Працоўны тыдзень кіраўніка дзяржавы пачаўся з пашырэння і ўзмацнення рэгіянальнага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй. Гэтым разам у Палацы Незалежнасці абмеркавалі перспектыўныя кірункі гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння Беларусі і Свярдлоўскай вобласці. Акрамя таго, на парадку дня — пытанне павышэння тавараабароту, сумесныя праекты ў розных сферах.
«Каб мы маглі нават падвоіць гэты тавараабарот»
На пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Дзяніс Паслер ужо не першы год знаходзіцца на пасадзе губернатара Свярдлоўскай вобласці. «Няпростай пасадзе і ў няпростым рэгіёне, — удакладніў беларускі лідар. — Неяк даўным-даўно я бываў у вашым рэгіёне і пераканаўся, што ён вельмі няпросты. Я ведаю добра з гісторыі, з рэчаіснасці, што ваша вобласць з’яўляецца адной з цэнтральных абласцей (Расійскай Федэрацыі. — „Зв“.), расіяўтваральнай, калі можна так сказаць, вобласцю».
Прэзідэнт нагадаў, што ў савецкія часы ганарыліся тым, што выраблялі ў гэтым рэгіёне. «Гэта, можна сказаць, тады глыбінка наша была, — заўважыў ён. — І ўсё, што мы не маглі зрабіць на акраінах, мы ўсё рабілі і стваралі ў вас. Самыя перадавыя тэхналогіі былі ў вас».
Гаворачы аб супрацоўніцтве Беларусі са Свярдлоўскай вобласцю на сучасным этапе, Прэзідэнт назваў яго паспяховым. «За апошнія гады мы дасягнулі дзесьці каля мільярда тавараабароту ў нашым супрацоўніцтве, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Але, разумеючы маштаб і разумеючы тыя аб’ёмы, якія вы можаце вырабляць, мільярд — гэта проста для нас прахадная лічба. І справа часу, каб мы маглі нават падвоіць гэты тавараабарот».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Беларусі і гэтаму расійскаму рэгіёну яшчэ ёсць над чым працаваць. Прэзідэнт выказаў удзячнасць губернатару Свярдлоўскай вобласці за тое, што насуперак усяму рэгіён набывае нашу тэхніку.
«Мы і машынабудаўнічая краіна, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Калі трэба, мы можам павялічыць аб’ёмы паставак сельскагаспадарчай прадукцыі. У нас таксама развіты сур’ёзна гэты кірунак».
«Прамысловая кааперацыя — гэта аснова будучага нашага развіцця»
Гаворачы аб тым, што Беларусь — машынабудаўнічая краіна, дзе таксама вельмі развіта сельская гаспадарка, па словах Прэзідэнта, часта забываецца тое, што ў нашай краіне як раней, так і цяпер даволі высокі ўзровень развіцця станкабудавання.
«Таму вы можаце гэта ўлічыць, — адзначыў беларускі лідар. — Для нас гэта вельмі важна. Мы з Прэзідэнтам Расіі часта абмяркоўваем гэту праблему. Асабліва з вашымі міністрамі. Яны гэта разумеюць, што без станка не створыш нічога талковага, асабліва маючы на ўвазе Беларусь і Свярдлоўскую вобласць. Там станкі патрэбны. Таму мы гатовы ў гэтым кірунку працаваць».
Па словах кіраўніка дзяржавы, сёння хапае «шаленства» з боку нашых праціўнікаў, якія прыводзяць у ненармальны стан нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. «Мы маем два мадэрнізаваныя заводы, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Пасол (Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыс Грызлоў. — „Зв“.) гэта добра ведае. І падстаўляем сваё плячо ў любы час, калі трэба. Калі ў гэтым плане патрэбна дапамога і падтрымка вашаму рэгіёну, вы паслу скажыце. Барыс Вячаслававіч нас праінфармуе. Будзем старацца вам дапамагчы так, як дапамагаем сёння ўсёй Расіі».
Асобна Прэзідэнт спыніўся на мінеральных угнаеннях. «У вас гэтага дабра хапае, але калі вам будзе выгадна — калі ласка, — сказаў ён. — Мы можам аказаць і тут істотную падтрымку. Хацеў сказаць, улічваючы што і санкцыі ўвялі супраць нас... Хаця такія санкцыі, што мы прыстасаваліся (я ўжо гаварыў) да іх, і ў нас сёння лішніх мінеральных угнаенняў няма. Усё, што мы калісьці пастаўлялі і нават больш (і па цэнах, і па аб’ёмах) мы прадаем на міжнародных рынках. Але тым не менш, вы ж свае людзі, не чужыя. Таму, калі трэба, мы акажам падтрымку».
У чарговы раз беларускі лідар указаў на важнасць прамысловай кааперацыі. «Гэта аснова будучага нашага развіцця, узаемаадносін паміж Беларуссю і Расіяй, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы гатовы пашыраць гэта супрацоўніцтва ў плане кааперацыі. Ёсць добрыя прыклады супрацоўніцтва, дапусцім, БелАЗа і „Пнеўмабудмашына“. Ды іншыя кірункі па прадукцыі нашай».

«Гатовы працаваць у Расіі па ўсіх кірунках»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калі з беларускага і расійскага рынкаў сышлі заходнія, амерыканскія і іншыя кампаніі, у нас адкрыліся новыя магчымасці. «І ў гэтым кірунку мы таксама гатовы працаваць, — адзначыў Прэзідэнт. — Шмат прадукцыі, якая патрэбна Расіі. І гэтыя кірункі ў Расіі не развіваліся. Дапусцім, як оптыка, электроніка і іншае. Мы гэта ўсё захавалі і, больш за тое, на патрэбны ўзровень паднялі».
Нямала гэтай прадукцыі, па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь пастаўляе ў Расійскую Федэрацыю. «Калі вам гэта патрэбна будзе, прыгледзьцеся ўважліва, — прапанаваў ён губернатару Свярдлоўскай вобласці. — Мы гатовы не проста да паставак, але і да стварэння сумесных кааператыўных сувязяў, прадпрыемстваў тут і ў вас для таго, каб развіваць гэтыя кірункі».
Кіраўнік дзяржавы прапануе арыентавацца на прадукцыю, якая вырабляецца ў Беларусі і Расіі. «Нам трэба глядзець на сваё, — падкрэсліў ён. — Гэта так званыя санкцыі паказалі нам (у вас аб гэтым часта гавораць), што трэба арыентавацца на сваё і імпартазамяшчэннем займацца і іншымі кірункамі для таго, каб ствараць сваё».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што з задавальненнем чуе аб тым, што і самалёты з’яўляюцца свае, грамадзянскія ў тым ліку. «Я ўжо не кажу аб ВПК, які атрымаў у вас вельмі сур’ёзнае развіццё, — удакладніў Прэзідэнт. — А гэта, у сваю чаргу, і нас цягне за сабой, бо мы з рамонту тэхнікі (у асноўным, гэта рамонтныя базы) ужо пачынаем вырабляць і бронетэхніку, і самалёты».
Указаў беларускі лідар і на перспектывы судабудавання, якое цяпер развіваецца ў нашай краіне. «Не ў рамонтным кірунку, а стварэнне сучасных комплексаў, сучасных машын, — удакладніў ён. — Для нас гэта выгадна. У той жа час гатовы працаваць там, у Расіі, па ўсіх кірунках».
Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Дзянісу Паслеру за тое, што ён наведаў нашу краіну. «Пабываеце тут, паглядзіце, — прапанаваў ён. — У чымсьці мы адрозніваемся ад Свярдлоўскай вобласці, але ў асноўным падобныя на ваш рэгіён».
У сваю чаргу, губернатар Свярдлоўскай вобласці падзякаваў Прэзідэнту за магчымасць сустрэчы. «Вельмі прыемна было чуць водгукі аб Свярдлоўскай вобласці, аб уральцах, — канстатаваў ён. — На самой справе, мы апорны край дзяржавы і такі герб у нас — вядома, гэта нас абавязвае да выканання тых задач, якія перад намі стаяць».
Дзяніс Паслер адзначыў, што дзякуючы сумеснай рабоце і падтрымцы беларускага лідара ўзаемаадносіны Беларусі і Свярдлоўскай вобласці вельмі добра развіваюцца. «Консульства працуе добра, дзякуй вам, — сказаў кіраўнік рэгіёну. — Створана працоўная група дзелавой супольнасці, якая на пастаяннай аснове працуе. Арганізавана сумесная работа з бізнесам. Мы істотна прасунуліся ў кааперацыі. За гэта хацеў бы падзякаваць вашых калег і вас — за тыя ўстаноўкі, якія стаяць».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Даслоўна
«І далей будзем паспяхова рэалізоўваць іншыя сумесныя праекты»
Як адзначыў у размове з журналістамі губернатар Свярдлоўскай вобласці Дзяніс ПАСЛЕР, размова ў кабінеце беларускага лідара ў асноўным ішла аб перспектывах выбудоўвання адносін Беларусі са Свярдлоўскай вобласцю.
«У нас ёсць шмат канкрэтных прыкладаў, — адзначыў ён. — Ёсць сумеснае прадпрыемства БелАЗа і „Пнеўмабудмашыны“ па гідраўліцы. У нас ёсць сумеснае прадпрыемства з оптыкамеханічным заводам, якое датычыцца медыцынскага абсталявання. У нас ёсць сумеснае прадпрыемства па выпуску тэхнікі: па пад’ёмніках, электрычных цялежках. Прадпрыемствы сёння працуюць на пастаяннай аснове».
Па словах кіраўніка гэтага расійскага рэгіёну, падчас сустрэчы абмяркоўваліся і будучыя сумесныя праекты, якія ў тым ліку звязаны з энергетычнай інфраструктурай, развіццём авіяцыі. «Было сказана аб тых праектах, якія рэалізуюцца ў вобласці па даручэнні нашага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, — удакладніў ён. — Мы гаварылі пра высокахуткасную магістраль. У Свярдлоўскай вобласці будуецца лакаматыў і ўвесь перасоўны састаў з хуткасцю 400 км/г. Такога не было раней ні на постсавецкай прасторы, ні ў Расіі сёння. Думаю, гэты перасоўны састаў калісьці звяжа і Маскву, і Екацярынбург, і Мінск».
Дзяніс Паслер адзначыў, што праграма ўзаемадзеяння Беларусі і рэгіёну маштабная. «І самае галоўнае, што яна сістэмна рэалізуецца, — удакладніў ён. — І гэтаму пацверджанне — рост тавараабароту. Беларусь заўсёды была пятай-сёмай краінай у гандлі Свярдлоўскай вобласці з замежнымі краінамі. Па выніках 2025 года Беларусь заняла трэцяе месца. Істотна прасунуліся. Рост — 14-16 %, амаль мільярд долараў тавараабарот. Вядома, з улікам тых перспектыў, якія мы сёння абмяркоўвалі (Аляксандр Рыгоравіч падтрымаў), я мяркую, гэты рубеж мы перавысім ужо сёлета і ўжо далей будзем паспяхова рэалізоўваць іншыя сумесныя праекты».
Гаворачы аб санкцыйным ціску, губернатар Свярдлоўскай вобласці адзначыў, што санкцыі стварылі дадатковыя магчымасці як для Беларусі, так і для Свярдлоўскай вобласці і ў цэлым для Расіі. «Тое, што ў нас выпала з кааперацыйнага ланцужка з еўрапейскімі краінамі, сёння актыўна замяшчаем, — сказаў ён. — Прыкладам гэтаму з’яўляюцца тыя самыя сумесныя прадпрыемствы. Гэта работа выбудавана. Адсюль і рост. Самае галоўнае — перспектывы далейшага развіцця, што вельмі важна і каштоўна».