Top.Mail.Ru

Прэзідэнт падпісаў шэраг важных дакументаў, накіраваных на забеспячэнне эфектыўнага эканамічнага росту і якаснае сацыяльнае развіццё краіны

Эканоміка — у аснове дабрабыту людзей

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 верасня падпісаў Указ № 342, якім зацверджаны найважнейшыя паказчыкі і параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2027 год. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы зацвердзіў мэтавыя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2027 год і ўзгадніў унясенне ў Палату прадстаўнікоў бюджэтна-падатковага пакета дакументаў на 2027 год. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. 

Падрабязней аб тым, наколькі гэтыя важныя дакументы будуць садзейнічаць забеспячэнню эфектыўнага эканамічнага росту і якаснага сацыяльнага развіцця краіны, даведаліся ад экспертаў.

Мадэрнізацыя рэальнага сектара эканомікі, з’яўленне новых вытворчасцяў

Указ № 342 прыняты ў мэтах забеспячэння эфектыўнага эканамічнага росту і якаснага сацыяльнага развіцця краіны. Рост валавога ўнутранага прадукту вызначаецца на ўзроўні 101,9 % да ўзроўню 2026 года. Для гэтага прадугледжваецца паскарэнне інвестыцыйнай праграмы з нарошчваннем інвестыцый у асноўны капітал на 3,1 %, што ў сваю чаргу дасць магчымасць забяспечыць рост у вытворчым сектары эканомікі.

Павелічэнню экспартных продажаў тавараў і паслуг на 2,9 % будзе спрыяць шырокая геаграфія знешнегандлёвых кантактаў і пашырэнне супрацоўніцтва з апорнымі пунктамі ў КНР і краінах далёкай дугі, у Расійскай Федэрацыі і СНД.

Паспяховая рэалізацыя інвестыцыйных, вытворчых і экспартных планаў дасць магчымасць забяспечыць прырост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва на 3 %.

Для Нацыянальнага банка і ўрада ўстанаўліваецца мэтавая задача па абмежаванні інфляцыі на ўзроўні, які не перавышае 6 %.

У мэтах дасягнення пазначаных арыенціраў ураду даручаецца ў двухмесячны тэрмін зацвердзіць план сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2027 год.


Міністр эканомікі Юрый Чабатар у размове з журналістамі адзначыў, што ўсе паказчыкі, зацверджаныя ўказам, увязаны з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады, у аснове якой — дабрабыт грамадзян, таму ўсё накіравана на вырашэнне гэтай галоўнай задачы.

«За кошт чаго мы будзем развівацца і дасягаць пастаўленых мэт? У першую чаргу — гэта экспартная праграма. У 2027 годзе прадугледжаны рост экспарту на 2,9 %. Самае галоўнае, што мы працягваем траекторыю руху па засваенні новых рынкаў далёкай дугі. Усе нашы экспарцёры будуць працягваць атрымліваць падтрымку ў рамках дзеючых асноўных механізмаў — указаў № 466 і № 534. Таксама запрацаваў эксперымент па падтрымцы лагістыкі ў краіны далёкай дугі. Усё гэта будзе ствараць пэўны каркас для выканання задач у плане экспарту», — расказаў Юрый Чабатар.

Выконваецца Дырэктыва «Аб практычным напаўненні ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай». «Гэта наш другі гандлёвы партнёр. Мы чакаем адпаведных вынікаў як па экспарце, так і па імпарце, а таксама ў сферы тэхналагічнага развіцця», — адзначыў міністр.

Другі кірунак — інвестыцыйная праграма. На наступны год запланаваны рост інвестыцый на 3,1 %. «Мы ўжо не першы год робім стаўку на гэты кірунак. Перш за ўсё — гэта мадэрнізацыя рэальнага сектара эканомікі, з’яўленне новых вытворчасцяў. Мы сёння арыентуем усе нашы прадпрыемствы на паскораныя тэмпы абнаўлення машын і абсталявання. Прыняты Указ Прэзідэнта „Аб стымуляванні рабатызацыі“. Мы таксама працягнем нашу ініцыятыву ў плане падтрымкі праектаў з рэгіёнаў. Немалаважнымі з’яўляюцца рост прадукцыйнасці працы, нашых кампетэнцый, тэхналагічнай самадастатковасці, а таксама рэалізацыя сумесных праектаў з іншымі краінамі», — звярнуў увагу кіраўнік ведамства.

Што датычыцца будаўніцтва жылля, асаблівы акцэнт будзе зроблены на арэнднае — плануецца павялічыць тэмпы прыкладна ў 1,5 раза. «Будзе працягнута будаўніцтва асноўнай сацыяльнай інфраструктуры, рэалізацыя Дзяржінвестпраграмы, рэгіянальных праграм. Усё гэта будзе фарміраваць спрыяльныя ўмовы для росту дабрабыту насельніцтва», — падкрэсліў Юрый Чабатар.

Прырост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва плануецца забяспечыць на 3 %. Але гэта не мяжа. «Мы ўпэўненыя, што заробак будзе расці больш высокімі тэмпамі, у тым ліку дзякуючы мадэрнізацыі нашых прадпрыемстваў. Спрыяць росту рэальных даходаў будуць і ўмераныя тэмпы росту інфляцыі — не больш за 6 %. Перадумовы да гэтага ёсць, у тым ліку добры ўраджай сёлета», — акцэнтаваў увагу міністр.

Валавы ўнутраны прадукт, згодна з прагнознымі параметрамі, у 2027 годзе вырасце на 1,9 % да ўзроўню 2026 года. «Прырост плануецца каля 7 мільярдаў долараў з дасягненнем дзесьці 114-114,5 мільярда долараў. Будзе забяспечаны рост ВУП на душу насельніцтва, у тым ліку па парытэце пакупніцкай здольнасці», — рэзюмаваў міністр.

«Не проста лічбы, а гарантыя прадказальнасці для нашых грамадзян і бізнесу» 

Зацверджаныя Указам № 343 мэтавыя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2027 год адпавядаюць патрабаванням, што прад’яўляюцца да работы Нацыянальнага банка і банкаўскай сістэмы ў цэлым, — садзейнічанне эканамічнаму росту разам з падтрыманнем цэнавай і фінансавай стабільнасці.

Указам устаноўлены наступныя параметры:

— прырост спажывецкіх цэн — не больш за 6 %;

— міжнародныя рэзервовыя актывы — не менш за 12,8 мільярда долараў (найважнейшы індыкатар эканамічнай бяспекі краіны і яе фінансавай устойлівасці);

— доля неабслугоўваных актываў банкаў у актывах, схільных да крэдытнай рызыкі, — не больш за 10 % (утрыманне такога ўзроўню забяспечыць стабільнасць усёй банкаўскай сістэмы);

— прырост аб’ёму інвестыцыйнага фінансавання — не менш за 13 % (для забеспячэння падтрымкі інвестыцыйнага крэдытавання).


Прырост спажывецкіх цэн у 2027 годзе павінен быць не вышэйшым за 6 %, золатавалютныя рэзервы — не ніжэй за 12,8 мільярда долараў, заявіў журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Раман Галоўчанка, каменціруючы мэтавыя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2027 год.

У ліку асноўных задач Нацбанка — падтрыманне цэнавай і фінансавай стабільнасці, садзейнічанне развіццю эканомікі. «Усяго мэтавых паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі ўстаноўлена пяць, і яны ў цэлым ахопліваюць усе нашы асноўныя задачы і адпавядаюць нашай сярэднетэрміновай праграме дзейнасці. Першы, напэўна, самы важны з іх — прырост спажывецкіх цэн на ўзроўні не больш за 6 %. Калі казаць пра цяперашнюю сітуацыю, прырост спажывецкіх цэн знаходзіцца на ўзроўні 4,5 %. Гэта ніжэй за мэтавую траекторыю. Мы зробім усё магчымае для таго, каб у 2027 годзе рост цэн у эканоміцы таксама не перавысіў 5 %. Гэта дапаможа інфляцыі замацавацца на досыць нізкім узроўні ў сярэднетэрміновай перспектыве», — сказаў Раман Галоўчанка.


Золатавалютныя рэзервы ў 2027 годзе павінны скласці не менш як 12,8 мільярда долараў. Па словах кіраўніка Нацбанка, мэтавы ўзровень золатавалютных рэзерваў разлічаны зыходзячы з абавязацельстваў па пагашэнні ўрадам знешняга доўгу. «Разлічваем, што рэальны ўзровень актываў складзецца нават вышэй», — заўважыў Раман Галоўчанка. 

Трэці паказчык датычыцца долі неабслугоўваных актываў банкаў у актывах, схільных да крэдытнай рызыкі. У 2027 годзе яна не павінна перавышаць 10 %. Зараз паказчык складае каля 2,5 %. «У цэлым ён характарызуе ўстойлівасць банкаўскай сістэмы да магчымых шокаў і крызісаў. Мы вельмі ўважліва сочым за гэтым паказчыкам, таму што ў першую чаргу ён арыентаваны на тое, каб банкі пры выдачы крэдытаў фарміравалі сваю рызыку-апетыт зыходзячы з неабходнасці захавання прынцыпу зваротнасці, каб не падвяргаць рызыцы ўкладчыкаў», — растлумачыў старшыня праўлення Нацбанка.

Яшчэ адзін паказчык звязаны з даступнасцю плацежных сістэм. Каэфіцыент устаноўлены на ўзроўні 99,8 %. Гэта азначае, што плацежная сістэма кожнага ўдзельніка рынку павінна знаходзіцца ў нерабочым стане не больш за тры хвіліны ў дзень або 18 гадзін у год. 

«З улікам таго, што ў краіне штодня з дапамогай плацежных сістэм апрацоўваецца каля 14 мільёнаў плацяжоў, вытрымліваць такую нагрузку вельмі няпроста. Таму гэты паказчык прад’яўляе сур’ёзныя патрабаванні да ўдзельнікаў плацежнага рынку і аператараў плацежных сістэм», — адзначыў Раман Галоўчанка.

Пяты паказчык датычыцца прыросту долі інвестыцыйных крэдытаў. У 2027 годзе ён павінен скласці не менш за 13 %. За восем месяцаў 2026 года банкі выдалі каля 4,9 мільярда рублёў інвестыцыйных крэдытаў. Да канца года гэта сума, як чакаецца, наблізіцца да 8 мільярдаў рублёў. У 2027 годзе паказчык павінен скласці каля 8,9 мільярда рублёў.

«Гэта ніжняя планка, якую для сябе ставім. Разлічваем, што рост будзе большы. Але ён будзе залежаць у першую чаргу ад попыту эканомікі на такія крэдыты. Банкаўская сістэма з улікам наяўнай ліквіднасці гатовая даць іх у поўным аб’ёме і нават у аб’ёме, які перавышае даведзеныя паказчыкі», — паведаміў Раман Галоўчанка.

«Як відаць з прадстаўленых даных, намі выбудаваная выразная сістэма прагназавання і рэагавання. Зацверджаныя кіраўніком дзяржавы найважнейшыя прагнозныя параметры на 2027 год, у тым ліку прырост спажывецкіх цэн не больш за 6 % — гэта не проста лічбы, а гарантыя прадказальнасці для нашых грамадзян і бізнесу», — лічыць намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Ірына Ляўковіч.

Сенатар асабліва адзначыла станоўчы эфект ад увядзення дзяржаўнага рэгулявання цэн у 2022 годзе (пастанова Саўміна № 713). Паводле яе слоў, гэтая вымушаная, але своечасовая мера дазволіла забяспечыць значнае запаволенне інфляцыйных працэсаў і абараніць людзей ад неабгрунтаванага росту цэн на тавары. 

«Мы бачым, што выбраная стратэгія прыносіць свой плён. Так, за 2025 год прырост спажывецкіх цэн склаў 6,8 % пры даведзеным лімітавым параметры ў 7 %. Нават у няпростых знешнеэканамічных умовах мы ўтрымліваем сітуацыю ў зададзеных рамках, — падкрэсліла парламентарый. — Больш за тое, па выніках жніўня гэтага года рост цэн склаў усяго 3,1 %, што істотна ніжэй за ўстаноўлены пастановай МАРГ дапушчальны рост у 4,2 %».

  • Важным сігналам аздараўлення эканомікі з’яўляецца і тое, што сёння з улікам запаволення інфляцыйных працэсаў дзяржава мае магчымасць паступова скарачаць пералік тавараў, якія падлягаюць жорсткаму дзяржрэгуляванню. «Гэта сведчыць аб гнуткасці нашай эканамічнай мадэлі: мы пераходзім ад прамога адміністравання да рынкавых механізмаў там, дзе гэта бяспечна для спажыўца», — заўважыла Ірына Ляўковіч. 

Сенатар упэўненая, што прынятыя меры дазволяць забяспечыць выкананне даведзенага параметру прыросту спажывецкіх цэн на 2026 год — не больш за 7 %, што стане чарговым пацвярджэннем стабільнасці і ўстойлівасці нашай эканомікі.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Алена Стальбоўская заўважыла: «Міжнародныя рэзервовыя актывы павінны захаваць свае рэкордныя аб’ёмы не менш за 12,8 мільярда долараў ЗША. Доля неабслугоўваных актываў банкаў у актывах, схільных да крэдытнай рызыкі, — паказчык зацверджаны на ўзроўні не больш за 10 % у мэтах захавання стабільнасці работы банкаўскага сектара. Прырост аб’ёму інвестыцыйнага фінансавання — паказчык з’яўляецца найважнейшым інструментам стымулявання інвестыцыйнай актыўнасці, яго тэмп будзе захаваны на ўзроўні не менш за 13 %».

«Прынятымі стратэгічнымі дакументамі сфарміраваны ўсе ўмовы для якаснага росту эканомікі. Яны даюць поўнае разуменне нашым грамадзянам таго, як будуць мяняцца цэны, стаўкі па крэдытах, даходнасць укладаў і забяспечвацца агульная стабільнасць у эканоміцы», — рэзюмавала парламентарый.

«Чалавек нязменна ў цэнтры бюджэту»

Па ўзгадненні з Прэзідэнтам у Палату прадстаўнікоў будуць накіраваны праекты законаў «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2027 год», «Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь», «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2027 год».


Якія падыходы закладзены ў рэспубліканскім бюджэце на 2027 год і якія змены ўносяцца ў сістэму падаткаабкладання, расказаў журналістам міністр фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч. Міністр назваў праект рэспубліканскага бюджэту на 2027 год зразумелым, звыклым і кіраваным. Ён рыхтаваўся адначасова з праектам змяненняў у Падатковы кодэкс, асноўнымі паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця і грашова-крэдытнай палітыкі.

«Параметры бюджэту фарміруюцца на падставе якраз мэтавага сцэнарыя развіцця эканомікі на наступны год. Тэмпы росту і работы нашых прадпрыемстваў, у цэлым эканомікі забяспечваюць той падатковы патэнцыял, які мы можам мець у складзе даходаў. Асноўныя падаткі звязаны з вынікамі фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Падатак на дабаўленую вартасць, на прыбытак — практычна 50 % усіх даходаў рэспубліканскага бюджэту», — паведаміў Уладзіслаў Татарыновіч.


Таксама ён звярнуў увагу, што ўлічваўся ў абавязковым парадку не толькі прагноз па тэмпе росту ВУП, але і паказчык інфляцыі. «Наша базавая мера падатковай палітыкі — індэксуем стаўкі падаткаў і асобныя элементы падаткаабкладання, якія ўстаноўлены ў фіксаваных сумах у беларускіх рублях», — дадаў кіраўнік ведамства.

Даходы ў супастаўных умовах павялічацца на 6,3 %, выдаткі — на 6 %. Рост даходаў носіць натуральны характар — ён забяспечваецца развіццём эканомікі і спажывання. Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту не перавысіць 0,5 % да ВУП.

Чалавек нязменна ў цэнтры бюджэту. Сацыяльная накіраванасць захоўваецца: 44 % сродкаў кансалідаванага бюджэту — фактычна кожны другі рубель — пойдуць на сацыяльную сферу. Выдаткі на ахову здароўя вырастуць на 11,3 %, на адукацыю — на 12 %.

Як адзначыў міністр, адзін з прыярытэтаў пяцігодкі — развіццё дарожнай сеткі. Прадугледжаны рост выдаткаў на 11 %, што адаб’ецца на капрамонце рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог. У будаўніцтве жылля захоўваецца адрасная падтрымка шматдзетных сем’яў, дзяцей-сірот і іншых катэгорый грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

«Будзем выконваць абавязацельствы па льготных крэдытах, дзяржаўнай падтрымцы пры паляпшэнні жыллёвых умоў. Каля 1,5 мільярда беларускіх рублёў будзе накіравана на фінансаванне інжынерна-транспартнай інфраструктуры. З улікам прыярытэтаў пяцігодкі, прадметнага абмеркавання на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы акцэнт робім на будаўніцтве арэнднага жылля. Прадугледжваем адпаведнае фінансаванне», — сказаў міністр. 

Таксама ў бюджэце закладзены рэсурс для вырашэння задач развіцця, у тым ліку звязаных з умацаваннем пазіцый айчыннай прадукцыі на знешніх рынках. Па расходах у аснове дакладная ацэнка іх абгрунтаванасці з прыцэлам на спецыфіку асобных галін, відаў дзейнасці. «Мы зыходзім з таго, што на наступны год нашы меры падатковай палітыкі не прадугледжваюць ніякіх кардынальных змен. Стабільнасць падатковай сістэмы — важны фактар стабільнай работы эканомікі і яе далейшага развіцця», — падкрэсліў міністр.

Ён дадаў, што пры фарміраванні праекта бюджэту на 2027 год прааналізаваны ход выканання бюджэту бягучага года. «Адносна раўнамерны рост па даходах і выдатках сведчыць, што няма перакосаў. У планавым парадку ўсе абавязацельствы, у першую чаргу сацыяльнага характару, прыярытэты, якія закладваюцца, павінны і будуць выконвацца», — дадаў Уладзіслаў Татарыновіч. 

  • Прыярытэт — рост дабрабыту грамадзян. Адпаведныя меры закладзены ў праект бюджэту і дазваляюць забяспечыць рост заработнай платы ў бюджэтным сектары ў дынаміцы тэмпаў росту намінальнай налічанай заработнай платы ў цэлым па эканоміцы. «Гэта каля 109 %», — удакладніў міністр. Сярод асноўных мер — павышэнне базавай стаўкі да 325 рублёў.

Таксама працягнецца работа па аптымізацыі штатаў, колькасці працуючых у бюджэтных арганізацыях, каб вызваленыя сродкі заставаліся ў каштарысе бюджэтнай установы і станавіліся дадатковай крыніцай для выплаты надбавак і іншых даплат. Па некаторых катэгорыях работнікаў, у ліку якіх — санітаркі, выхавальнікі, памочнікі выхавальнікаў і іншыя, прадугледжваюцца кропкавыя меры з увядзеннем штомесячных даплат.

Як адзначыў міністр, базавая мера падатковай палітыкі — індэксацыя ставак падаткаў і асобных элементаў падаткаабкладання, якія ўстаноўлены ў фіксаваных сумах у беларускіх рублях. Тут улічваецца тэмп росту індэкса спажывецкіх цэн, намінальнай налічанай заработнай платы, кошту будаўніча-мантажных работ.

У сістэме падаткаабкладання з улікам практыкі прымянення кропкава ўдакладняецца парадак вылічэння і выплаты асобных падаткаў, каб механізм быў выразным, зразумелым і празрыстым. «У прыватнасці, значна спросціцца парадак пацвярджэння нулявой стаўкі па падатку на дабаўленую вартасць пры аказанні экспартных транспартных паслуг. Мы прывяжам яго да таго падыходу, які існуе ў бухгалтарскім уліку. Гэта значыць, не трэба будзе чакаць пацвярджэння ад пакупніка, што ён атрымаў экспартаваны тавар. Інфармацыя будзе адлюстроўвацца ў бухгалтарскім уліку», — дадаў Уладзіслаў Татарыновіч.

Па падаходным падатку, каб камфортней было працаваць і плацельшчыкам, і падатковым органам, унесена прапанова зрушыць тэрміны падачы падатковай дэкларацыі па выніках года на 1 месяц — да 30 красавіка. Цяпер устаноўлены тэрмін — 31 сакавіка. Ссоўваецца і даплата самога падатку — да 1 жніўня. 

Як адзначыў міністр, прымаюцца меры для спрашчэння працэдур падатковага адміністравання. Яны ўсё больш пераводзяцца ў лічбавы фармат.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю