Top.Mail.Ru

Прэм’ера рубрыкі: Услед за Першым. Беларуская РАПСодыя

Больш як 30 гадоў мы жывём у незалежнай суверэннай краіне, якая займае пачэснае месца на міжнароднай арэне. За гэты непрацяглы па гістарычных мерках перыяд Беларусь дасягнула значных поспехаў, прычым у розных сферах. Наш вопыт эканамічнай і іншай дзейнасці пераймаюць за мяжой, а прадукцыя з пазнакай «зроблена ў Беларусі» ўжо даўно стала прыкметай высокай якасці і добрага густу.



Галоўнае, беларускі народ жыве на сваёй зямлі, самастойна забяспечвае сябе па ўсіх кірунках, у міры і дабрабыце клапоціцца аб паўсядзённых патрэбах і будучыні сваіх дзяцей. Усяго гэтага магло б не быць, калі б не мудрыя рашэнні кіраўніка дзяржавы, які павёў за сабой свой народ, ніколі яму не здрадзіўшы.

У рамках новага праекта паспрабуем узнавіць, як прымаліся найважнейшыя рашэнні, якія — а гэта ўжо паказаў час — сталі лёсавызначальнымі для нашай краіны. Услед за Першым пабываем там, дзе на самым высокім узроўні гучалі задачы і даручэнні, пагутарым з людзьмі, якія былі і з’яўляюцца непасрэднымі сведкамі і рэалізатарамі тых ці іншых ініцыятыў, пагартаем падшыўку «Звязды», якая ўсё гэта задакументавала ў сваіх публікацыях.

Бязмежныя жоўтыя палі, якія пахнуць мёдам, з’яўляюцца адным з сімвалаў Беларусі. Вясновая фотасесія на фоне рапсавага поля — гэта ўжо трэнд, а рапсавы алей у прадуктовым кошыку — знак добрага густу. Культура, якая яшчэ 30 гадоў таму лічылася другасортнай і нявартай увагі, сёння поўнасцю закрывае ўнутраную патрэбу краіны ў алеі, мае высокі экспартны патэнцыял. Прыбытак, які Беларусь атрымлівае ад продажу рапсавага алею, дае права называць гэту масленічную культуру «чорным золатам». Складана знайсці раўназначны прадукт і па карысці: па колькасці амінакіслот, іншых мікраэлементаў рапсавы алей пераўзыходзіць аліўкавы. Пры гэтым ён даступны кожнаму беларусу.

Усяго гэтага магло б не быць, калі б не своечасовая і вельмі пільная ўвага да масленічнай культуры кіраўніка дзяржавы. Зрабіўшы ў сярэдзіне 1990-х стаўку на рапс, Прэзідэнт забяспечыў Беларусь стратэгічным прадуктам, які, акрамя іншага, павышае паказчыкі ў жывёлагадоўлі, выкарыстоўваецца ў многіх сферах эканомікі і, галоўнае, паляпшае здароўе людзей.

Як прымаліся самыя першыя рашэнні па рапсе, чаму гэта не самая простая ў апрацоўцы культура, што стаіць за высокімі ўраджаямі і вялікай запатрабаванасцю на знешніх рынках, чаму рапсавы алей павінен спажываць кожны беларус, расказваюць людзі, якія з’яўляюцца непасрэднымі сведкамі станаўлення і развіцця гэтага кірунку раслінаводства, якія разам з Прэзідэнтам рабілі і робяць усё для таго, каб беларуская РАПСодыя працягвалася выключна на пазітыўнай ноце.

«Звязда» пісала...

Тое, што ўвага беларускага лідара да рапсу заўсёды была асаблівай, сведчаць і публікацыі, змешчаныя ў «Звяздзе» ў розныя гады. Што ні пасяўная або ўборачная — Прэзідэнт на палетках: кантралюе, ацэньвае, раіцца, робіць высновы. Не абыходзіцца без даручэнняў, якія, як паказвае час, толькі на карысць росквіту краіны і на паляпшэнне дабрабыту беларускага народа.

У прыватнасці, наведваючы ААТ «Белавежскі» Камянецкага раёна ў жніўні 2015 года, Прэзідэнт даручыў выпрацаваць стратэгію апрацоўкі рапсу, якая будзе прадугледжваць, што займацца вырошчваннем гэтай культуры павінны тыя гаспадаркі, дзе гэта найбольш выгадна.

«Вялікае значэнне мае таксама дакладнае выкананне тэхналогій, — звяртаў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Калі няма тэхналогіі — гэта злачынства. Злачынца той, хто закопвае збожжа ў зямлю і ходзіць, глядзіць, чакае ўраджаю. Гэта злачынства, нельга гэтага дапусціць».

Падчас рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць у жніўні 2009 года кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з вытворчым працэсам на прадпрыемстве «Гродна Біяпрадукт», якое спецыялізуецца на перапрацоўцы насення рапсу. У той дзень кіраўнік дзяржавы выказаў жаданне пакаштаваць ежу, прыгатаваную на рапсавым алеі.

Сваімі ўражаннямі на наступны дзень Аляксандр Лукашэнка падзяліўся з журналістамі: «Я папрасіў учора повара, каб мне на рапсавым алеі прыгатавалі ўсё, нават тое, што я на вячэру не ўжываю. Усе пакаштавалі, не толькі я адзін. Цудоўна! Гэта нармальны прадукт для нас, але галоўнае, што ён не змяшчае шкодных рэчываў. Раю і вам пакаштаваць».

Вырошчванне рапсу з’яўлялася і адной з тэм рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў Шклоўскі раён у чэрвені 2022 года. Азнаёміўшыся з пасевамі сучасных сартоў гэтай культуры на эксперыментальных палях, якія ў народзе называюць прэзідэнцкімі (тут аграрыі праводзяць важныя экперыменты, у выніку найлепшы вопыт распаўсюджваецца на ўсю краіну), Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз падкрэсліў, што стаўку трэба рабіць на азімы ячмень і рапс.

«Рапс — гэта грошы для сялян, — канстатаваў беларускі лідар. — Сёння нават у перыяд гэтых шалёных санкцый Еўропа просіць: „Дайце рапсавы алей!“ Трэба выходзіць на мільён тон ураджаю. Мы ўжо сёння больш за 700 тысяч маем. Нават з гэтымі пасяўнымі плошчамі, што ў нас ёсць, калі так тэхналагічна гаспадарыць, мы будзем мець мільён».
Звярнуўшы ўвагу, што на палетках зроблена ўсё дакладна па тэхналогіі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дакладнае захаванне тэхналогіі дае высокі вынік. «Трэба даць штуршок гэтай вялікай справе, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Паверце, гэта рэвалюцыя будзе на вёсцы. Калі ў галадуху (а голад будзе ў свеце, нават я ўжо ў гэта веру, нягледзячы на балбатню палітыкаў)... Калі мы забяспечым харчовую бяспеку... Мы яе ўжо забяспечылі».

Наведваючы ў жніўні 2022 года Пружанскі раён, Аляксандр Лукашэнка пабываў у адной з найлепшых гаспадарак Брэстчыны — ААТ «Жураўлінае». Сельгаспрадпрыемства ў тым ліку спецыялізуецца на апрацоўцы рапсу. На адным з палёў гаспадаркі Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналогіяй вырошчвання рапсу, тэхнікай, неабходнай для апрацоўкі гэтай культуры. Акрамя таго, кіраўніку дзяржавы прадставілі выстаўку насення сартоў і гібрыдаў рапсу, прадукцыю, вырабленую на суседнім прадпрыемстве «Аграпрадукт».

З гэтай нагоды «Звязда» пісала: «Чарговы раз кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на рапс і спытаў у вопытных аграрыяў, ці не памыліліся мы з гэтай культурай, актыўна высаджваючы яе на айчынных палетках. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка (цяпер займае пасаду профільнага віцэ-прэм’ера. — „Зв.“) пацвярджае: прынятае ў свой час рашэнне прыносіць добры плён. Ураджайнасць рапсу высокая, прадукцыя, зробленая з яго, славіцца сваёй першакласнай якасцю. Гэта беларускі лідар пацвердзіў асабіста, пакаштаваўшы рапсавы алей, які ствараецца на тэрыторыі рэгіёна. Аб якасці алею сведчыць і вялікі попыт на яго як сярод беларусаў, так і за межамі краіны».

Сёння мы ведаем, што рапсавы алей — абавязковы прадукт у рацыёне беларускага лідара. Аб карысных уласцівасцях рапсавага алею Прэзідэнт пасля скажа неаднойчы. Напрыклад, падчас наведвання ў жніўні 2025 года ААТ «Азярыцкі-Агра», дзе ён публічна ацэніць смак вырабленага з гэтай культуры алею і нават пачастуе ім журналістаў свайго пула.

«Вельмі карысны прадукт. Сланечнікавы алей — не тое. Увогуле, я прыхільнік таго, каб харчавацца тым, што ў цябе расце. Вельмі добрая штука. Хочаш быць здаровым — трэба выкарыстоўваць гэты алей», — падкрэсліў тады беларускі лідар, параіўшы прыгледзецца да гэтага прадукту тым, хто пакуль яшчэ яго не выкарыстоўвае ў сваім рацыёне.

Кіраўнік дзяржавы даў добрую ацэнку рапсу, вырашчанаму на палетках ААТ «Азярыцкі-Агра», адзначыўшы, што лепшы бачыў толькі ў асобных гаспадарках на Гродзеншчыне. «Таму рапсу — быць! — канстатаваў беларускі лідар. — Мы ўжо памацалі, а ў сельскай гаспадарцы наскокам не возьмеш. Мы паступова прыйшлі да таго, што нам трэба мільён тон мінімум рапсу пасля дапрацоўкі. Тэхналогію трэба жорстка выконваць».

Кампетэнтна

Міхаіл РУСЫ: 
«Ні разу не памыліліся. Ні аднаго разу! Па ўсіх кірунках — усё ў кропку» 

Як не вартая ўвагі культура стала высоказапатрабаваным і эканамічна выгадным прадуктам

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл РУСЫ не па чутках ведае, як прымаліся ключавыя рашэнні па многіх кірунках эканамічнай дзейнасці. З 2012 па 2019 гг. ён займаў пасаду віцэ-прэм’ера, курыраваў АПК. Сёння, будучы ўпаўнаважаным прадстаўніком кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці, Міхаіл Русы асабіста кантралюе, ці выконваюцца даручэнні беларускага лідара, падказвае, як дасягнуць высокіх ураджаяў.

«Калі Беларусь набыла самастойнасць, паўстала пытанне: як закрыць харчовую і іншую патрэбу ў алеі? — згадвае Міхаіл Русы. — На першым Усебеларускім народным сходзе кіраўнік дзяржавы агучыў тры асноўныя кірункі развіцця краіны: жыллё, экспарт і харчаванне. Прэзідэнтам была пастаўлена жорсткая задача — вырабіць у сябе тавары, якія трапляюць да нас у рамках крытычнага імпарту. На чале гэтага працэсу стала забеспячэнне сябе масленічнымі культурамі. Алей, які мы не выраблялі, знаходзіўся на ўзроўні бананаў. Гэта і быў тавар крытычнага імпарту».

Чаму выбралі рапс? Усё проста: гэта масленічная культура лепш, чым якая-небудзь іншая, падыходзіла да кліматычных умоў Беларусі. Аднак па першым часе культура лічылася не вартай увагі, бо людзі прызвычаіліся да сланечнікавага алею.

«У 1995 годзе рапсам было засеяна ўсяго 48 тысяч гектараў (ураджайнасць была да 9 ц/га), — расказвае сенатар. — А ў 2000 годзе ў Беларусі ўпершыню пасеялі 100 тысяч гектараў рапсу. Праз дзесяць гадоў неверагоднай прыгажосці палеткі жоўтага колеру займалі 325 тысяч гектараў. Пачынаючы з 2012 года мы стабільна выйшлі на плошчу пасеву гэтай культуры: 440–450 тысяч гектараў».

На пачатку рапсавай эпохі ў нашай краіне не ўсе сельгаспрадпрыемствы пагаджаліся на свайго роду эксперыменты. «Лічылі, што лепш пасеяць трыцікале (якраз ураджайнасць гэтай культуры пачала перавышаць 40 ц/га), — заўважае парламентарый. — Тыя, хто пачаў апрацоўваць на сваіх палетках рапс, думалі: хоць на дарозе яго пасей — вырасце. Не. Гэта культура патрабуе высокага тэхналагічнага ўнёску, найвышэйшай ступені адказнасці і падыходу. За кароткі перыяд пад жорсткім кантролем Прэзідэнта рапс пачаў заваёўваць усё новыя плошчы. Калі ўбачылі, што культура дае магчымасць як мінімум выплачваць трэцюю частку заробкаў, адносіны да яе пачалі мяняцца».

Міхаіл Русы расказвае, што ў кіраўніка дзяржавы ёсць такая рыса: калі ён прыняў рашэнне — гэтак і будзе. «Гэты працэс выглядае прыкладна так: ідэя, паўза, мазгавы штурм, — адзначае ён. — Кожны выезд  беларускага лідара, прысвечаны канкрэтнай праблематыцы, — усенародная абкатка пытання. І калі рашэнне прынята — усе за работу. І ні разу не памыліліся. Ні аднаго разу! Па ўсіх кірунках — усё ў кропку. У гэтым роля кіраўніка дзяржавы. Я ўдзячны лёсу, што Беларусі пашанцавала з тым, што Аляксандр Лукашэнка ведае сяло, як сам сябе».

Рапс — унікальная культура, якая валодае шырокім спектрам элементаў, неабходных для розных галін эканомікі. Рапсавы алей выкарыстоўваецца ў вытворчасці маргарыну, маянэзу, у вырабе камбікармоў, у кандытарскай галіне. Не абыходзіцца без яго і ў парфумерыі, фармацэўтыцы. Рапсавы алей уваходзіць і ў склад біядызелю.

«Акрамя таго, з рапсу ў дастатковай колькасці мы атрымліваем бялок, якім забяспечваюцца нашы малочныя статкі, што ў выніку дае нам добрыя надоі малака, прывагі мяса, — дадае сенатар. — З рапсу мы атрымліваем 50 % алею, у шротах, які застаецца, — 27 % бялку. Калі ўзяць вельмі добры ячмень, то ў ім да 16 % бялку».

«Экспартны патэнцыял рапсавага алею як мінімум 200 тысяч тон, — адзначае парламентарый. — Попыт на алей, выраблены ў Беларусі, вельмі высокі. Як гэта ні дзіўна цяпер гучыць, асноўныя спажыўцы нашага алею — прыбалты».

У Беларусі створана суперсучасная перапрацоўка алейнага насення рапсу. «Калі мы пачыналі, было ўсяго некалькі прадпрыемстваў, у асноўным гэтым займаўся Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод, — згадвае сенатар. — Сёння ў краіне — звыш 70 перапрацоўчых прадпрыемстваў».

Па яго словах, сёлета пасевы азімага рапсу як ніколі добра падрыхтаваны да зімы. «Ёсць усе шанцы атрымаць у наступным годзе 1,1-1,2 мільёна тон рапсу, — канстатуе сенатар. — На рапсе гаспадаркі зарабляюць вялікія грошы, таму своечасова прынятае кіраўніком дзяржавы рашэнне дазволіла закрыць імпартны складнік па рапсе, забяспечыла высокі экспартны патэнцыял».


Ядвіга ПІЛЮК: 
«Найлепшыя фірмы свету сапернічаюць з Беларуссю ў селекцыі рапсу»

У чым сакрэт высокіх ураджаяў?

Загадчык аддзела масленічных культур Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Ядвіга ПІЛЮК працуе ў аддзеле масленічных культур цэнтра з першага дня яго работы: амаль 40 гадоў Ядвіга Эдвардаўна з калегамі стварае высокапрадукцыйныя і ўстойлівыя для нашых кліматычных умоў сарты.

Толькі на размнажэнне на палетках цэнтра сёлета пасеяна 160 гектараў азімага рапсу. У 1986 годзе, калі быў створаны аддзел масленічных культур, аб гэтым нават не маглі марыць. «Не было ні тэхналогіі, ні селекцыі — пачыналі практычна з нуля, — успамінае той перыяд Ядвіга Пілюк. — Былі заключаны дагаворы з краінамі СНД, са Швецыяй супрацоўнічалі па яравым рапсе. Мы зразумелі, што, каб добра жыць, аднаго рапсу нам не хапае. Пачалі азімы з яравым скрыжоўваць і наадварот... На стварэнне стабільна зімавальных сартоў рапсу нам спатрэбілася амаль 20 гадоў».

Аднак усяго гэтага магло не быць, калі б не падтрымка дзяржавы. «У 2000 годзе, калі Аляксандр Рыгоравіч наведваў наш інстытут, рапс яшчэ быў не на слыху, — расказвае загадчык аддзела. — Мне і маім калегам размеркавалі выступленні: кожны павінен быў прадставіць сваю культуру. Супрацоўнікі, якія дакладвалі па збожжавых, так загаварылі Прэзідэнта, што, калі дайшоў ход да мяне, ужо і часу не заставалася. Так і кажу кіраўніку дзяржавы, які да мяне падышоў, што за тры хвіліны не змагу ўсё расказаць. У выніку мы тады прагаварылі хвілін сорак. Убачыўшы наш рапс, Аляксандр Рыгоравіч паверыў у нас».

Ядвіга Эдвардаўна падкрэслівае: ніхто, акрамя кіраўніка дзяржавы, не мог прыняць рашэнне пасеяць рапс на сотню тысяч гектараў. Час паказаў — яно сябе апраўдала.

Галоўнае ў апрацоўцы рапсу — тэхналогія. Гэтаму пытанню супрацоўнікі цэнтра прысвяцілі не адзін год. Метадам спроб і памылак яны прыйшлі да высноў, што гэта масленічная культура патрабуе раўнамерных усходаў, правільнага ўнясення ўгнаенняў, строгага выканання тэрмінаў сяўбы і ўборкі. Важна прытрымлівацца і правіла севазвароту: на адно і тое ж поле рапс можа вяртацца кожныя тры-чатыры гады. У адрозненне ад іншых культур, ён вельмі адчувальны да ўмоў надвор’я. Навукоўцам даводзіцца прыкладаць нямала намаганняў, каб адабраць найбольш зімоваўстойлівыя сарты.

Найлепшыя фірмы свету сапернічаюць з Беларуссю ў селекцыі рапсу. Хоць гэта вельмі карпатлівы, энергазатратны і нятанны працэс. Аднак менавіта дзякуючы ўласным сартам і гібрыдам рапс прыўносіць істотную прывагу ў агульны каравай краіны. Каб ураджаі былі яшчэ большыя, супрацоўнікі цэнтра не спыняюцца ў сваім імкненні знайсці найлепшыя сарты. На цяперашні момант 43 % селекцыі займаюць нашы сарты, 57 % — гібрыды. Толькі за апошнія тры гады створана 7 сартоў азімага рапсу і 4 — яравога. Усяго за апошняе дзесяцігоддзе раяніравана 30 сартоў: 17 азімага і 13 яравога рапсу.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, узмоцнена работа з гібрыдамі. Аўтарскае насенняводства займае 60 % у селекцыйным працэсе азімага рапсу і 50 % — яравога. Гібрыды, створаныя беларускімі селекцыянерамі, добра адчуваюць сябе як на айчынных палетках, так і за мяжой — аб гэтым сведчаць пастаянныя замежныя пакупнікі, якія аддаюць перавагу нашаму рапсу.

Беларускія селекцыянеры падстрахавалі сябе з усіх бакоў. У выпадку жорсткіх умоў надвор’я азімы рапс можна перасеяць яравым — у выніку, калі будуць прыкладзены намаганні, ураджайнасць будзе супастаўная. Аднак апошнім часам такіх гадоў, каб рапс масава не перазімаваў, не бывае. «Мы навучыліся працаваць, і цяпер перазімоўка нашых сартоў на Гродзеншчыне, Брэстчыне блізкая да 100 %, пад 90 % — у Мінскай вобласці, — удакладняе загадчык аддзела. — Сёлета нават ва ўсходніх раёнах мы атрымалі звыш 300 тысяч тон рапсу. Гэта немалы ўнёсак. Прычым культура не займае вялікія плошчы: 400 тысяч гектараў — азімы рапс, 40 тысяч гектараў — яравы».

Беларусь займае 5-е месца ў свеце па экспарце рапсавага алею. «Не дарэмна Аляксандрам Рыгоравічам была зроблена стаўка на гэту культуру, — лічыць Ядвіга Пілюк. — Ён убачыў патэнцыял рапсу. Памятаю, як падчас адной з сустрэч кіраўнік дзяржавы задаў мне пытанне: „Засыпалі краіну рапсам?“ А я адказваю: „Няўжо „чорным золатам“ можна засыпаць краіну?“ Дзякуючы ўвазе Прэзідэнта рапс стаў у адзін ранг са збожжавымі культурамі».
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю