Прэзідэнт коратка папрасіў Андрэя Шведа праінфармаваць аб крымінагеннай сітуацыі ў краіне (кіраўнік дзяржавы рэгулярна атрымлівае гэтую інфармацыю), у цэлым аб выніках работы органаў пракуратуры ў мінулым годзе. Акрамя таго, беларускі лідар пацікавіўся сітуацыяй з карупцыйнымі злачынствамі, меркаваннем пракурорскіх работнікаў аб нядаўняй электаральнай кампанііз пункту гледжання законнасці. Таксама ў Палацы Незалежнасці ішла размова аб тым, ці варта працягваць работу Камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў. Абмяркоўвалася падрыхтоўка да нарады з сілавым блокам.
«Мы падумаем, як нам вынікі падвесці, — удакладніў Прэзідэнт. — Вы падрыхтуеце разам з дзяржсакратаром (Савета бяспекі. — „Зв“.) нараду. Мы абмяркуем яшчэ раз, якія нам трэба вынесці высновы са становішча, якое існуе ў сувязі з гэтымі вынікамі».
«Варта захаваць гэтую камісію»
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што яго цікавяць больш спецыфічныя пытанні, якія датычацца работы пракуратуры. У прыватнасці, дзейнасць Камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў, якую ўзначальвае генеральны пракурор. Прэзідэнт пацікавіўся ў Андрэя Шведа меркаваннем аб рабоце камісіі, яго высновамі, якія ў тым ліку датычацца таго, як рухацца далей.
«Нам варта захаваць гэтую камісію, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Я б хацеў, каб яна працавала. Усё-такі, як бы там не было, гэта дадатковае меркаванне, дадатковы пункт гледжання».
Прэзідэнт пацікавіўся ў генпракурора і сітуацыяй з карупцыйнымі правапарушэннямі. Ён адзначыў, што размоў на гэты конт стала менш. «Але тым не менш сітуацыя не тое што пагоршылася-палепшылася, але выпадкі ў нас яшчэ адбываюцца», — канстатаваў ён. — Аб гэтым мне дакладваюць адпаведныя органы«.
Яшчэ адно пытанне, на якое звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, — нядаўнія прэзідэнцкія выбары. «Дзякуй вялікі людзям, што яны падтрымалі нас», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і пацікавіўся ў генпракурора, ці былі істотныя парушэнні ў ходзе выбараў. «Мы ж павінны гэта рабіць вельмі дэмакратычна. Гэта той час, калі народ усё вырашае, — падкрэсліў ён. — Таму з гэтага пункту гледжання ці былі ў нас пэўныя парушэнні, ці заўважылі пракуроры тое, над чым трэба будзе працаваць?»
«Усё прайшло ў строгай адпаведнасці з законам»
Андрэй Швед ад ўсяго пракурорскага блоку павіншаваў Прэзідэнта з пераканаўчай перамогай на выбарах і запэўніў, што пракуроры былі, ёсць і будуць надзейнымі памочнікамі ў выканні рашэнняў кіраўніка дзяржавы, тых задач, якія ён ставіць у цэлым перад пракуратурай, праваахоўным блокам краіны.
«Па нашых назіраннях, істотных парушэнняў закона падчас выбарчай кампаніі дапушчана не было, — падкрэсліў генпракурор. —Усё прайшло спакойна, годна. Былі невялікія правапарушэнні, якія насілі прыкметы адміністрацыйнага характару, але ў цэлым усё прайшло ў строгай адпаведнасці з законам».
Андрэй Швед праінфармаваў, што ў электаральны перыяд у органы пракуратуры паступіла толькі адна скарга. «Жыхар горада Гомеля паскардзіўся на тое, што са стэнда сарвалі адпаведныя звесткі аб выбаршчках, — удакладніў ён. — Праваахоўнікі адрэагавалі, таму мы лічым, што ў цэлым як ніколі правапарадак і законнасць былі забяспечаны падчас выбарчай кампаніі».
Што датычыцца ў цэлым узроўню злачыннасці, па словах генеральнага пракурора, у мінулым годзе ён знізіўся на 14 % у параўнанні з 2023 годам. «Гэта самы нізкі ўзровень злачыннасці за ўвесь перыяд суверэнітэту нашай краіны, — падкрэсліў ён. — У многім гэта абумоўлена тымі рашэннямі, якія Вы многія гады прымалі па праваахоўным блоку, вашай прынцыповай пазіцыяй. Але разам з тым мы разумеем, што тут для самазаспакаення няма ніякіх прычын, бо ў структуры самой злачыннасці, нягледзячы на тое, што і менш людзей загінула, і менш злачынстваў стала, ёсць тэндэнцыі, якія патрабуюць пастаяннай увагі».
Фота БелТА
У тэму
Андрэй ШВЕД: «Беларусь — адна з самых бяспечных краін на еўразійскім кантыненце»
Як адзначыў у размове з журналістамі генеральны пракурор Андрэй ШВЕД, сярод тэндэнцый, якія патрабуюць пастаяннай увагі праваахоўных органаў, лідзіруе злачыннасць у сферы інтэрнэту — так званыя кібермахлярствы. «Хаця мы пераламалі сітуацыю па шэрагу прычын, разам з тым неабходна яшчэ раз узмацніць работу з насельніцтвам, — удакладніў ён. — Трэба людзям тлумачыць кожны дзень, каб яны не ўступалі ні ў якія размовы, канктакты з незнаёмцамі. Махляры вельмі хутка арыентуюцца, укараняюць у свае злачынныя схемы шматлікія варыянты маніпуляцый са свядомасцю людзей, іх перакананнем. Але заўсёды мэта адна — выманіць грошы».
Па словах Андрэя Шведа, органы пракуратуры непакоіць невялікі, але ўсё-такі рост злачыннасці сярод непаўналетніх. «Хоць менш непаўналетніх прыцягнута да адказнасці, але злачынстваў яны здзейснілі больш, — канкрэтызаваў ён. — Таксама нас непакояць пытанні, звязаныя з бяспекай дзяцей (аб гэтым даложана кіраўніку дзяржавы). У мінулым годзе, у параўнанні з 2023 годам, павялічылася колькасць дзяцей, якія загінулі ад розных знешніх прычын. Гэтым патрэбна сур’ёзным чынам займацца ўсім: і бацькам, і педагогам, і нашаму грамадству трэба ствараць нашым дзецям бяспечнае асяроддзе».
Кажучы ў цэлым аб выніках работы праваахоўнага блоку, усіх дзяржаўных органаў, Андрэй Швед падкрэсліў, што гэта вынік той палітыкі, якую на працягу 30 гадоў праводзіць Прэзідэнт. «Палітыка адна — прынцыповая, бескампрамісная барацьба са злачыннасцю, выкананне даручэнняў, звязаных з супрацьдзеяннем выклікам і пагрозам, і, адпаведна, ахайнасць сярод саміх праваахоўнікаў, шэраг іншых фактараў, — патлумачыў кіраўнік ведамства. — Беларусь — адна з самых бяспечных краін на еўразійскім кантыненце. Гэта не толькі лічбавыя паказчыкі, але ў цэлым тое, што людзі спакойна ходзяць па вуліцы, могуць пакінуць мабільны тэлефон і не клапаціцца аб тым, што яго скрадуць, могуць бяспечна адпраўляць сваіх дзяцей у школу і гэтак далей».
Пры гэтым генпракурор звярнуў увагу на тое, што бяспека чалавека — гэта заўсёды вельмі дарагое задавальненне ў любой дзяржаве. «Але наша краіна ніколі не шкадавала і не будзе шкадаваць сродкаў на тое, каб людзі жылі бяспечна», — падкрэсліў ён.
Праінфармаваў Андрэй Швед кіраўніка дзяржавы і аб тым, як ідзе расследаванне справы аб генацыдзе беларускага народа. «Работа гэтая працягваецца, — сказаў ён. — На жаль, выяўляюцца ўсё новыя і новыя месцы масавага знішчэння людзей. Апытана больш як 18 тысяч чалавек, з іх амаль 9 тысяч — гэта вязні канцлагераў. Мы практычна ўсіх апытваем з прымяненнем відэазапісу, каб нашы дзеці і ўнукі з першых вуснаў пачулі праўду, гэта вельмі важна».
Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы, па словах генпракурора, рэалізуюцца многія іншыя ініцыятывы. «Гэта і ўкараненне ў навучальны працэс звестак, звязаных з генацыдам, гэта і стварэнне дакументальных і іншых праектаў, гэта і ўкараненне ў ідэалагічную работу, гэта змяненне рэпертуару некаторых устаноў, — канкрэтызаваў ён. — Акрамя таго, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны мы завяршаем работу па стварэнні асобнай экспазіцыі, звязанай з генацыдам беларускага народа. Музей наведвае вельмі шмат замежных грамадзян: важна ўжо праз прызму музейнай справы даносіць тыя страшныя звесткі, вынікі нашай работы па раскрыцці злачынстваў фашыстаў».
Нагадаў Андрэй Швед і пра гучныя справы, якія разглядаюцца Вярхоўным судом. Новае заканадасўтва дазваляе завочна судзіць нават памерлых катаў, што мае дастаткова вялікі грамадскі рэзананс. «Выснова сёння адна (яна нязменная, толькі ўзмацняецца): такога страшнага тэрору, такога масавага знішчэння па часе, па маштабе не ведала ні адна краіна свету, як Рэспубліка Беларусь, — акцэнтаваў увагу генпракурор. — Нідзе не было столькі канвеераў смерці, такой бесчалавечнай, жорсткай машыны па знішчэнні ўсяго жывога».
Кажучы аб рабоце Камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў, генпракурор адзначыў, што яе работа будзе працягнута. «На дадзены момант намі разглежана 241 заява так званых збеглых, 19 чалавек ужо вярнуліся ў Рэспубліку Беларусь, — праінфармаваў ён. — Каля 40 асобам дадзены тлумачэнні аб тым, што ў нас няма да іх ніякіх прэтэнзій. Мы ведаем, што частку з іх апрацоўваюць замежныя спецслужбы. Тыя людзі, якія будуць вяртацца, самі няхай расказваюць. Ад іх вы даведаецеся ўсю праўду, як „соладка“ жывецца за мяжой, якія да беларусаў адносіны і якім чынам перашкаджаюць вяртанню нашых грамадзян на сваю Радзіму».