Прэзентацыя кнігі вядомай беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай «Пісьменніцкія вандроўкі» адбылася ў кінатэатры «Піянер» 4 снежня.
Гэта кніга — сапраўдны скарб для аматараў падарожжаў па Беларусі. Яна адкрывае родны край з невядомых і таямнічых бакоў. Дарэчы, гэта выданне можна выкарыстоўваць як даведнік, дзякуючы адзначаным геалакацыям.
Паводле слоў кіраўніка УП «Выдавецтва «Беларусь» Аляксандра Карлюкевіча, па жанры гэта гістарычны краязнаўчы нарыс.
— Цікава, што некаторыя з гэтых матэрыялаў упершыню пабачылі свет са старонак газеты «Звязда». З цягам часу яны зацікавілі наша выдавецтва. І мы, наколькі ў нас хапіла сіл і разумення, усё самае лепшае ўклалі ў гэту кнігі, — адзначыў ён.
Сама пісьменніца падзялілася, што гэта кніга атрымалася, дзякуючы таму, што яна глядзіць на родную краіну вачыма ўлюбёнымі.
— Я шмат падарожнічала і да гэтай кнігі. Але гадоў 5 таму ў нас склалася адмысловая сямейная каманда: зяць, дачка і ўнук. Мы доўгія гады ездзілі штотыдзень па суботах і нядзелях. Зяць любіць рабіць сюрпрызы. Ён да апошняга не гаворыць, куды мы едзем. Пасля наведвання пэўных мясцін у мяне пачынаецца наступная фаза: я пачынаю даследаваць, дзе ж мы былі і што бачылі. Усплываюць неверагодныя факты, якія пасля пераходзяць у мае мастацкія творы.
Па словах пісьменніцы, асаблівая цікавасць праекта ў тым, што ён даступен усім.
— Кожная сям’я можа праехаць па нашых слядах. Галоўнае — каб вельмі хацелася, — заключыла яна.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара