Top.Mail.Ru

Прэзентацыя архіва Міколы Козенкі прайшла ў сталічнай бібліятэцы імя Я. Купалы

Скарбы архіва Міколы Козенкі


Архіўныя матэрыялы — гэта тое, што звязвае мінулае з сучаснасцю і мае каштоўнасць, каб застацца для нашчадкаў у будучыні. Свой багаты архіў вядомы беларускі этнахарэограф і папулярызатар народнага танца, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Козенка збіраў з 1980-х па 2010-я гады. У яго калекцыі этнаграфічныя запісы, якія шырока прадстаўляюць беларускую традыцыйную культуру. Найбольш поўна у гэтым архіве зафіксавана танцавальнае майстэрства нашых продкаў, ёсць у ім і такія віды народнай творчасці, як спевы.



Збіраць, вывучаць, папулярызаваць нашу народную культуру вядомы этнахарэограф і педагог вучыць на прыкладах сваёй даследчай работы — відэа- і гуказапісаў сістэматызаваных дзякуючы валанцёрскай ініцыятыве. 


На ўрачыстае адкрыццё архіва Міколы Козенкі ў бібліятэку сабраліся аматары народнага танца і спеваў не толькі з Мінска, але і з многіх гарадоў і вёсак Беларусі. Яны — яго былыя вучні, калегі па навуковай рабоце, удзельнікі і пераможцы шматлікіх арганізаваных ім фестываляў і конкурсаў. Відэазапісы і аўтарскі каментарый ажывілі ўнікальныя моманты народных свят, абрадаў на Заходнім Палессі. Многія запісы былі зробленыя ў час спецыяльных экспедыцый у глыбінку. Сёння некаторыя сталыя жыхары вёсак Столінскага, Кобрынскага, Бярозаўскага, Івацэвіцкага, Драгічанскага, Іванаўскага, Маларыцкага, Лунінецкага, Пінскага раёнаў маюць магчымасць убачыць сябе ў маладым узросце, а школьнікі даведацца, як іх бабулі і дзядулі танчылі ды спявалі ў юнацтве. Дарэчы, некаторыя відэаролікі дэманструюць узорны тагачасны танцавальны этыкет і манеры запрашэння патанчыць ці паспяваць разам. Аўтар унікальнага архіва паказаў у сваім майстар-класе асобныя адметнасці выканання папулярных танцаў у розных вёсках.


Прэзентацыя архіва Міколы Козенкі ў бібліятэцы імя Я. Купалы, наступнае з’яўленне яго матэрыялаў на папулярных відэаплатформах даюць багатыя магчымасці для аматараў беларускіх традыцыйных танцаў і спеваў, бо найлепшымі настаўнікамі для пераемнікаў традыцыйных каштоўнасцяў з’яўляюцца самі носьбіты традыцый.




Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю