Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў органаў дзяржаўнага кантролю з прафесійным святам. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што забеспячэнне эканамічнай бяспекі краіны, маніторынг сацыяльна-эканамічнага развіцця і эфектыўнага выкарыстання дзяржаўных сродкаў, абарона правоў грамадзян з’яўляюцца непарушнымі прыярытэтамі ў дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю.
«Ваша штодзённая работа — гэта сапраўднае служэнне Радзіме на прынцыпах найвышэйшай самааддачы, аб’ектыўнасці і законнасці, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Задачы, якія стаяць перад ведамствам, патрабуюць прадуманых і ўзважаных дзеянняў, захавання аптымальнага балансу інтарэсаў дзяржавы і гаспадарчых суб’ектаў».
Прэзідэнт упэўнены, што лепшыя традыцыі, закладзеныя ветэранамі, прафесійныя веды і вопыт, укараненне прагрэсіўных тэхналогій, актыўная работа па прафілактыцы эканамічных і карупцыйных злачынстваў і ў далейшым будуць надзейнай гарантыяй вырашэння важных для эканомікі Беларусі пытанняў.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім моцнага здароўя, дабрабыту і невычэрпнай энергіі для дасягнення новых прафесійных вынікаў.