Top.Mail.Ru

Прэм’ера нацыянальнага фільма пра Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь адкрыла новыя грані айчыннага кінематографа

Ад віртуальнага «кахання» да вывучэння закона — адзін клік

Студыя «Летапіс» нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» па-сапраўднаму прыемна здзівіла нестандартным падыходам да раскрыцця такой сур’ёзнай тэмы, як правільная трактаванне Асноўнага Закона краіны. 

Сюжэт карціны «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь» (яе хронаметраж 28 хвілін) інтрыгуе: студэнт Макс хоча зарабіць грошы пры дапамозе камп’ютарнай гульні, але трапляе ў кіберсвет, дзе знаёміцца з прыгажуняй Алінай, з якой у яго ўзнікае віртуальнае каханне, дзяўчына прапануе зрабіць пэўныя злачынныя рэчы, і тады яны возьмуць віртуальны шлюб у імя вольнай інтэрнэт-дзяржавы. Але насамрэч усё яшчэ цікавей. А чым завершыцца супрацьстаянне чалавека і нейрасеткі, зможа даведацца кожны, хто адправіцца ў кінатэатр гэтымі днямі. 

Ужо зразумела: гэты фільм — прыклад раскрыцця сур’ёзнай тэмы пры дапамозе сучасных тэхналогій і інтэрактыўнага адукацыйнага фармату. 

— Першапачаткова фільм задумваўся як дакументальны. Але падчас работы стала зразумела: трэба стварыць такі сюжэт, каб захапіць сучаснага гледача, на каго і разлічана гэтая карціна (12+), — тлумачыць рэжысёр Яўген ШЛЕМЯНКОЎ. — Мы сумясцілі, можна сказаць, несумяшчальнае — і ігравое, і дакументальнае кіно, але па сутнасці гэтыя дакументальныя кавалачкі таксама з’яўляюцца ігравымі. Міністр культуры Руслан Чарнецкі браў самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы фільма, вельмі хваліў ігру акцёраў, падтрымліваў нашу задуму. Магчыма, таму што мы настолькі стараліся стварыць кіно для моладзі, атрымаўся арыгінальны фільм пра практычнае выкарыстанне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. 

Галоўны пасыл стужкі — як сёння можна няправільна інтэрпрэтаваць Асноўны Закон краіны і як не пераблытаць свае канстытуцыйныя правы з усёдазволенасцю. Здымачная група прызналася: самым складаным было не перайсці мяжу, бо тэма насамрэч вельмі няпростая і актуальная. Жанр карціны рэжысёр Яўген Шлемянкоў вызначыў так — маладзёжнае інтэлектуальнае кіно ці фільм-папярэджанне. 

Сцэнарыст Сяргей ГРОШ звярнуў увагу на тое, што можна было пайсці класічным шляхам: распавесці пра гісторыю Канстытуцыі, пусціць закадравы тэкст, разбіраць сэнс канкрэтных артыкулаў з рознымі экспертамі... Але ў гэтым выпадку атрымалася б кіно не для маладзёжнай аўдыторыі.


— Мы стваралі фільм для тых, хто вось-вось пойдзе галасаваць, таму было важна расказаць моладзі пра практычнае прымяненне Асноўнага Закона, патлумачыць на мове падлеткаў, як працуе Канстытуцыя. І мы зрабілі гэта смела, арыгінальна і цікава. Рэжысёр Яўген Шлемянкоў стаў, можна сказаць, эксперыментатарам у беларускім кіно. Гэта была менавіта яго ідэя — увасобіць сюжэт пра кібербяспеку. Так і з’явілася гісторыя пра маладога чалавека, у якога яшчэ вецер у галаве, таму ён лёгка трапляе ў пастку кібермахляроў. Я адразу зразумеў: павінна быць менавіта ігравая форма, а не дакументальная. Сэнс фільма ў тым, як важна правільна разумець свае правы і абавязкі: інакш можна інтэрпрэтаваць артыкулы Канстытуцыі па-свойму. Спадзяюся, у нас атрымалася данесці важныя сэнсы моладзі.

Для акцёра Дзмітрыя СТАСЮКА роля Максіма стала першай галоўнай у кіно (ён толькі скончыў БДАМ). 

— Мяне вельмі зачапіў сцэнарый: я сам заядлы камп’ютаршчык, шмат часу сядзеў у інтэрнэце, таму вобраз Макса мне з аднаго боку блізкі, а з іншага — я па жыцці больш разважлівы, таму заўсёды думаю перад тым, як нешта зрабіць. Лічу гэты фільм наватарскім для айчыннага кіно і актуальным, прычым не толькі для моладзі, але і для людзей больш сталага ўзросту, бо колькі чалавек, калі паглядзець навіны, трапляецца на вуду самых розных махляроў, таму вельмі раю ўсім схадзіць на гэту стужку ў кінатэатр. 


Акцёр прызнаўся, што насамрэч гэта не такая простая работа, бо былі складаныя сцэны, дзе ён уваходзіць у віртуальны свет, дзе важна разумець, як там сябе паводзіць. А дзеля гэтага патрэбна было праявіць фантазію і ўсе свае акцёрскія здольнасці.

Выканаўца ролі віртуальнай прыгажуні Аліны Паліна ДАВЫДАВА прызналася, што гэты фільм дапамог лепш ведаць Асноўны Закон краіны і падзялілася сваімі ўражаннямі ад здымак:

— Мне было вельмі цікава ўвасобіць ролю штучнага інтэлекту, бо гэта цяпер актуальна. Канешне, было складана, бо я яшчэ толькі вучуся на актрысу (на 3 курсе БДАМ) і, да таго ж, не настолькі паглыблена ў віртуальны свет, а тэрміналогія ў фільме дастаткова спецыфічная. Мне сапраўды давялося добра папрацаваць над вымаўленнем розных тэрмінаў з кіберпрасторы. Гэта быў вельмі цікавы досвед! Спадзяюся, наш фільм спадабаецца гледачам, бо, на маю думку, ён сапраўды сучасны.

Сярод першых гледачоў у мінскім кінатэатры «Піянер» было сапраўды шмат моладзі. Падчас паказу яны і смяяліся, і спачувалі хлопцу, які паддаўся маніпуляцыям кібермахляроў. А значыць, з сюжэтам сапраўды ўгадалі, бо ён аказаўся зразумелым аўдыторыі, на якую і разлічана кіно. Таму відавочна: тыя сэнсы, якія так важна данесці моладзі, дойдуць да яе свядомасці — хочацца верыць. 

Фільм завяршаецца важным пасылам: варта ведаць не толькі свае правы, але і свае абавязкі, закон суровы, але гэта закон. 

Ірына ПРЫМАК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю