У сталічным кінатэатры «Піянер» сёмага мая прайшоў прэм’ерны паказ кінакарціны, знятай Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм». Фільм завяршае трылогію аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь, створаную ў 2025 і 2026 гадах. Асаблівасцю ўсіх гэтых карцін з’яўляецца падрабязны аповед пра гісторыю стварэння і значэнне нашых дзяржаўных сімвалаў.
Дзеянне фільма пачынаецца на занятках музычнага калектыву. Аповед пра асаблівасці выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь выклікае ў адной з удзельніц — Соні — жаданне даведацца больш пра музычны сімвал нашай дзяржавы.
Шукаючы цікавыя факты, Соня сустракае Захавальніка гімна, які расказвае ёй пра гісторыю гімна нашай краіны — ад «Інтэрнацыяналу», які гучаў у першыя гады існавання БССР, да сучаснай версіі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, выбранай народам і зацверджанай кіраўніком дзяржавы ў 2002 годзе.
У якасці экспертаў у фільме выступаюць вядомыя беларускія дзеячы мастацтва — старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч, дырыжор Аляксандр Фёдараў і іншыя, выкарыстоўваюцца рэдкія дакументальныя кадры і архіўныя матэрыялы, прысвечаныя аўтарам Дзяржаўнага гімна БССР і Рэспублікі Беларусь.
Рэжысёр фільма Ксенія Стрэльчанка адзначыла, што фільмам хацелася парадніць гледача з гісторыяй гімна.
— Каб ён перастаў быць фармальнасцю, — удакладніла яна. — Калі спытаць у дзяцей, што яны ведаюць пра гімн, часта — нічога, акрамя таго, што гэта народная песня. Яны не ведаюць, што ляжала ў яе аснове. Мы хацелі парадніць гледача з гісторыяй гімна, таму што калі мы нешта асабістае даведваемся, мы пачынаем да гэтага па-іншаму ставіцца, у нас складваецца пэўнае ўражанне.
У фільмы здымалася ўладальнік гран-пры XXIII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Амалія Сухан. Дзяўчынка расказала, што гэтай стужкай удалося расказаць усе дэталі стварэння гімна.
— Для мяне было здзіўленнем даведацца, чаму мы ўсе ўстаём, калі іграюць гэтыя ўрачыстыя акорды, — адзначыла юная актрыса. — Усім гледачам, я думаю, будзе цікава пачуць нешта новае пра наш гімн. У стварэнні фільма прымалі ўдзел эксперты, якія дэталёва пра ўсё расказалі.
Дэбютавала ў кіно мастацкі кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага тэатра эстраднай песні «Сябрынка» Палаца культуры Мінскага аўтамабільнага завода Таццяна Трухан.
— Для мяне прымаць удзел у здымках было вельмі хвалююча і ўрачыста, — падзялілася меркаваннем жанчына. — Даведалася некалькі цікавых фактаў пры падрыхтоўцы ролі. Напрыклад, пра тое, наколькі важна для спартсменаў на міжнародных спаборніцтвах, каб пры атрыманні прызавога месца гучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. З вялікім гонарам стаўлюся і да самога фільма, што атрымаўся, і да здымачнага працэсу.
Акцёр НАДТ імя Максіма Горкага Кірыл Нікіцін, які выканаў ролю Захавальніка гімна, прызнаўся, што сам у працэсе здымак даведаўся шмат новых фактаў аб адным з дзяржаўных сімвалаў.
— Гледачу варта звярнуць увагу на ўсё, — заклікаў акцёр. — І на вельмі працаёмкі працэс напісання музыкі, і на падбор слоў, і многія іншыя аспекты. Такія фільмы, на мой погляд, вельмі важна ствараць. Іх будзе цікава паглядзець кожнаму жыхару нашай краіны.
Сёння прэм’ерныя паказы стужкі «Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь» стартавалі па ўсёй краіне. Асабліва сімвалічна, што менавіта напярэдадні Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, які краіна адзначыць у другую нядзелю мая.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота з адкрытых крыніц