачнуць пасля гэтай заўвагі крытыкаваць, што мы тут вось па слядах кітайцаў ідзём. На жаль (я і Сі Цзіньпіну нядаўна гаварыў), мы ўжо страцілі гэты след. Мы ўжо па слядах кітайцаў наўрад ці пойдзем, нават калі і захочам. Але задачы будуць стаяць вельмі сур’ёзныя».

І не толькі, як удакладніў Прэзідэнт, палітычныя. На поўдні краіны, па словах кіраўніка дзяржавы, напрыклад, вельмі актуальнае пытанне бяспекі людзей.

«Павінен сказаць, што Іван Іванавіч Крупко — малайчына ў гэтым плане, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Ды і ў Брэсцкай вобласці: яны не адштурхоўваюць гэтыя пытанні. Не гаворачы пра Гродзенскую, дзе генерал кіруе вобласцю. Дрэнна, добра — быццам бы пытанні пакуль вы там вырашаеце. Таму давядзецца і гэтымі пытаннямі займацца. Такое наша жыццё. Нам трэба зберагчы нашу краіну ад катаклізмаў і войнаў, каб мы спакойна, ціха рабілі сваю справу і каб Беларусь развівалася тымі тэмпамі, як цяпер. І была прыгожым, утульным месцам для жыцця нашых людзей».

Для гэтага, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, у беларусаў усё ёсць. «Не перанаселеная краіна, — канкрэтызаваў ён. — Сёлета ўраджай добры — дай бог сабраць. Асаблівасць у тым, што трэба, каб камбайны і зернетакі былі ў парадку».

«Усё развіваецца нядрэнна»

Прэзідэнт звярнуў увагу на дажджлівае надвор’е. «Заўтра-паслязаўтра цыклон яшчэ нас пакалашмаціць прыстойна, які рухаецца да нас з паўночнага захаду (гэта я па здымках з космасу паглядзеў), таму нам трэба гэта перажыць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але гэта не праліўныя пакуль дажджы. Цыклоны нам не патрэбны, але гэтыя такія дробныя дажджы ў момант наліву збожжавых і саспявання асноўных культур. Гэта яшчэ цярпіма».

Асаблівы клопат у беларускага лідара выклікае ўраджай бульбы. «Я ўчора вечарам паехаў на поле, паглядзеў бульбу — ад фітафторы трэба зберагчы бульбу пры такім надвор’і, — паставіў задачу Прэзідэнт. — А так усё развіваецца выдатна. Але не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло: другі ўкос траў добры. А хто яшчэ падкарміў азотам крыху травы пасля другога ўкосу, у канцы жніўня — пачатку верасня будзе мець добры трэці ўкос люцэрны і гэтак далей. Усё развіваецца нядрэнна. Ну, буду прасіць нябесную канцылярыю, каб дала сухое надвор’е, бо мы ўжо ўцягнуліся ва ўборку».

Па словах кіраўніка дзяржавы, пачалася ўжо ўборка ячменю. «І быццам бы нядрэнны азімы ячмень, — канстатаваў ён. — Тое, за што мы змагаліся, атрымалі добры вынік».

«Камбайны ўсе ўцягнуты павінны быць ва ўборку»

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу — пракантраляваць, каб усе камбайны былі ў справе. «Гэта злачынства, я ўжо сказаў, калі на пэўным камбайне не будзе механізатара добрага, — падкрэсліў ён. — А яны напалову добрыя — на прамысловых прадпрыемствах». 

У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў свой вопыт кіравання сельгаспрадпрыемствам. Ён прывёў у прыклад аднаго механізатара, меліяратара па прафесіі, які падчас жніва прыязджаў працаваць у гаспадарку і на камбайне паказваў «цуды», працуючы з усёй адказнасцю да справы. 

«Таму на камбайнах, энерганасычаных, складаных трактарах, тэхніцы павінны быць людзі, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Іх патрэбна задзейнічаць з гарадоў, прыняць па-чалавечы. Яны там заробяць добрыя грошы — там, дзе няма сваіх камбайнераў. Таму камбайны ўсе ўцягуты павінны быць ва ўборку. Камбайн можа засыпаць зерняток за суткі. Трэба прапусціць усё гэта праз зернесушыльную гаспадарку, каб на склад пакласці збожжа. Таму зернесушыльныя гаспадаркі ў сувязі з такім надвор’ем — пытанне нумар адзін».

Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка арыентаваў прызначаных па-гаспадарску падыходзіць да сваіх абавязкаў і пачынаць працаваць. «Рухайцеся, не сядзіце ў кабінетах, — канкрэтызаваў ён. — Але і не боўтайцеся па полі, не перашкаджайце працаваць кіраўнікам гаспадарак. Усё павінна быць у меру».

Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога беларускі лідар папрасіў нагадаць старшыням райвыканкамаў сваё ранейшае даручэнне — узяць пад кантроль самыя горшыя гаспадаркі і адказваць за іх. «Трэба сачыць за гэтым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ раз звяртаючыся да прызначаных на новыя пасады, кіраўнік дзяржавы папрасіў не падвесці яго. «Людзі вы вопытныя — дзейнічайце, — арыентаваў ён. — Калі будуць пэўныя пытанні, на месцы ў нас ёсць усе: і памочнікі, і губернатары, і ўпаўнаважаныя (Прэзідэнта. — „Зв.“)».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю